1600 гектаров кукурузы предстоит убрать в ОАО «Торгуны»
У сельгасарганізацыях пасля завяршэння ўборачнай кампаніі наступае, насуперак меркаванням тых, хто не ведае дэталёва пра цыкл сельскагаспадарчых работ, яшчэ больш гарачая пара. Разам з сяўбой азімых культур, дзе задзейнічана нямала адзінак тэхнікі і, адпаведна, механізатараў яшчэ і на ўнясенні арганікі, ворыве, падрыхтоўцы глебы да сяўбы, пачынаецца важны этап корманарыхтоўкі – уборка кукурузы на сілас і зерне. У ААТ “Таргуны” царыцай палёў засеяна амаль 1600 гектараў – фронт работ велізарны.
Палеткі паміж вёскамі Гліннае і Шалагіры здалёк выглядаюць бясконцымі. Паўсюдна высокай зялёнай сцяной кукуруза. Па слядах тэхнікі на гравійцы знаходзім участак, на якім пачаліся работы па нарыхтоўцы культуры на сілас. Два “ягуары” працуюць на полі, пакідаючы ў кукурузных “джунглях” роўненькія палосы-прасветы. Вячаслаў Аніковіч, кіроўца аднаго з корманарыхтоўчых камбайнаў, дзесьці аж на лініі гарызонту – настолькі вялікая плошча поля. А вось Сяргея Ралаўца пашчасціла “схапіць” недалёка ад дарогі.
– Што пасееш, тое і сажнеш, – смяецца Сяргей Канстанцінавіч, які вясной і быў галоўным сейбітам кукурузы, працэнтаў 80-85 плошчаў – яго рук справа. Варта нагадаць, што і Ралавец, і Аніковіч на жніве дасягнулі высокіх, большых за дзве з паловай тысячы тон збожжа, намалотаў. Сяргею да трох тысяч увогуле заставалася зусім нямнога. І вось яны ўжо – вечны бой, спакой ім толькі сніцца – на корманарыхтоўцы.
– Стартуем паволі, бо кукурузнаму зерню, каб дасягнуць аптымальнай спеласці, яшчэ патрэбна некалькі дзён, а мо і тыдзень, – па-аграномаўску дэманструе нам раскрыты пачатак суразмоўца.
У хуткім часе на трактары Fendt 936 з прычэпам Fliegl пад’язджае мінулагодні пераможца абласных спаборніцтваў сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня Аляксандр Маскалёнак. Механізатары прыняліся за звыклую справу, і ў прычэп тут жа хлынула лавінай зялёная маса. Fliegl змяшчае яе ў сабе 20-25 тон, што, канечне ж, аптымізуе працэс нарыхтоўкі.
У ААТ “Таргуны” запланавана закласці 30 200 тон сіласу, і па стане на раніцу 24 верасня заданне ўжо выканана на 31,5 працэнта. Мяркуючы па ўраджайнасці, якая зараз складае 330-340 цэнтнераў з гектара, і аб’ёмах плошчаў, план будзе перавыкананы. Значныя плошчы адведзены пад кукурузу і ў ААТ “Барсучанка” – 1200 гектараў, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 1079. У гэтых гаспадарках закладзена зялёнай масы на сілас адпаведна 36,2 і 41,3 працэнта да плана. У КУСГП “АграСітцы” і ААТ “Бягомльскае”, дзе пад кукурузу адведзена адпаведна 450 і 410 гектараў, планавы паказчык выкананы на 69,7 і 66,4 працэнта. Пры гэтым бегамльчане з’яўляюцца лідарамі па тэмпах уборкі – 73,2 працэнта.
Сёлетняя корманарыхтоўка ў цэлым радуе аграрыяў лічбамі, якія найбольш яскрава характарызуюць забяспечанасць кармамі. Так, на сённяшні дзень на ўмоўную галаву жывёлы ў раёне нарыхтавана 23,34 цэнтнера кармавых адзінак, што на 6,55 ц.к.адз. больш, чым за адпаведны перыяд 2025 года. У ліку лепшых па нарыхтоўцы кармоў ААТ “Бягомльскае” – 34,15 ц.к.адз. (+ 12,99 да 2025 года) і КУСГП “АграСітцы” – 31,85 ц.к.адз. (+ 11,32). Добрыя паказчыкі і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 24,29 ц.к.адз. (+ 7,17) і ААТ “Барсучанка” – 22,77 ц.к.адз. (+ 6,88). Аднак канчатковы вынік яшчэ наперадзе.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

