О творчестве и не только беседуем с автором песни «Беларуская жанчына», уроженкой Докшиц Людмилой Воронкович
Напачатку года на нацыянальных тэлеканалах адбылася прэм’ера песні “Беларуская жанчына” ў выкананні спевака, акцёра і радыёвядучага Яўгена Ермалковіча. Аўтар слоў і музыкі гэтай песні – ураджэнка Докшыц Людміла Варанковіч. Днямі мы сустрэліся з Людмілай Пятроўнай, якая гасцюе ў матулі ў бацькоўскім доме, каб пагаварыць пра тое, што дае натхненне на стварэнне вершаў і музыкі і не толькі, бо – гэта ўжо стала аксіёмай – творчы чалавек творчы ў розных кірунках.
З першых хвілін знаёмства гэта маладая, прыгожая і вельмі абаяльная жанчына прывабіла да сябе усмешлівасцю, мяккім, пявучым голасам, грацыёзнасцю рухаў, а галоўнае – тым унутраным святлом, якое шчодра выпраменьвае навокал. А яшчэ Людміла цудоўна размаўляе на беларускай мове, што, у прынцыпе, не дзіўна: у свой час яна закончыла Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П. Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская філалогія і літаратурная работа ў газетах і часопісах”. Праўда, уздыхае, па выбранай прафесіі (выкладала мову і літаратуру ў Полацкім дзяржаўным педагагічным каледжы) працаваць давялося нядоўга: выйшла замуж за ваеннага (муж Віталій Дзям’янавіч – дырыжор ваеннага аркестра) і цалкам раздзяліла з ім лёс – зараз з’яўляецца начальнікам службы камплектацыі ў адной з воінскіх часцей.
Пра прадпасылкі напісання песні “Беларуская жанчына” Людміла гаворыць так:
– Мая служба развівае пачуццё патрыятызму, якое, упэўнена, у чалавека выхоўваецца з маленства і мацнее год ад года. У гэтай песні імкнулася паказаць красу і велічнасць не толькі нашых жанчын, але і нашай краіны. Адно з нашых сямейных захапленняў – падарожжы. Пабывалі ў многіх месцах Беларусі, і кожная паездка – бура пазітыўных эмоцый, адчуванне гонару за свой край, любові да яго – шчымліва-кранальнай і вельмі светлай. Радуе, што дачушкам Марыі і Варвары мы з мужам здолелі перадаць гэта пачуццё, якое працягваем выхоўваць, выкарыстоўваючы для гэтага кожную магчымасць. Тлумачым, што патрыятызм – паняцце шматграннае: тут яшчэ і павага да свайго народа, любоў да родных, уменне моцна сябраваць, жаданне набываць веды, каб быць карысным для Радзімы, беражлівыя адносіны да прыроды, шанаванне традыцый… Стараемся самі так жыць, бо самая лепшая навука для дзяцей – прыклад бацькоў.
Пісаць вершы Людміла пачала з часоў студэнцтва. Некаторыя, прызнаецца, нараджаюцца разам з мелодыяй, якую яна, маючы слых, але не ведаючы нотнай граматы, запісвае з дапамогай мужа. “Беларуская жанчына” не першая песня ў яе літаратурна-музычнай скарбонцы і, трэба думаць, далёка не апошняя. Ведаю: калі гэта па-сапраўднаму тваё, ты не можаш не пісаць.
Якая яна яшчэ, Людміла Варанковіч? Эстэтка. “Люблю, каб усё было прыгожа”, – зазначае ў размове. Таму стол у яе заўжды – ці гэта сняданак, ці вячэра ў будні, ці святочны – сервіруецца так, што за ім хочацца знаходзіцца як мага даўжэй і гаварыць пра штосьці добрае, высокае, вытанчанае. Прыгожы посуд, сурвэткі, кветкі, якіясьці дэталі дэкору – усё спрыяе сумеснаму правядзенню часу. А ці не гэта адзін з важных фактараў еднасці сям’і? А як гатуе Людміла, давялося ўпэўніцца. Яе выпечка – не толькі смаката, але і прыгажосць. Распавядае, што не так даўно захапілася прыгатаваннем хлеба на заквасцы. Упарта асвойвала няпростую навуку, імправізавала ў рэцэптах і, думаецца, па праве можа ганарыцца тым, што атрымліваецца. Пад сілу Людзе і такі тонкі і далікатны занятак, як скрапбукінг, і вяжа яна з ахвотай і ўмела, і кветкамі любіць займацца, і, само сабой зразумела, у доме ствараць утульнасць і стыльнае хараство.
Прапануем вашай увазе, шаноўныя чытачы, адзін з вершаў нашай гераіні, прысвечаных роднаму чалавеку. За простымі словамі ў ім – вялікая любоў, якая бывае ў тых, каму Гасподзь дараваў не толькі талент, але і вялікае сэрца.
Маме
Смотрю на тебя, родную:
Морщинки лицо покрыли.
Как время так промелькнуло?
Куда эти годы уплыли?!
Вот только вчера, казалось,
Я – школьница, ты – в расцвете,
И столько еще осталось,
И солнце так ярко светит…
Теперь я сама уже мама,
Мои подрастают дети.
А время летит упрямо,
Сметая года, как ветер.
В заботах проходят будни,
Сегодня сменяет завтра.
Я рядом с тобой как будто
В те годы вернулась обратно.
И в этой суетной жизни,
Среди бесконечных гонок,
Пока ты со мною, мама,
Я все же еще ребенок…
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

