В Докшицах вновь заработает бассейн
Прыемная навіна для аматараў актыўнага адпачынку: з 7 жніўня аднаўляецца работа басейна ў ФСК “Ураджай”.
– Амаль месяц басейн быў зачынены на традыцыйныя прафілактычныя работы, – гаворыць дырэктар установы Алена Грыгор’ева. – Цяпер мы гатовы сустракаць нашых пастаянных плыўцоў і, канечне ж, новых. Рэжым работы басейна застаўся ранейшы: з панядзелка па нядзелю ён працуе з 10 да 22 гадзін, перапынак з 17 да 18 гадзін. Чацвер – санітарны дзень. Кошт білетаў не змяніўся. Як і раней, можна набыць абанемент. Дарэчы, сярод пастаянных аматараў паплаваць ёсць тыя, хто карыстаецца гадавымі безлімітнымі абанементамі, якія ёсць у продажы. Працуе пракат інвентару для плавання, сярод якога спецыяльныя аквапаясы. Хочацца нагадаць, што для карыстання паслугай трэба браць з сабой шапачку для плавання, зменны абутак з няслізкай падэшвай, набор для душа (шампунь, гель для душа, мачалка), ручнік. За шэсць месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага павялічыўся паказчык загрузкі басейна. На паслугах ФСК “Ураджай” зароблена 57 240 беларускіх рублёў. На працягу года звычайна вядуцца аднаўленчыя, прафілактычныя работы, касметычныя рамонты. У межах дзяржаўнай праграмы “Грамадства роўных магчымасцей” плануецца стварэнне даступных умоў для людзей з інваліднасцю.
Да пастаяннага графіка работы вярнулася і трэнажорная зала. У ФСК функцыянуе пракат спартыўнага інвентару. Дзейнічаюць секцыі для дарослых і дзяцей.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

