Докшицкий район: жатва продолжается — тысячников прибавляется

Старшы камбайнер ААТ "Бягомльскае" Дзмітрый Юрэвіч.

Старшы камбайнер ААТ «Бягомльскае» Дзмітрый Юрэвіч.

Па стане на раніцу ўчарашняга дня сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у раёне складае 28,2 цэнтнера з гектара. Вышэйшыя за сярэднераённы паказчыкі ў ААТ “Таргуны” (34,7 ц/га), ААТ “Бягомльскае” (30,8 ц/га) і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (29,1 ц/га). І практычна кожны новы дзень у радах камбайнераў-тысячнікаў папаўненне.

Гэтым разам старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч у суправаджэнні карэспандэнта “РВ” адправіўся з віншавальнай місіяй у ААТ “Таргуны”, каб уручыць дыпломы і грашовыя прэміі старшым камбайнерам Уладзіміру Сайковічу, які намалаціў тысячу яшчэ на мінулым тыдні, і Валерыю Пракаповічу. У гаспадарцы ўбрана каля 40 працэнтаў плошчаў, адведзеных пад збожжавыя і зернебабовыя, ураджайнасць высокая, таму галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Андрэй Зінькевіч упэўнены, што па тысячы намалоцяць усе экіпажы, задзейнічаныя на жніве, а некаторым па сіле будзе запоўніць бункеры і дзвюма тысячамі тон.

Першага тысячніка ўшанавалі таксама ў ААТ “Барсучанка” – ім стаў старшы камбайнер Мікалай Палянін. Словы падзякі Мікалаю Расціслававічу выказаў і кіраўнік гаспадаркі Сяргей Маскалёнак, адзначыўшы пры гэтым добрасумленную працу, адказнасць і згуртаванасць механізатарскага і вадзіцельскага звенняў на жніве.

Віншаванні і ўзнагароду прымае Мікалай Палянін.

Віншаванні і ўзнагароду прымае Мікалай Палянін.

Даніну павагі прафсаюзны лідар аддаў і першаму тысячніку ААТ “Бягомльскае” Дзмітрыю Юрэвічу. Гэта першая ўборачная кампанія камбайнера ў сельгаспрадпрыемстве, і, як змаглі пераканацца, праславуты першы блін не толькі не выйшаў комам, але “спёкся” хутка і якасна. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Навіцкі павіншаваў механізатара з такім удалым стартам і ўручыў грашовы сертыфікат. “Прыемна стымуляваць людзей, якія працуюць адказна, прафесійна, сумленна, у тым ліку і матэрыяльна, – адзначыў Аляксандр Веньямінавіч. – Самае каштоўнае для любога прадпрыемства – гэта кадры. Радуюся, што пра кожнага нашага работніка можна сказаць шмат добрых слоў. Ну а за поспехам кожнага тысячніка, вядома ж, стаіць праца і агранамічнай службы, і інжынернай, і цэлага механізатарскага звяна, якое працуе на ворыве, падрыхтоўцы глебы да сяўбы, сяўбе, падкормцы і хімпраполцы пасеваў. Усім шчыры дзякуй за добрасумленную працу”.

Уладзімір Сайковіч і Валерый Пракаповіч.

Уладзімір Сайковіч і Валерый Пракаповіч.

Жніво набліжаецца да экватара – больш за 46 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых убрана ў раёне, у прыватнасці, у КУСГП “Гняздзілава-Агра” 79 працэнтаў, КУСГП “АграСітцы” – 56,5 працэнта, ААТ “Барсучанка” – 54,4 , ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 52,9 працэнта. Агульны намалот складае 21 824,9 т.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *