Уборочная в Докшицком районе в разгаре: в ОАО «Торгуны» работа кипит и в поле, и на зернотоку
Уборачная кампанія ў раёне ў разгары. Кожная пагодная гадзіна ідзе ў залік. Ды што там гадзіна – камбайнеры, вадзіцелі і механізатары на адвозцы збожжа ААТ “Таргуны”, дзе самыя значныя пасяўныя плошчы сярод сельгаспрадпрыемстваў, не трацяць дарэмна ні хвіліны. Цэлы атрад – восем камбайнаў і пяць адзінак тэхнікі на адвозцы – рупіўся ў панядзелак на неабсяжных палях каля вёскі Вецяра на ўборцы ячменю.
Спынілі на хвілінку, каб зрабіць фотаздымак, Юрыя Малюжанца, а таксама Аляксандра Маскалёнка, што якраз пад’ехаў на трактары Fendt 936 з прычэпам Fliegl, на якім перавозіць зерня за адзін рэйс у тры разы больш, чым кіроўцы МАЗаў і іншых трактароў. Нездарма на рахунку Аляксандра Пятровіча, мінулагодняга абласнога пераможцы, на раніцу ўчарашняга дня было ўжо больш за тысячу тон перавезенага збожжа. Юрый Малюжанец таксама механізатар-ас, як, прынамсі, і яго калегі Вячаслаў Аніковіч, Сяргей Ралавец, Уладзімір Сайковіч, Аляксандр Трус, Генадзь Кішэня, Павел Рудзько і Валерый Пракаповіч. Такі вось зорны састаў рупіцца на ўраджайных таргуноўскіх палетках. Поле каля Вецяры сапраўды заглядзенне: збожжа чыстае, густое, каласістае: некалькі хвілін – і бункер поўны.
Нельга не згадаць сёння, колькі працы ўкладзена, каб быў такі вынік (ураджайнасць тут склала 35 цэнтнераў з гектара, а на некаторых палях паказчык перавышае 48 цэнтнераў з гектара). Хвала кіраўніцтву гаспадаркі за граматна арганізаваную работу, агранамічнай службе – у першую чаргу, інжынернай – за належную падрыхтоўку тэхнікі, і нізкі паклон механізатарам – усім, хто ўносіў арганіку і мінеральныя ўгнаенні, араў, рыхтаваў глебу да сяўбы, сеяў, вёў падкормку пасеваў, змагаўся з пустазеллем. Пабывалі і на збожжатаку сельгаспрадпрыемства, дзе на поўную моц працуюць дзве сушылкі. Горы залацістага збожжа радуюць вока, але ж яго патрэбна дапрацаваць, і работа тут не менш адказная, чым у полі.
У цэлым карціна ўборачнай па раёне наступная. Завяршылі ўборку азімага рапсу аграрыі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Барсучанка” і КУСГП “Гняздзілава-Агра” – у гэтай гаспадарцы найвышэйшая ўраджайнасць 26,1 цэнтнера з гектара. На фінішнай прамой механізатары КУСГП “АграСітцы”. Пакуль што не прыступалі да ўборкі “чорнага золата” ААТ “Таргуны” і ААТ “Бягомльскае” – культура ў гэтых сельгаспрадпрыемствах даспявае. Па тэмпах уборкі збожжавых і зернебабовых культур наперадзе КУСГП “Гняздзілава-Агра”, дзе па стане на раніцу ўчарашняга дня ўбрана амаль палова плошчаў. Лідары па ўраджайнасці на дадзеным этапе – ААТ “Бягомльскае”, дзе на пясчаных землях дасягнулі выніку ў 34,5 цэнтнера з гектара, і ААТ “Таргуны” – 33,9 цэнтнера з гектара. У астатніх гаспадарках намалот у межах 24,5 – 25,4 цэнтнера з гектара. Вынік, вядома, прамежкавы, а задача асноўная ў тым, каб убраць усё вырашчанае без страт і ў аптымальныя тэрміны.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.


