Сервисный отряд им А.И. Черныша «Моладзь 3.0» трудится в детском воспитательно-оздоровительном лагере «Березка» Докшицкого района
Лета для моладзі – гэта не толькі час адпачынку, але і выдатная магчымасць знайсці новых сяброў, а таксама зарабіць першыя ўласныя грошы.
Асобнае месца ў структуры летняй занятасці займае сэрвісны атрад “Моладзь 3.0” імя А.І. Чэрныша, які шчыруе на базе дзіцячага выхаваўча-аздараўленчага лагера “Бярозка”.
– У разгары трэцяя змена, – паведаміла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вераніка Норавіч. – Зараз тут працуюць восем студатрадаўцаў з ліку школьнікаў і студэнтаў. Нашы хлопцы і дзяўчаты кожны дзень сочаць за чысцінёй харчаблоку, мыюць посуд і падтрымліваюць узорны парадак на ўсёй тэрыторыі лагера. Трэба сказаць, што маладыя памочнікі працуюць акуратна і да сваіх абавязкаў адносяцца з усёй адказнасцю. Акрамя гэтага, яны актыўна дапамагаюць ладзіць розныя мерапрыемствы, якія тут праходзяць.
Сярод тых, хто стварае парадак і ўтульнасць для адпачывальнікаў, – Карына Галавашка. Сёлета дзяўчына закончыла 11 класаў Параф’янаўскай сярэдняй школы імя А.І. Чэрныша. У будучым яна марыць стаць педагогам – працаваць выхавацелем у дзіцячым садзе.
– Гэта не першае маё працоўнае лета, – падзялілася Карына. – Летась быў вопыт работы на сушылцы ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Гэтым разам вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі прыбіральшчыцы. У лагеры адказваю за чысціню на кухні, у спартыўнай і актавай залах, пакоях, дзе адпачываюць дзеці. Кожны дзень прыходзіцца рана ўставаць, але гэта для мяне не перашкода. Наадварот, атрымлімваю асалоду ад працы і ад таго, што набыла тут шмат новых сяброў.
Не баіцца працы і не траціць вольны час на “завісанне” ў гаджэтах яшчэ адзін студатрадавец – Арсеній Заяц.
– У лагеры працую кухонным рабочым, – падзяліўся юнак. – За гэты час навучыўся хутка чысціць бульбу, таму ў гэтай справе магу паспаборнічаць з самым вопытным кухарам. Увогуле, у лагеры цікава, сумаваць не прыходзіцца. На тэрыторыі ёсць прасторная спартыўная пляцоўка, на якой ужо паспеў згуляць у футбол. Карацей, тут можна выдатна сумяшчаць працу з адпачынкам, ды яшчэ і зарабіць свае першыя грошы.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота з асабістага архіва.

