В районе прошел 15-й юбилейный православный молодежный фестиваль «Пока мы молоды».
Пятнаццаты раз Докшыччына стала месцам, куды па поклічы сэрца штогод з’язджаюцца юнакі і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі на злёт Садружнасці праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі, які аб’ядноўвае верай і любоўю.
Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў суботу каля царквы Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў аг. Крулеўшчына. Яшчэ да афіцыйнага ўзняцця сцяга ўдзельнікі мерапрыемства сустракалі ганаровага госця свята Яго Праасвяшчэнства епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація. Традыцыйныя каравай і кветкі ўладыку ўручыла моладзь – Антон Кухта і Кацярына Салаўёва.
Епіскап Ігнацій узначаліў Божую літургію, якую разам з ім саслужылі благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Леанід Страха, настаяцель храма протаіерэй Віктар Гмір, протаіерэй Пётр Іоська, кіраўнік аддзела па справах моладзі Полацкай епархіі протаіерэй Ігар Чачуковіч, які, дарэчы, стаяў ля вытокаў нараджэння фестывалю, а таксама іерэі Павел Іоська і Іаан Сычэвіч і дыякан Іаан Камянкоў. Да малебну далучыліся намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гайчук.
– Пятнаццаць гадоў фестываль праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя” збірае пад сваёй эгідай маладых людзей з розных куткоў нашай краіны. Розных па ўзросце, розных па інтарэсах, але аб’яднаных верай і духоўнасцю, – сказала Аксана Эдуардаўна і падзякавала ўладыку за падтрымку фестывалю, а таксама ўручыла айцу Віктару прывітальны адрас ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
За руплівую працу ў Славу Святой Царквы епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій перадаў райвыканкаму ў асобе яго старшыні Сяргея Абіралы Падзячны ліст. Дыяцэзіяльным медалём свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, ІІІ ступені ўзнагароджаны Раіса Лычко, Вольга Лобан і Іна Плыгаўка. Падзячныя лісты таксама атрымалі Аляксандр Плыгаўка, Дзмітрый Мандрук, Кацярына Зубарава, Дзмітрый Гмір, Яўгеній Мальчонак, Ганна Трацэўская і Антон Кухта.
Ганаровая місія ўзняцця сцяга фестывалю была даручана епіскаму Ігнацію, Аксане Палачанінай і Леаніду Страсе.
Ва ўсе дні, калі ладзіўся фестываль, словы падзякі гучалі бесперапынна. У храмах, дзе віталася моладзь, у перапынках паміж шматлікімі мерапрыемствамі, асабліва падчас сняданкаў, абедаў і вячэры, – прыхаджане цэркваў і ў Крулеўшчыне, і ў Порплішчы шчыра стараліся парадаваць юнакоў і дзяўчат усялякімі прысмакамі! Як прыемна было чуць пасля сумеснай малітвы ў храме, што дзяўчаты паміж сабой гаварылі не пра спёку, хоць надвор’е ў гэтыя дні сапраўды парадавала летнімі тэмпературамі. Яны ўзнёсла радаваліся добрай службе, чаканай сустрэчы з даўнімі сябрамі і з інтарэсам чакалі працягу мерапрыемстваў, якіх у межах злёту было арганізавана шмат.
Напрыклад, гэтым жа вечарам моладзь мела магчымасць згуляць у лазертаг і паспаборнічаць у спартландыі. Завяршыўся дзень канцэртам гурта
“ТМ_band”, сярод удзельнікаў якога ёсць і нашы землякі Аляксандр Плыгаўка і Ягор Асаёнак.
***
Нядзельнай раніцай фестываль перамясціўся ў Порплішча, дзе ў храме Праабражэння Гасподняга ўсе сустракалі ікону і копію напрастольнага крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Рэліквіі даставілі са Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, заснаванага князёўнай. Малебен з акафістам у гонар прападобнай нараспеў быў выкананы разам з сёстрамі Полацкага манастыра і выхаванцамі нядзельнай школы, створанай пры ім.
Аксана Палачаніна падзякавала за ўнікальную магчымасць дакрануцца да святыняў зямлі Полацкай гасцям са Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра і перадала яго ігуменні Еўдакіі Ляўшук Падзячны ліст.
Пасля адбыўся хрэсны ход.
Фестываль працягнуўся ў Парплішчанскім СДК, дзе выхаванцы нядзельнай школы полацкага манастыра прадставілі праграму, у якой расказалі пра жыццё Еўфрасінні Полацкай і стварэнне Крыжа прападобнай, а таксама выканалі некалькі духоўных песень.
Увечары моладзь вярнулася ў Крулеўшчыну, дзе яе чакалі новыя актыўнасці і развітальная сустрэча каля фестывальнага вогнішча.
Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна:
– За арганізацыяй фестывалю стаіць вялікая колькасць людзей, шчырых, добрых, апантаных верай. Вялікі дзякуй усім за асветніцкую місію. За пятнаццаць гадоў мерапрыемства ўзгадавала шмат маладых людзей. Сёння многія з іх ужо стварылі сем’і і прывозяць сюды сваіх дзяцей. Гэта яскравае сведчанне таго, што фестываль патрэбны і з’яўляецца своеасаблівым брэндам нашага раёна.
Протаіерэй Віктар Гмір:
– Фестываль адбыўся пры ўсеагульнай падтрымцы. Асаблівую падзяку за яго арганізацыю і правядзенне выказваем раённаму кіраўніцтву, усім мясцовым арганізацыям і прадпрыемствам, прыхаджанам Крулеўшчынскага і Парплішчанскага прыходаў, асабліва – кухарам, якія адказвалі за харчаванне моладзі. Усім, хто быў нераўнадушны да гэтага цудоўнага мерапрыемства. Нізкі паклон, і няхай аберагаюць вас Бог і Божая маці.
Антон Кухта, агр. Крулеўшчына:
– Гэта мой восьмы па ліку злёт. З іх тры гады быў сярод арганізатараў, якія адказваюць і за быт, і за культурную праграму ўдзельнікаў. Памятаю, як вучнем пачатковай школы назіраў за фестывалямі. Хацелася хутчэй вырасці і стаць іх удзельнікам. На той час усю моладзь, якая прыязджала ў Крулеўшчыну з розных гарадоў Беларусі і нават з-за мяжы, звычайна сялілі ў прыхаджан. Вось і ў маёй бабулі заўсёды хтосьці жыў. За гэты час столькі сяброў з’явілася! І так прыемна іх сустракаць з года ў год. Для мяне і маіх сяброў прыкладам заўсёды быў Саша Плыгаўка, які стаяў ля вытокаў стварэння злёту. На юбілейнай сустрэчы разам з ім прыехалі Андрэй Косцін, Жэня Мальчонак, Каця Зубарава, а Дзіма Мандрук і Мікіта Палачанін нават з сем’ямі, стварэнне якіх адбылося якраз дзякуючы фестывалю. На злёце заўсёды пануе асаблівая атмасфера дружбы і ўзаемаразумення. А яшчэ – жывыя зносіны без гаджэтаў. І гэта, лічу, самае каштоўнае.
































































