Брендовый праздник «Яблочный Спас» прошёл в агрогородке Порплище Докшицкого района

1

Напярэдадні вялікага царкоўнага свята Праабражэння Гасподняга ў Парплішчанскім СДК адбылося брэндавае мерапрыемства “Яблычны спас не пройдзе без нас”. Яго ўдзельнікамі сталі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі, начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко, старшыня Парплішчанскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Лісіца і настаяцель храма Праабражэння Гасподняга протаіерэй Віктар Гмір.
Свае карэктывы ў арганізацыю праграмы ўнесла надвор’е: амаль з раніцы зарадзіў дождж. Але гэта ніколькі не сапсавала святочны настрой, з якім месцічы, а таксама шматлікія госці аграгарадка ішлі на фэст. На ўваходзе ў клуб усіх частавалі кавалачкам наліўнога яблыка з духмяным мёдам – традыцыйнымі спасаўскімі ласункамі. Багатымі на стравы з гэтых прадуктаў былі і тэматычныя пляцоўкі, прадстаўленыя рознымі арганізацыямі на раённым конкурсе “Яблычны вернісаж”.
Бліны і пірагі, торты і кексы, нават яблычныя катлеты прапаноўвалі паспрабаваць тутэйшыя гаспадыні. Было чым і смагу здаволіць: квас, яблычны сок і кампот з мёдам ці з настоямі траў карысталіся не меншым попытам, чым выпечка. Адзін толькі “Сок радзюкоўскі” ад Прудніцкага СДК разышоўся за некалькі хвілін! Старэйшае пакаленне больш цікавілася смакоццем свайго дзяцінства – печанымі яблыкамі. Вярнуцца ў мінулае прапаноўваў і калектыў Парплішчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі: на іх тэматычнай пляцоўцы можна было паспрабаваць яшчэ адзін ласунак – шклянку малака з лустай батона з варэннем. Акрамя таго, кожная пляцоўка мела сваё тэматычнае аздабленне вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кампазіцыямі з кветак, садавіны і гародніны.
Непаўторны куток зладзілі парплішчанскія майстрыхі: творчыя работы Людмілы Ступак, Маргарыты Зубаравай і Раісы Шыталь заўсёды ўражваюць сваім майстэрствам і арыгінальнасцю.
Шматлікія сувеніры прапаноўваў раённы Дом рамёстваў, загадчыца якога Іна Карпека таксама вядомая мясцовая рамесніца. Іна Генадзьеўна запрашала ўсіх далучыцца да стварэння маляванкі.
Падчас святочнай праграмы шмат цёплых слоў і апладысментаў гучала ў гонар вяскоўцаў. І першай на сцэну вядучыя запрасілі Марыю Чачуковіч, якой уручылі пасведчанне “Жанчыны-працаўніцы” ў межах раённага праекта “Жаночы код Докшыччыны”, ініцыяванага да Года беларускай жанчыны. Марыя Францаўна 35 гадоў прысвяціла сельскай гаспадарцы, большасць з якіх адпрацавала аператарам машыннага даення. Жанчына з’яўлялася старэйшынай клуба даярак-пяцітысячніц Віцебскай вобласці. У 2000 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў ёй медаль “За працоўныя заслугі”. Тады ж Марыя Чачуковіч была ўдастоена ганаровага звання “Жанчына года Віцебшчыны”.
Падчас свята Марыя Чачуковіч не раз падымалася на сцэну. Паўторна – разам з мужам Мікалаем Андрэевічам, з якім сёлета святкуюць залатое вяселле.
Па традыцыі падчас мерапрыемства ўшаноўваліся юбіляры гэтага года. Не засталіся па-за ўвагай самыя маленькія жыхары аграгарадка. Гэта Ева Казлоўская, якая стала трэцім дзіцем у сям’і Вячаслава і Вікторыі, і Назар Ходан, са з’яўленнем якога яго сям’я таксама стала шматдзетнай.
У конкурсе “Ветэранскае падвор’е” званне ўзорнай атрымала сядзіба Аляксандра і Ларысы Ждановічаў.
Праграма суправаджалася цудоўнымі музычнымі падарункамі. Песні гучалі ў выкананні юных артыстаў Вікторыі і Ксеніі Ілюшыных, Анжалікі Бурэнь, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Парплішчанскага СДК Анатолія Стадольніка і Святланы Коўзан, а таксама вакальнага гурта “Кружева” і саліста народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Канстанціна Насенніка.
Пераможцам раённага конкурсу “Яблычны вернісаж” стаў калектыў Парплішчанскай СШ. Дыпломам за другое месца ўзнагароджаны сумесная тэматычная пляцоўка Парплішчанскага СДК і бібліятэкі, а таксама Крулеўшчынскіх Цэнтра культуры і вольнага часу разам з бібліятэкай. Трэцяе месца ў Парплішчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і ўстаноў культуры Крыпульскага сельсавета.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

IMG_6012 IMG_6016 IMG_6018 IMG_6019 IMG_6023 IMG_6026 IMG_6028 IMG_6029 IMG_6033 IMG_6035

IMG_6037 IMG_6044 IMG_6047 IMG_6049 IMG_6061 IMG_6064 IMG_6065 IMG_6067 IMG_6072 IMG_6073

IMG_6080 IMG_6094 IMG_6095 IMG_6103 IMG_6111 IMG_6116 IMG_6119 IMG_6120 IMG_6131 IMG_6138

IMG_6147 IMG_6148 IMG_6157 IMG_6161 IMG_6165 IMG_6166 IMG_6168 IMG_6177 IMG_6183 IMG_6184

IMG_6192 IMG_6197 IMG_6201 IMG_6206 IMG_6210 IMG_6212 IMG_6217 IMG_6221 IMG_6226 IMG_6227

IMG_6232 IMG_6236 IMG_6242 IMG_6248

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *