Счастье состоит из простых вещей, считает Ирина Крук из агрогородка Барсуки

IMG_8138 с

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу ўзнагароджана брыгадзір вытворчай брыгады малочнатаварнай фермы “Пералоі” ААТ “Барсучанка” Ірына Крук. Грамату  ўручыла кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Рандарэвіч.

– Такі вось сюрпрыз чакаў мяне якраз у дзень нараджэння, – падзялілася сваімі эмоцыямі Ірына Іванаўна, якую з прычыны знаходжання ў чарговым водпуску наведалі дома. – Не перадаць, як хвалявалася, як прыемна было чуць ад Валянціны Юр’еўны цёплыя словы ў свой адрас, прымаць віншаванні ад калег!

Канешне ж, гэта не першая ўзнагарода суразмоўцы, якая ў жывёлагадоўлі практычна ўсё сваё жыццё і ведае ўсе нюансы малочнай вытворчасці. Кожная яе раніца пачынаецца на ўсходзе сонца, а то і раней, праходзіць у звыклых хатніх клопатах, а далей – шлях на ферму, дзе яна адказвае за ўсё: атмасферу і парадак на рабочых месцах, надоі, кармавы рацыён і многае іншае. “Любая ферма – гэта вечны галаўны боль”, – выказаўся неяк адзін кіраўнік сельгаспрадпрыемства, маючы на ўвазе несканчоны паток праблем і пытанняў, што патрабуюць аператыўнага вырашэння. Ён меў рацыю, і таму граматны загадчык фермы, які ўсёй душой хварэе за справу, заўжды на вагу золата. Ірына Іванаўна якраз з такіх адказных і неабыякавых работнікаў, што для кіраўніцтва гаспадаркі надзейная апора. Што датычыцца самой гераіні гэтага артыкула, то яна калісь зрабіла выбар на карысць жыцця і працы ў глыбінцы і не пашкадавала аб гэтым. Ёй, жыхарцы Барсукоў, давялося працаваць у розны час на розных фермах, сярод якіх “Масловічы” і “Лапуты”. Пачынала, канешне, даяркай. Вельмі часта ёй давяраўся самы адказны ўчастак – група раздою. Згадвае, што ў ранейшыя часы і даенне абавязкова было трохразовым, і цялят выпойвалі не цялятніцы, а самі даяркі, а яшчэ і паляводам аказвалі дапамогу, у прыватнасці, як гаворыцца, хадзілі на лён. Плюс поўны хлеў скаціны і немалыя агароды дома, плюс штогадовая калгасная дзялянка кармавых буракоў… Яшчэ і ў лес у ягады ўмудраліся вырвацца, адзначае з ціхім ззяннем у вачах і светлай настальгіяй гэта прадстаўніца пакалення вяскоўцаў, для якіх праца на зямлі была не ў цягасць, а ў радасць. На пытанне, якая яна загадчыца, Ірына Іванаўна адказвае, што патрабавальная, але з праславутай формулы пра бізун і пернік у большасці схіляецца да апошняга.

– Так, залог добрых надояў, якія б змены ні адбываліся ў тэхналагічным плане, – працоўная і вытворчая дысцыпліна, калі кожны на сваім месцы дакладна выконвае свае абавязкі, – адзначае. – За многія гады ў прафесіі прыйшла да вываду, што сапсаваць малако можа толькі чалавек, бо якасць прадукцыі базіруецца на спраўнасці і чысціні апаратуры, падрыхтоўцы жывёлы да даення і ўважлівых адносінах да яе. Карміць належным чынам, своечасова лячыць, калі трэба, ну і ўтрымліваць у чысціні – і карова адплаціць высокімі надоямі. Гэта і імкнуся даводзіць усім работнікам калектыву. Удзячная сваёй камандзе за разуменне і падтрымку. Варта заўважыць, гладка ўсё не бывае, гэтым, бадай, не можа пахваліцца ні адзін загадчык МТФ. Аднак стараемся вырашаць усе праблемы ў рабочым парадку і ўнутры калектыву.

Ірына Іванаўна можа ўжо адпраўляцца на заслужаны адпачынак, але, кажа, яшчэ не збіраецца. Для далейшай працоўнай дзейнасці ў жыцці гэтай мілай, нейкай вельмі светлай і прыязнай жанчыны ёсць усе прычыны. Надзейны сямейны тыл у вобразах клапатлівых і любячых мужа і дзяцей, шмат вопыту і трошкі здароўя, як сама жартуе, а самае галоўнае – уменне радавацца жыццю і лавіць моманты шчасця ў простых рэчах. Ірына Іванаўна з задавальненнем займаецца развядзеннем кветак і дэкаратыўнага кустоўя, кулінарыць, выдатна і шмат вяжа, а апошнім часам захапілася алмазнай вышыўкай так, што гатова па паўночы над ёй праседжваць. Ды і работа для яе таксама захапленне.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *