С весны до осени живет в родительском доме в деревне Отрубок минчанка Татьяна Калачева
Калі задаць пытанне жыхарам вёскі Атрубок, што ў Бярэзінскім сельсавеце, чым жыве іх населены пункт, то, бадай што, будзе – дачнікамі. Пісалі ўжо раней, што там пустуе мала хат. Дзеці іх гаспадароў не даюць зачахнуць родным сядзібам у забыцці. Мінчанка Таццяна Калачова – адна з іх.
Таццяна Фёдараўна ў Атрубку з вясны да восені. Смяецца, што ў сталічную кватэру, як птушка, адлятае толькі на зімоўку. Адпачывае там у камфорце, набіраецца сіл на новы прыезд у бацькоўскі дом, дзе вольна дыхаецца, салодка спіцца, дзе няма прасторавага абмежавання ў чатыры сцяны. Жанчына мае значны “швейны” стаж, майстар сваёй справы, але на пенсіі, прызнаецца, шыццём займацца надта не мае жадання. Ну навошта карпець над машынкай, калі цябе чакае безліч іншых цікавых і карысных заняткаў?
– Не мной заўважана, што з узростам чалавек пачынае больш цягнуцца да зямлі, нават калі вырас і пражыў дзесяцігоддзі ў горадзе, – зазначае ў размове Таццяна Фёдараўна. – Што ўжо гаварыць пра нас, чый ранак у дзяцінстве пачынаўся не са звону будзільніка, а з кукарэкання пеўня, трэску паленцаў у печы і паху бліноў ці яечні, рыпення калодзежаў, тупату статка кароў па вуліцы. Самыя яркія і цёплыя эмоцыі перажываеш у юныя гады. Яны застаюцца ў памяці, і пасля хочацца іх паўтарэння. Нельга, як кажуць, зайсці двойчы ў адну і тую ж раку, і так, як было калісьці пры жывых маме і тату, зразумела, не будзе. Але калі маеш сілы і магчымасці захоўваць, падтрымліваць хоць штосьці з таго, што было дорага і ім, і табе, трэба гэта рабіць.
Залатыя словы. І Таццяна Фёдараўна кожную вясну садзіць агарод, даглядае стары бацькоўскі сад, які, пэўна, і яшчэ праз паўвека будзе даваць ураджай – такія яны, ранейшыя сарты. Корпаецца ў кветніку. Гэтым разам унук Міша яе памочнік – вось і тая самая сувязь пакаленняў без усялякага пафасу. Гатуе для Мішкі простую вясковую смакату і вучыць быць гаспадаром на сядзібе. А навакольныя лясы мінчанка-атрубчанка ведае як свае пяць пальцаў, дык мае на сваім стале свежыя ягады і грыбы і ў дадатак капейчыну да пенсіі, бо не лянуецца.
Заспелі жанчыну за абкошваннем панадворка. Палюбаваліся, як спрытна яна ўпраўляецца з трымерам. Паказала свой ранішні лясны “ўлоў” – па вядру чарніц ды лісічак. А ўвечары і на сяло да каго-небудзь з аднавяскоўцаў можна схадзіць ці ў госці кагось запрасіць. Ці проста пасядзець пад небам, дзе зорак, даўно вядома, з той самай вясковай лаўкі бачна нашмат больш, чым з самага высокага гарадскога гмаха…
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

