Тридцать три и семь десятых центнера с гектара составляет урожайность озимого рапса в ОАО «Бегомльское»

Старшы камбайнер Павел Ганус.

Старшы камбайнер Павел Ганус.

Трыццаць тры і сем дзясятых цэнтнера з гектара складае ўраджайнасць азімага рапсу ў ААТ “Бягомльскае”! Пад гэту культуру ў гаспадарцы адведзена 610 гектараў, на ўборку якіх днямі кінуты ўвесь механізаваны атрад: сем камбайнаў і пяць адзінак тэхнікі на адвозцы.

Рапс на палетках каля вёскі Бабцы сапраўды заглядзенне: высокі, кусцісты, густы і чысты. Залацістая дымка пылу стаіць над камбайнамі, якія, нібы чаўнакі на ткацкай фабрыцы, спрытна снуюць па рапсавым палатне. Камбайнеры, як заўсёды, людзі вопытныя і правераныя не адной уборачнай. Гэта браты Ганусы – Павел і Андрэй, якія працуюць паасобку, і браты Максімовічы – Аляксей і Максім, што складаюць адзін экіпаж і ўжо не першы раз дапамагаюць сельгаспрадпрыемству ў гарачую пару. На новым, набытым у гэтым годзе, камбайне рупіцца Дзмітрый Юрэвіч, побач яшчэ адзін Дзмітрый – Дударонак. Гэтак жа філігранна, як грае на баяне, вядзе збожжаўборачную махіну Алег Радзевіч, а ад сваіх таварышаў ні трохі не адстае на камбайне, якому ўжо 16 гадоў, Віталь Клімко – вось што значыць майстэрства і належнае абслугоўванне тэхнікі.

Старшыя камбайнеры Дзмітрый Юрэвіч, Алег Радзевіч і вадзіцель Сяргей Ковель (у цэнтры).

Старшыя камбайнеры Дзмітрый Юрэвіч, Алег Радзевіч і вадзіцель Сяргей Ковель (у цэнтры).

Нялёгка прыходзіцца вадзіцелям і механізатару, занятым на адвозцы: бункеры камбайнаў пры такой ураджайнасці напаўняюцца хутка, а адлегласць да зернесушыльнага комплексу ў Прудніках, адзінага ў гаспадарцы, амаль 20 кіламетраў. Магутнасць сушылкі – 40 тон за гадзіну пры аптымальнай вільготнасці зерня. Першыя дасушаныя тоны чорнага золата адпраўлены ў фонд дзяржзаказу. На комплексе работа арганізавана ў дзве змены: з усёй адказнасцю займаюцца дапрацоўкай намалочанага ўраджаю галоўны энергетык Уладзіслаў Сяліцкі і інжынер па працаёмкіх работах Уладзіслаў Гаўрыловіч, а таксама слесар Мікалай Радзюк і электрык Юрый Падцяроб.

– На раніцу сённяшняга дня (30 ліпеня – Аўт.) у нас убрана больш за 20 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур, – паведаміў выканаўчы дырэктар ААТ “Бягомльскае” Уладзіслаў Шаршнёў. – Агульная плошча гэтых культур, за выключэннем кукурузы, – 2610 гектараў. Ураджайнасць збожжавых складае 34,8 цэнтнера з гектара. Пад азімы рапс адведзена 610 гектараў, пад яравы, на высокі намалот якога таксама маем небеспадстаўныя надзеі, – 200.

Уладзіслаў Паўлавіч адзначыў, што для дасягнення высокіх вынікаў найперш патрэбна строгая дысцыпліна ў тэхналагічных падыходах да вырошчвання ўсіх культур, зладжаная работа агранамічнай, інжынернай службаў, спецыялістаў сярэдняга звяна, механізатараў, слесараў, вадзіцеляў і, бясспрэчна, вопыт, кампетэнцыя і зацікаўленасць кіраўніцтва, якое кантралюе і накіроўвае ўсе звенні ў патрэбнае рэчышча. Па ўсім бачна, у “Бягомльскім” з гэтым усё ў парадку.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *