Лучший по профессии среди машинистов торфодобывающих машин тракторист работает в ПУ «Витебскторф»

IMG_8616 с

Торфаздабыўны сезон у рэспубліцы знаходзіцца ў актыўнай фазе. На Докшыччыне здабычай і перапрацоўкай торфу займаецца вытворчае ўпраўленне “Віцебскторф”. Паводле звестак на 1 жніўня, у філіяле здабыта больш за 27 тысяч тон торфу, што складае 63 працэнты ад гадавога плана. 

На прадпрыемстве мы сустрэліся з трактарыстам Вадзімам Арцімовічам, які па выніках мінулага года заняў 2-е месца ў рэспубліканскім спаборніцтве «Лепшы па прафесіі» сярод машыністаў торфаздабыўных машын арганізацый. Перадавік расказаў, як ідуць справы зараз.

У дзень нашага прыезду Вадзім Станіслававіч якраз працаваў не на палетках участка “Жураўлёўскае”, як звычайна ў сезон нарыхтоўкі торфу, а на завадской тэрыторыі на аўтакары – адвозіў гатовую прадукцыю з цэха на вулічную пляцоўку – падмяняў калегу. Энергічны, вясёлы, падалося, што праца яму толькі ў асалоду.

– Так яно і ёсць, – пацвярджае гэта меркаванне намеснік дырэктара філіяла Міхаіл Азямблоўскі. – Вадзім Арцімовіч заўсёды на пазітыўнай хвалі і ў той жа час з вялікай адказнасцю адносіцца да вырашэння любой пастаўленай задачы.

На прадпрыемстве Вадзім, ураджэнец Глыбоцкага раёна, з 2008 года і ў асноўным працуе на фрэзераванні торфу – узрыхляе і здрабняе верхні слой поля. Але можа ўпраўляцца і з валкавальнікам ці на перавозцы торфу. “Цэлае лета на балоце, – усміхаецца ён. – Але мне падабаецца: работа прывычная, а ў гэтым годзе яшчэ і новы трактар далі – Беларус-1221”.

Зімою трактарыст рупіцца на распрацоўцы палёў, пры неабходнасці рамантуе тэхніку – у гэтым ён таксама ас – або выконвае іншыя работы ў цэху.

Да “Жураўлёўскага”, якое знаходзіцца за пятнаццаць кіламетраў ад завода, работнікі дабіраюцца на цеплавозе ці службовых аўтамабілях. Прама ў поле ім дастаўляюць гарачыя абеды – згодна з калектыўным дагаворам, 70 працэнтаў ад іх кошту аплачвае філіял. На пачатку працоўнай дзейнасці Вадзіму выдзелілі і арэнднае жыллё, але з цягам часу ён з сям’ёй набыў уласную кватэру.

У прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў «Лепшы па прафесіі» трактарыст выходзіў ужо ў чатырох сезонах – двойчы быў пераможцам і двойчы браў “серабро”. Тым не менш прызнаецца, што мінулагоднім вынікам не вельмі задаволены: трактар падводзіў, таму цяпер шчыра радуецца новаму.

Задаволены Вадзім Станіслававіч і заробкамі – гэты фактар моцна трымае тарфянікаў на прадпрыемстве, нягледзячы на цяжар работы.

Наш герой – шматдзетны бацька, выхоўваюць разам з жонкай Наталляй сямнаццацігадовую Дар’ю і трынаццацігадовага Арцёма, а тры месяцы таму ў іх нарадзілася дачушка Кіра.
– Старэйшыя дзеці разумеюць цану працы, – кажа Вадзім. – Мы прывучаем іх да хатніх спраў і заахвочваем да добрай вучобы.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *