В цифрах есть гармония, считает бухгалтер КУСХП «АгроСитцы» Светлана Норович

Цёплыя словы віншаванняў юбілярцы ад кіраўніка КУСГП “АграСітцы” Міхаіла Транчэўскага.

Цёплыя словы віншаванняў юбілярцы ад кіраўніка КУСГП “АграСітцы” Міхаіла Транчэўскага.

У лічбах ёсць гармонія. Так лічыць бухгалтар КУСГП “АграСітцы” Святлана Норавіч, якая на мінулым тыдні адзначыла паўвекавы юбілей. Павіншаваць спецыяліста прыехалі старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, а таксама сабраўся калектыў сельгаспрадпрыемства на чале з дырэктарам Міхаілам Транчэўскім.

ЕН 2267

Шмат цёплых слоў было выказана ў адрас юбіляркі, якая прыкметна хвалявалася, як дзяўчынка на першым у жыцці экзамене.

…Яна са школьных гадоў паддалася магіі лічбаў – матэматыка была адным з любімых прадметаў. І таму юная Святлана, калі прыйшла пара рабіць выбар будучай прафесіі, практычна не вагалася і не абдумвала іншыя варыянты: лёгка паступіла ў Полацкі сельскагаспадарчы каледж, тады яшчэ тэхнікум. Вучыцца падабалася, і дзяўчынка з вёскі Параф’янава шчыра радавалася, што ў будучым ёй давядзецца займацца любімай справай.

Аднак не ўсё ў жыцці залежыць ад нас саміх – бывае, абставіны аказваюцца мацнейшымі. Таму Святлана пачала сваю працоўную дзейнасць у нашым раёне рабочай на былым пладова-кансервавым заводзе, што стаў зараз фабрыкай “Параф’янава”, якая пакуль што не пачала сваю дзейнасць. Пяць гадоў адпрацавала яна ў цэху, пакуль нарэшце на прадпрыемстве не вызвалілася месца бухгалтара. Работы было шмат, згадвае Святлана Уладзіміраўна, бо магутнасці завода былі немалыя. Але, як заўсёды бывае, калі праца тая па душы, то яна і спорыцца, і задавальненне ад яе вынікаў ёсць. Дванаццаць гадоў рупілася маладая жанчына на гэтай пасадзе да нараджэння дачушкі Марыі, якая зараз ужо шасцікласніца Параф’янаўскай СШ. А пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску, у 2018 годзе, уладкавалася па прафесіі ў “АграСітцы”, дзе і працуе па сённяшні дзень.

– Вельмі рада, што апынулася тут, – прызнаецца ў размове. – Акрамя таго, што ёсць магчымасць займацца тым, што люблю, мне яшчэ камфортна і ўтульна ў калектыве, дзе ў любую хвіліну магу спадзявацца на дапамогу і падтрымку, на добрую параду, дзе і сама імкнуся быць карыснай, як кажуць, сваёй.

Пра ўсіх сваіх калег Святлана гаворыць цёпла і пранікнёна, з павагай і ўдзячнасцю, што толькі характарызуе яе з лепшага боку, бо вядома: чым больш у чалавеку дабрыні, тым больш добрага ён бачыць у іншых. Як падалося пры знаёмстве, імя жанчыне вельмі пасуе: яна сапраўды нейкая вельмі светлая, і святло гэта не толькі ў знешнім абліччы – яно ідзе знутры. А жыццё яе ў бытавым плане лёгкім не было: так сталася, што дзяцей (старэйшы сын Васілій ужо на сваім хлебе – працуе дыспетчарам у РЭСе) яна падымала адна, трымаючы вялікую гаспадарку, каб была дадатковая капейчына. Дапамагалі, канешне, бацькі, і зараз тата, застаўшыся адзін, жыве разам з дачкой і ўнучкай. Дзеці – радасць і гонар Святланы, сэнс яе жыцця. Яна асабліва не збавіла абароты ў хатніх справах – кажа, пакуль не лічыць іх непасільным грузам і вельмі любіць займацца агародамі, даглядаць жывёлу. Ды што там – яна карову і зараз трымае, а такіх гаспадароў у нас у раёне ўжо няшмат набярэцца. Ёсць вольная хвілінка – чытае ці вяжа, і заняткі гэтыя таксама пасуюць яе вобразу – вобразу чалавека, які ў лічбах як рыба ў вадзе, а ў жыцці на сваім месцы.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *