Километр вкуса в Бегомле, или Как минчане развивают бизнес на Докшиччине
“Усё цячэ, усё мяняецца”, – так выказаўся з прычыны пастаянных і непазбежных перамен у жыцці чалавека і грамадства ў цэлым старажытнагрэчаскі філосаф Геракліт больш як дзве з паловай тысячы гадоў таму. Аднак нязменнай застаецца прырода чалавечая, бо і тады, і зараз ёсць людзі, якія з цяжкасцю ўспрымаюць любыя перамены і пастаянна настальгуюць па часах мінулых, ёсць тыя, хто з лёгкасцю адаптуецца да новага, і тыя, хто сам прыкладае сілы, каб перамены тыя рухалі прагрэс у любых сферах. Мінчане Галіна і Андрэй Драздовы, якія дзесяць гадоў таму прыехалі жыць на Докшыччыну, дакладна з апошняй кагорты.
Спадары Драздовы, у якіх ёсць і жыллё, і ўласны бізнес – рамонт трубакампрэсараў – у сталіцы, прыехалі ў нашы краі, як кажуць, па здароўе. Хацелася чыстага паветра, крынічнай вады, натуральных свежых прадуктаў, блізасці да прыроды, больш павольнага, чым у горадзе, тэмпу жыцця. Забягаючы наперад, варта сказаць, што яны знайшлі ўсё, аб чым марылі, у вёсачцы Асецішча Бярэзінскага сельсавета. А вось жыць павольней у дзвюх дзейсных асоб не атрымалася. Спачатку будавалі дом, светлы і прасторны, каб было камфортна самім і двум тады яшчэ маленькім сынам. Закончылі будаўніцтва і засумавалі, бо са справамі ў Мінску і Галіна Вацлаваўна, эканаміст і бухгалтар “у адным флаконе”, і юрыст Андрэй Уладзіміравіч спраўляліся на раз-два (складана, кажуць, паставіць справу на паток, а пасля ўжо, калі ўсё разумна зроблена, узнікае процьма вольнага часу).
– Аказалася, што адчуваем сябе не надта, калі вакол нас не віруе-фантануе, – падзялілася Галіна. – Вырашылі заняцца якойсьці невялікай па вытворчых аб’ёмах дзейнасцю. З розных варыянтаў выбралі адкрыццё аўтамыйкі. Узялі ў арэнду ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” незапатрабаваныя будынкі ў Бягомлі, дзе раней былі і рамонт аўтамабіляў, і цэх па разліве вады, і многае іншае. У сваёй дзейнасці арыентаваліся найперш на вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў, шляхі многіх з якіх праходзяць праз пасёлак. Аўтамыйка наша сучасная і шматфункцыянальная, бо, акрамя аўто, у ёй можна мыць цыстэрны, рэфрыжэратары.
Справа пайшла, і сужэнцы выкупілі будынкі, адзін з якіх, плошчай 1200 квадратных метраў, патрабаваў ужо значнага рамонту.
– Набылі яго па цане, адпаведнай якасці і ступені зносу, – адзначае Андрэй Уладзіміравіч. – Варта сказаць, захаваўся ён у нядрэнным стане – асноўная праблема была ў даху, які месцамі значна працякаў. Неадкладна яго перакрылі, а ўсе астатнія хібы паступова выпраўляем. Планавалі адкрыць шынамантаж. Падумалі, пралічылі і рашылі: а чаму б не СТА? Так што мэтанакіравана да гэтага ідзём. Некаторыя адрамантаваныя памяшканні мэтазгодна здаваць пад лагістычныя склады – думаем, такая паслуга тут стане запатрабаванай. Ну а далей будзе бачна. Галоўнае на сённяшнім этапе – прывесці ўсё ў належны выгляд і стан.
Каму з іх прыйшла ідэя адкрыць кафэ-сталовую на першым паверсе, ужо і не памятаюць. Кажуць, за гады сумеснага жыцця нават мысліць сталі аднолькава, таму і сталі тую ідэю дружна развіваць. Смяюцца, што, мусіць, найдаўжэй думалі над назвай свайго кафэ-сталовай, і ў выніку спыніліся на “Кіламетр смаку”. Адчыніліся крыху менш як месяц таму. Чаму не проста кафэ, а сталовая? Таму што канцэпцыя аб’екта – смачна і сытна накарміць чалавека. І ніякіх алкагольных напояў. Самі Драздовы, якія вітаюць усё, што падыходзіць пад паняцце здаровага ладу жыцця, яго не ўжываюць і, запэўніваюць, не стануць прадаваць у кавярні, якую б выгаду гэта ні прыносіла.
Асноўныя кліенты “Кіламетра смаку” на сённяшні дзень – кіроўцы-дальнабойшчыкі і будаўнікі. Мясцовыя жыхары таксама не абыходзяць бокам.
– Прызнацца, гатаваць я не люблю, – гаворыць Галіна Вацлаваўна. – Адкрыццё кафэ было для мяне радасцю яшчэ і таму, што дома менш трэба будзе стаяць ля пліты, – смяецца. – Аднак жа атрымалася, што па-ранейшаму гатую, ды яшчэ ў якіх маштабах! Разам з тым шукаем кухара, кухоннага рабочага. Магчымы і такі варыянт, што гэта будуць грамадзяне адной з афрыканскіх краін. Тады ў мяне вызваліцца час для рэалізацыі іншых задум, пра якія наперад гаварыць не будзем. А што датычыцца канкрэтна кафэ, то трэба папрацаваць больш над яго ўнутраным дызайнам, вывучыць запыты кліентаў, каб у далейшым гатаваць чагосьці больш, а чагосьці менш, павялічыць асартымент і шмат чаго іншага. У любым бізнесе дробязей, на якія можна махнуць рукой, не бывае.
Дарэчы, на кухню ўжо завезены расстоечныя шафы. Як толькі Галіну ў якасці повара заменіць іншы чалавек, яна зоймецца выпечкай здобы. Гэта справа ёй, кажа, падабаецца, а наведвальнікі кафэ-сталовай змогуць у дадатак купіць яшчэ і свежае печыва.
“Што ж атрымліваецца? – звяртаемся напрыканцы сустрэчы да нашых прыязных суразмоўцаў. – Вы ехалі ў нашы краі, як самі кажаце, па здароўе, а замест таго, каб жыць вальней, узвалілі на сябе велізарны груз прадпрымальніцкіх клопатаў”. “Дык нам жа гэта праца па душы, – у адзін голас адказваюць, – а значыць, гэта і здорава, і здарова!”
Дзмітрый Каляга, дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў:
– Вядзём актыўную работу па продажы будынкаў і збудаванняў, што знаходзяцца на балансе нашай арганізацыі, але па розных прычынах з’яўляюцца незапатрабаванымі, прыватным асобам. Напрыклад, у тым жа Бягомлі на былым участку раёна электрычных сетак, які перайшоў у наша падпарадкаванне, зараз размешчаны станцыя тэхабслугоўвання і гасцініца. Прададзены таксама гаражы і сталярны цэх на вуліцы Горкага ў райцэнтры. Зусім нядаўна, на гэтым тыдні, адбыўся продаж памяшкання былой кацельні, што ацяпляла сярэднюю школу №1 і некалькі дамоў на вуліцы Школьнай у Докшыцах. Выстаўлены на ліпеньскія аўкцыёны па продажы аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці будынкі комплекснага прыёмнага пункта ў аграгарадку Сітцы і гасцініцы ў райцэнтры.
Кафэ “Кіламетр смаку”
*Ежа дамашняя. Гаспадыня Галіна ўласнаручна гатуе яе зранку да адкрыцця сталовай у 12 гадзін.
*Асартымент багаты: па некалькі відаў першых, другіх страў, розныя гарніры, салаты. Усё гэта захоўваецца ў спецыяльным шматсекцыённым халадзільніку.
*Самаабслугоўванне. Алгарытм дзеянняў наступны: выбіраеш, што табе падабаецца і колькі патрэбна, кожную страву – у асобную пластыкавую талерку, нясеш усё на касу, дзе ўзважваеш узятае і аплачваеш па прэйскуранце, разаграваеш у мікрахвалёўцы тое, што лічыш патрэбным, – і за столік. Цэны за сто грамаў кожнага віду ежы ўказаны на кожнай секцыі, гэта значыць, можаш “сфарміраваць” сабе абед ці вячэру на пэўную суму.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА і з архіва герояў публікацыі.




