Ремонт жилфонда, улиц и дорог, модернизация объектов ВКХ. В Докшицах обсудили подготовку к осенне-зимнему периоду
Адбылося адкрытае пасяджэнне райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Сяргея Абіралы з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Пятра Белуся, які курыруе сферы ЖКГ і будаўніцтва, і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолія Сіўко.
Адно з разгледжаных пытанняў тычылася вынікаў ацяпляльнага перыяду 2025 – 2026 гадоў, а таксама падрыхтоўкі да работы ў новы асенне-зімовы перыяд.
– Усімі суб’ектамі гаспадарання былі нарыхтаваны неабходныя запасы паліва, праведзены работы па рамонце і абслугоўванні ацяпляльнага абсталявання, інжынерных камунікацый, – адзначыў у сваёй справаздачы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі. – Аформлены і зарэгістраваны ў органах Дзяржэнергагазнагляду пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі.
Асноўным яе пастаўшчыком у раёне з’яўляецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Ацяпляльны перыяд прайшоў у штатным рэжыме, без перабояў. На балансе камунгаса знаходзіцца 14 кацельняў, пяць з іх забяспечваюць насельніцтва гарачай вадой. Для падрыхтоўкі цеплавой гаспадаркі да новага сезону плануецца выканаць шэраг мерапрыемстваў: правесці тэхнічнае абслугоўванне і дыягностыку катлоў, адрамантаваць цеплаабменнікі на кацельнях “ПМК-52”, “Аўташкола” і “ТМА” ў Докшыцах, замяніць запорную арматуру і іншае.
Летась быў уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс аб’екта “Рэканструкцыя кацельні “Бальніца-Бягомль” у гарадскім пасёлку. На аб’екце ўстаноўлены два магутныя катлы, якія працуюць на шчапе з механізаванай загрузкай, і яшчэ два катлы, якія працуюць на пелетах, для забеспячэння спажыўцоў гарачай вадой у міжацяпляльны перыяд.
Жыллёвы фонд
На абслугоўванні РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” знаходзіцца 359 жылых дамоў. У 2025 годзе пасля капітальнага рамонту былі ўведзены ў эксплуатацыю чатыры дамы – №№ 4, 6, 8 на вуліцы Ленінскай і № 12 на вуліцы Школьнай у райцэнтры. На гэтыя мэты зрасходавана 1795 тысяч рублёў са сродкаў раённага бюджэту і 479,5 тысячы рублёў са сродкаў адлічэння грамадзян.
Сёлета завершаны рамонт дома № 10 на вуліцы Школьнай, № 10 на Ленінскай і № 4 на Кастрычніцкай у Докшыцах.
Вуліцы населеных пунктаў
Летась быў праведзены бягучы рамонт вуліц Дзяржынскага, М. Горкага ў райцэнтры, Мачульскага, Ціткова ў Бягомлі, а таксама ходнікаў на вуліцах Піянерскай, Савецкай і Маякоўскага ў Докшыцах. На ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі на бягучы год са сродкаў раённага бюджэту прадугледжана 370 тысяч рублёў, на рамонт – амаль 860 тысяч рублёў.
У цяперашні час абуладкаваны ўчастак ходніка на вуліцах Палявога і Усходняй у райцэнтры. За кошт субвенцый, перададзеных з рэспубліканскага бюджэту, пакладзены асфальт на ўчастку вуліцы Піянерскай. Зрасходавана амаль 117 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, у аграгарадку Крулеўшчына адрамантаваны вуліцы 8 Сакавіка, Гогаля, 1 Мая, Глыбоцкая і М. Горкага.
Водаправодна-каналізацыйная гаспадарка
У 2025 годзе праведзена мадэрнізацыя артэзіянскіх свідравін у Замасточчы, Будачах, Пугачове, Малых Сітцах, Дзядках, Свірках, Слабадзе, Чачуках і Азярцах. Новае абсталяванне водаачысткі дазволіла давесці якасць пітной вады па паказчыку “жалеза” да нарматыўнага.
У верасні бягучага года запланавана ўвесці ў эксплуатацыю мадэрнізаваны ўчастак сеткі водазабеспячэння на вуліцы Гайдара ў Докшыцах. Для падрыхтоўкі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд водаканалу неабходна замяніць 5480 пагонных метраў сетак водазабеспячэння, адрамантаваць адну артэзіянскую свідравіну, замяніць помпавае абсталяванне на каналізацыйна-помпавай станцыі.
Мясцовая сетка дарог
У 2025 годзе ДРБУ-180 адрамантавана 41,13 кіламетра ўчасткаў мясцовых аўтадарог, за пяць месяцаў бягучага года – 17,2 кіламетра. Гэта Сценка – Дзедзіна – Старына, пад’езд да вёскі Рачныя, Крулеўшчына – Казлы, Глыбокае – Крулеўшчына – Докшыцы, Вітунічы – Навасёлкі Кемешаўскія – Бярозкі, Полава – Варапаева – Валкалаты.
Напрыканцы пасяджэння старшыня райвыканкама Сяргей Абірала паставіў задачу завяршыць асноўныя падрыхтоўчыя работы на аб’ектах жыллёвага фонду, адукацыі і аховы здароўя да ўстаноўленых заканадаўствам тэрмінаў і не дапусціць затрымак.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

