Реконструкцию более 10 км линий электросетей в год проводит Докшицкий РЭС
Докшыцкі раён электрычных сетак прыступіў да выканання праектных работ па рэканструкцыі ПЛ 0,4-10 кВ да абласных “Дажынак-2027”, якія адбудуцца ў Докшыцах.
Усяго будзе рэканструявана сем аб’ектаў. Зараз пад іх адводзяцца землі, ідзе непасрэдная праца над стварэннем праектаў. У цэлым працягласць рэканструяваных ліній у наступным годзе складзе каля 40 км.
Разам з тым РЭС паспяхова выконвае работы, запланаваныя на гэты год: капітальныя рамонты, тэхнічнае абслугоўванне закрытых і камплектных трансфарматарных падстанцый, паветраных ліній 0,4 кВ і 10 кВ.
Так, у Докшыцах ужо рэканструявана адна з высакавольтных ліній, зараз праводзіцца рэканструкцыя ПЛ 0,4 кВ у в. Беразіно. Начальнік РЭС Іван Ючкавіч адзначае, што ў апошні час рэканструкцыі ў раёне праводзяцца актыўна – прыкладна ад 10 км ліній штогод.
У верасні пачнецца будаўніцтва гаража, навеса і склада на тэрыторыі вытворчай базы. Наогул, радуе вока мадэрнізаваны сёлета адміністрацыйны будынак філіяла, умовы працы сталі больш камфортнымі.
Сапраўднай праверкай мабілізацыі сіл сталі для энергетыкаў раёна наступствы нядаўняй непагадзі, калі былі моцна “пабіты” лініі электраперадачы. Падачу электраэнергіі ўзнавілі менш чым за суткі. Докшыцкія рэсаўцы ўдзячныя за аператыўную дапамогу калегам Глыбоцкіх электрасетак з іншых раёнаў, а таксама арганізацыям і прадпрыемствам Докшыччыны.
Ніна КРУКОВІЧ.

