Ситцевое платье от партизан. Мария Батура из деревни Волча участвовала в подрыве моста
Рэдакцыя працягвае ваенны летапіс раёна ў новым праекце “Вайна. Перамога. Памяць”. Ён накіраваны на ўшанаванне подзвігу нашых землякоў у час Вялікай Айчыннай вайны і захаванне памяці аб загінулых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Докшыцкі раён быў цалкам захоплены фашыстамі. Больш за 3,5 тысячы мясцовых жыхароў ваявала ў радах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах. На тэрыторыі раёна дзейнічалі 9 партызанскіх брыгад і асобных атрадаў.
На Докшыччыне нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі больш за 200 населеных пунктаў. Чатыры вёскі сталі “сёстрамі Хатыні”. Усяго загінула больш за 20 тысяч чалавек.
На сустрэчу ў вёску Ваўча з 94-гадовай Марыяй Аляксееўнай Батура мы накіраваліся па просьбе яе ўнукаў. “Бабуля – дзіця вайны і непасрэдна ўдзельнічала ў партызанскім руху, – напісалі яны. – Яе гісторыю мы ведаем на памяць, але хочацца, каб гэта пачулі і нашы землякі. Таму што сведак тых ліхіх гадоў засталося мала, і важна захаваць праўдзівыя звесткі для будучых пакаленняў”.
І вось мы ў Марыі Аляксееўны. Сустрэла нас са слязамі: “А навошта, дзеткі, гэта ўспамінаць? Нават думаць страшна пра вайну…”
Жанчына пражывае зараз разам са сваёй дачкой Людмілай, а на зіму перабіраюцца ў Мінск. Там амаль уся яе радня, толькі сын Генадзь у Літве – як трапіў туды па размеркаванні пасля заканчэння політэхнічнага інтытута, то так і застаўся. А ўсяго ў Марыі Батура трое дзяцей, пяць унукаў і дзевяць праўнукаў. Яны стараюцца як мага часцей прыязджаць ва ўтульны, дагледжаны дом сваёй любімай матулі-бабулі.
На пачатак вайны Марыі ішоў дзясяты год, таму падзеі тых дзён добра адклаліся ў памяці.
– Родам я з Пустаселля, – расказвае жанчына. – У сям’і гадавалася трое дзяцей, я была старэйшай. Пасля нападзення Германіі бацьку ў хуткім часе прызвалі на фронт. Мама збірала яму ў дарогу торбачку з хлебам і салам і моцна плакала, праводзячы на вуліцу. Я таксама галасіла. А неўзабаве пустасельцы на свае вочы ўбачылі фашыстаў – яны ехалі і ехалі праз нашу вёску ў Лепель на машынах і матацыклах. Хацелася ўцячы, схавацца, але нам прыходзілася недалёка ад дарогі пасвіць сваіх кароў. Адным разам з Лепеля на Докшыцы гналі савецкіх ваеннапалонных – змардаваных, змучаных, галодных. Убачыўшы такі жах, мама на другі дзень наварыла бульбы, нагатавала перапечак з мукі і адправіла нас, малых, раздаць усё гэта салдатам. Немцы тады не чапалі дзяцей, таму мы смела кідалі ў калону ежу. Як жа палонныя хапалі тую бульбачку (плача)! Але ж, калі яны нахіляліся, каб падняць які кавалак з зямлі, наглядчыкі тут жа сяклі іх бізунамі…
Пасля двухдзённага этапіравання каля вёскі засталося ляжаць сем забітых савецкіх салдат. Маці Марыі, Зінаіда Юр’еўна Ралавец, сама пахавала іх, прысыпаючы зямлёй знойдзенай армейскай рыдлёвачкай. (Потым салдат перапахавалі ля абеліска ў Пустаселлі, а яшчэ праз пэўны час – у Докшыцах.) А двум палонным, якім удалося збегчы з калоны і схавацца ў жыце, маці аддала сваю “ссабойку”.
• У Пустаселлі стаяў гітлераўскі гарнізон, які 17 студзеня 1944 года разграмілі партызаны Барысаўска-Бягомльскай зоны. • У 1969 годзе ў гэтай вёсцы ўстаноўлены абеліск у памяць аб 78 земляках, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пазней такую ж чалавечнасць праявіла да партызан, якія ноччу пастукаліся ў акно. Накарміла бульбай з поліўкай і перадала мужаву адзежу, каб пераапрануцца. Дарэчы, адзін з народных мсціўцаў пасля вайны адшукаў Зінаіду Юр’еўну і прыехаў з падарункамі, каб яшчэ раз выказаць падзяку за дабрыню.
А яе дачушка Марыя разам з сяброўкай Лідай Ралавец па просьбе партызан хадзіла ў разведку да моста праз Поню, што працякае побач з вёскай. Там стаялі палаткі з немцамі, адзін з якіх дзяжурыў, назіраючы за наваколлем. Пасля аналізу сітуацыі дзве дарослыя партызанкі з посцілкамі за плячыма і сярпамі ў руках, быццам вясковыя жнеі, і дзве дзяўчынкі з кошыкамі нібыта з абедам, а на самай справе з толам, пранеслі ўсё неабходнае для падрыву моста.
– Каб не прыцягваць асаблівай увагі, мы пераапрануліся ў старую брудную адзежу – проста ў лахманы, – узгадвае канспірацыю Марыя Аляксееўна. – А перад тым як рушыць на заданне, нас з Лідай добра натрэніравалі. Мост урэшце быў узарваны, і партызаны аддзячылі нам за дапамогу сукенкамі – мне дасталася чорная ў белы гарох з паркалю. Вось я, маладая, у ёй на фатаграфіі, – паказвае на сцяну. – Шанавала яе, берагла. Адразу была мне вялікая, доўгая, а з цягам часу стала ў самы раз.
Хата Ралаўцаў стаяла на краі вуліцы, таму нацысты спыніліся ў ёй на пастой. Аднойчы, палячы ў печы, выпадкова спалілі і дом. А ў ліпені 1943 года ўжо злаўмысна спалілі ўсю вёску. Засталіся толькі, па словах Марыі Аляксееўны, нечыя клець, пуня і паўхаты. Разам з тым загубілі 13 месцічаў (між тым, згодна з данымі кнігі “Памяць”, перад вайной у вёсцы налічвалася 54 двары і 220 жыхароў).
Да гэтага пустасельская моладзь улілася ў партызанскія атрады, хтосьці пайшоў на фронт, а старыя, жанчыны і дзеці ўцяклі ў лес і жылі ў зямлянках. Калі немцы знайшлі ўцекачоў, пагналі іх, а таксама жыхароў Варлані, Загалаўя, Беразіна і іншых навакольных вёсак у Параф’янава. Некаторых адабралі і адправілі на катаржныя работы ў Германію.
– Рухаючыся, мы бачылі, як уздоўж дарогі немцы рэжуць нашых кароў, – кажа Марыя Батура. – Мама хапала за рукі маіх меншых братоў, адзін з іх быў хворы на тыф. Наглядчык ударыў маму па твары і выбіў ёй зубы. Было жудасна…
У канцавой кропцы маршруту людзей сагналі ў памяшканне чыгуначнага склада, паведаміла гераіня нашага артыкула. А калі непадалёк ад будынка выгрузілі салому і дровы, у натоўпе ўзняўся крык, плач, енк, у неба несліся малітвы – кожны падумаў пра падпал. Аказваецца, гэта быў “клопат” пра вязняў: потым ім яшчэ скінулі сырой бульбы, каб пячы на тых дрывах. Мама Марыі схавала некалькі штук у гільзу ад снарада, бо невядома было, калі яшчэ што можна будзе ўкінуць у рот.
Але ў складзе пераначавалі толькі адну-дзве ночы, а затым палонных размеркавалі па вёсках параф’янаўскай стараны, дзе яны жылі і працавалі ў чужых сем’ях. Марыя жыла асобна ад мамы і братоў, пасвіла кароў і шмат вязала. Маці ўладкавалася санітаркай у Глыбоцкую бальніцу.
Вярнулася дзяўчына дамоў ужо пасля вайны, калі малодшыя брацікі пайшлі ў школу. Па першым часе жылі ў зямлянцы, есці гатавалі ў акісленай гільзе ад снарада. Потым перасяліліся ў новую калгасную хату.
А Марыя тым часам паехала на тарфяныя работы ў Астрашыцкі Гарадок. Вярнуўшыся, у 1955 годзе выйшла замуж за былога франтавіка з Ваўчы.
Пётр Васільевіч Батура з верасня 1944 года ваяваў на 1-м Беларускім фронце, удзельнічаў у вызваленні Будапешта. За праяўленыя мужнасць і смеласць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” і ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля заканчэння вайны да 1951 года служыў на Камчатцы, атрымаў званне капітана. У Беларусі працаваў кінамеханікам па Мінскай вобласці, старшынёй калгаса ў Лепельскім раёне, а пасля трыццаць тры гады інжынерам у Дзяржстраху Докшыцкага раёна.
Марыя Аляксееўна працавала ў Бягомльскім атэлье, а затым у сельскай гаспадарцы.
Разам сужэнцы Батуры пражылі больш за паўстагоддзя. За гэты час адбылося шмат падзей у іх насычаным жыцці, але яны, як сведкі і ўдзельнікі вайны, найбольш цанілі мір.
P.S. Магчыма, некаторыя дэталі з успамінаў Марыі Батура трохі розняцца з рэальнымі, бо столькі гадоў прайшло! Але яе эмацыяльнае ўспрыняцце падзей застаецца непарушным: вайна – гэта самая бязлітасная рэч на свеце.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага альбома гераіні публікацыі.




