«Сплоченный коллектив готов справится с любыми задачами,» — уверен начальник Докшицкого РОЧС Владимир Плащенко
Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт “РВ” сустрэлася з новым начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімірам Плашчанкам, які падняўся па кар’ернай лесвіцы ад пажарнага да першага намесніка начальніка Гарадоцкага РАНС і зараз узначаліў профільны аддзел у Докшыцах. Пра першыя ўражанні аб раёне, матэрыяльна-тэхнічнай базе аддзела, стылі кіраўніцтва – у нашым інтэрв’ю.
– Уладзімір Сяргеевіч, віншуем Вас з назначэннем на пасаду. Падзяліцеся, калі ласка, ці паспелі асвоіцца і як Вас прыняў калектыў?
– Уражанні выключна станоўчыя. Новы калектыў аказаўся згуртаваным, прафесійным і цалкам гатовым да выканання задач любой складанасці. З боку кіраўніцтва раёна таксама адчуў поўнае разуменне і падтрымку.
– Якія першачарговыя задачы Вы ставіце перад сабой і асабовым саставам?
– Па-першае, падтрыманне кожнага байца і афіцэра ў выдатнай фізічнай форме. Гэта дапамагае рэагаваць на любы выклік максімальна хутка і эфектыўна. Па-другое, у сваёй рабоце акцэнт робім на прафілактычнай рабоце, асабліва ў сельскай мясцовасці, а таксама з людзьмі, якія знаходзяцца ў групе павышанай рызыкі. Маю на ўвазе тых, хто злоўжывае алкаголем і пры гэтым грэбуе правіламі пажарнай бяспекі. З такімі асобамі, канешне, змагацца складаней, бо менавіта яны часцей за ўсё трапляюць у зводкі здарэнняў. Калі ж чалавек не рэагуе на нашы заўвагі, мы вымушаны прымаць кардынальна строгія меры – ад складання адміністрацыйных пратаколаў да ініцыявання накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Наша работа – гэта не толькі ліквідацыя пажараў, наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў. Кожны год выратавальнікі падключаюцца да вырашэння стратэгічнай задачы – дапамагаюць нашым аграрыям убіраць ураджай. Сёлета, напрыклад, супрацоўнік райаддзела Кірыл Сапегін на летні перыяд “перакваліфікаваўся” ў камбайнера і штодзень працуе на палетках ААТ “Барсучанка”. У гэты адказны перыяд нашы работнікі забяспечваюць бяспеку: абследуюць аб’екты, задзейнічаныя на ўборцы ўраджаю, каб знізіць рызыку ўзнікнення пажараў, дзяжураць на палях, робяць усё для таго, каб без страт убраць хлеб.
– Як зараз складваецца сітуацыя з тэхнічным аснашчэннем аддзела? Ці плануецца абнаўленне аўтапарку альбо абсталявання?
– Калі гаварыць ёмка, то – на высокім узроўні. На ўзбраенні аддзела знаходзяцца магутныя пажарныя аўтацыстэрны на базе шасі МАЗ, а таксама службовыя легкавыя аўтамабілі, адзін з якіх атрымалі ў пачатку года. Ёсць неабходны гідраўлічны інструмент для ліквідацыі наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў, сродкі выратавання на вадзе і многае іншае сучаснае абсталяванне.
– Назавіце тры галоўныя якасці, якімі, на Ваш погляд, павінен валодаць сапраўдны выратавальнік?
– І баец, і афіцэр павінны быць падрыхтаваны фізічна. Без гэтага немагчыма выканаць пастаўленыя задачы. Таксама стрэсаўстойлівымі, каб эфектыўна дзейнічаць у самых экстрэмальных сітуацыях. А яшчэ – умець арыентавацца ў любой сітуацыі і граматна прымаць рашэнне.
– Уладзімір Сяргеевіч, што пажадаеце калегам і ветэранам службы ў прафесійнае свята?
– Жадаю ветэранам службы, асабоваму саставу, іх сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба. Асаблівыя словы падзякі адрасую ветэранам, чый бясцэнны вопыт і вернасць традыцыям – гэта трывалы падмурак, на якім выхоўваецца цяперашняе пакаленне. Са святам!
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

