Оздоровление детей: путёвки и дотации
Лета напоўніцу ўступіла ў свае правы. Нягледзячы на перапетыі надвор’я, гэта пара года была і застаецца самай любімай сярод дзятвы, бо яна супадае з самымі доўгімі канікуламі. Лета – цудоўны перыяд для якаснага адпачынку і аздараўлення. Пра пуцёўкі і датацыі расказвае вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Марына Абірала.
– Нагадайце, Марына Мар’янаўна, дзе і калі можна аздаравіць дзіця.
– Права дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне забяспечваецца санаторна-курортнымі, аздараўленчымі арганізацыямі. Таксама аздараўленне ў канікулярны перыяд ажыццяўляецца ў выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах, у адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах.
Адпачынак у лагерах з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту арганізуецца ў перыяд канікул, у санаторыях і адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах – круглы год. У Беларусі функцыянуюць розныя віды лагераў: дзённыя, палатачныя, стацыянарныя. У лагер можна адправіць дзіця ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У санаторый – з 3 да 18 гадоў.
– Як атрымаць пуцёўку ў лагер з патанненнем, калі частка кошту пуцёўкі кампенсуецца дзяржавай?
– Памеры патаннення па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў устанаўліваюцца штогод перад пачаткам аздараўленчай кампаніі загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
Права на патанненыя (за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту) пуцёўкі маюць:
— у выхаваўча-аздараўленчы лагер – дзеці, якія асвойваюць змест адной з адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі або адной з адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі і не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў да аздараўлення;
— палатачны выхаваўча-аздараўленчы лагер – дзеці, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў да аздараўлення і асвойваюць змест адной з адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, непаўналетнія, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа;
— лагер працы і адпачынку – дзеці ва ўзросце ад 14 гадоў, прызнаныя прыгоднымі да працы або выканання пэўных відаў работ, якія ажыццяўляюцца ў перыяд знаходжання ў лагеры;
— спартыўна-аздараўленчы лагер – дзеці-спартсмены.
Бацькоўская плата за пуцёўку, кошт якой патанняецца з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, складзе:
— у стацыянарныя лагеры – не менш за 10 % ад поўнага кошту пуцёўкі;
— у лагеры з дзённым знаходжаннем і палатачныя – не менш за 5 % ад поўнага кошту.
– Хто можа адпачыць бясплатна ў стацыянарным выхаваўча-аздараўленчым лагеры?
– Атрымаць бясплатную пуцёўку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на тэрмін не меншы за 15 дзён маюць права:
— дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў;
— дзеці-інваліды;
— дзеці, якія пражываюць (вучацца) на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання;
— дзеці асоб, якія загінулі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы або службовых абавязкаў;
— дзеці інвалідаў вайны.
Звярніце ўвагу, што ўказаным дзецям дадуць бясплатную пуцёўку ў тым выпадку, калі яны ў бягучым каляндарным годзе не забяспечваліся ёю на санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне тэрмінам на 15 і больш дзён.
– Якія дакументы трэба прадставіць для атрымання пуцёўкі ў санаторый?
– Спіс просты:
— заява ў адвольнай форме з прозвішчам, імем і імем па бацьку дзіцяці, датай яго нараджэння, назвай санаторыя, пажаданнямі (калі ёсць). Варта ўлічваць, што пуцёўка выдзяляецца ў санаторый па профілі захворвання, указаным у графе “Рэкамендацыі” медыцынскай даведкі;
— медыцынская даведка аб стане здароўя дзіцяці;
— копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці (для дзяцей усіх катэгорый);
— копія пасведчання інваліда (для дзяцей-інвалідаў).
Для атрымання пуцёўкі ў лагер, кошт якой патанняецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, неабходна заключыць дагавор з арганізатарам лагера (упаўнаважанай асобай).
– Колькі разоў у год дзіця можа адпачыць?
– Пуцёўка ў санаторый можа быць выдзелена не больш за адзін раз у каляндарным годзе.
Аднак у гэты перыяд права на атрыманне пуцёўкі, кошт якой патанняецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, можа быць рэалізавана і паўторна: у стацыянарны лагер – дзецьмі са шматдзетных, няпоўных сем’яў, дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецьмі-інвалідамі, дзецьмі-спартсменамі, дзецьмі непрацуючых пенсіянераў; у палатачны выхаваўча-аздараўленчы лагер ваенна-патрыятычнага профілю – дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, непаўналетнімі, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
У заключэнне нашай размовы падкрэслю, што клопат пра здароўе дзяцей – гэта адна з галоўных задач бацькоў. Дзяржава ў сваю чаргу стварае ўсе неабходныя ўмовы для дзіцячага аздараўлення.
Куды звяртацца па пуцёўку?
Поўную інфармацыю аб ільготах і тэрмінах атрымання пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне можна атрымаць у вядучага спецыяліста прадстаўніцтва па адрасе: г. Докшыцы, вул. Ленінская, 31, каб. 204 (памяшканне райвыканкама), тэлефон: 3-26-41. Час работы: панядзелак – пятніца з 9 да 13 гадзін.
Інфармацыю аб выхаваўча-аздараўленчых лагерах Докшыцкага раёна можна атрымаць на сайце аддзела па адукацыі райвыканкама https://dokshitsy.edu.by/ або па нумары тэлефона 5-90-12.
Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

