У лесничего Витуничского лесничества Павла Авласевича каждая минута на карандаше

IMG_8142

Ляснічы Вітуніцкага лясніцтва Павел Аўласевіч усе рабочыя пытанні вырашае аператыўна, па факце, без мітусні, па-мужчынску. Ён увогуле не любіць шматслоўя і залішняй увагі да сябе: у кіраўніка структурнага падраздзялення, у якога ў падначаленні 26 чалавек, кожная хвіліна і тым больш гадзіна светлавога дня, лічы, на карандашы.

Вітуніцкае, Прудніцкае і Докшыцкае лясніцтвы ў сумным пераліку тых, што найбольш пацярпелі ад жнівеньскага ўрагану. Напрыклад, у Вітуніцкім лясніцтве пад паўтысячы (!) гектараў суцэльных высечак. Задача – прыбраць і вывезці як мага хутчэй. Затым пачнуцца пасадкі дзялянак. Асноўнымі пародамі будуць сасна і елка, але дададуць і дуба з бярозай. Толькі, каб загаманіў новы лясок, трэба, лічыце, ад сямі да дзесяці гадоў.

Ідзе 28 год, як Павел Іосіфавіч працуе ў лясной гаспадарцы. Да дня сённяшняга пераадолеў шмат прыступак: спачатку профільны каледж у Полацку, потым работа па спецыяльнасці на розных участках і пасадах, паралельна атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДТУ. Суразмоўца шчыра прызнаецца, што прафесію лесавода ён выбіраў не па спадчыне ці поклічы душы, а хутчэй па волі лёсу. Ды і наўрад ці кожны школьнік, вырашаючы, куды паступаць, дакладна ўсведамляе, чым прыйдзецца займацца. Але лягчэйшага хлеба шукаць не прывык. Не ў яго характары.

Парадак. Дысцыпліна. Адказнасць. На трох гэтых кітах Павел Іосіфавіч будуе работу лясніцтва.

– Мае людзі ў розных непрадбачаных сітуацыях у лесе павінны дзейнічаць у адпаведнасці з патрабаваннямі аховы працы, але імкнуся, каб яны маглі самастойна і аператыўна прыняць рашэнне ў межах сваёй кампетэнцыі, – дзеліцца Павел Іосіфавіч. – Вельмі цаню ў работніках такую якасць, як уменне браць адказнасць за справу, якая даверана.

Можа падацца, што за такім, лічы, армейскім падыходам чалавек з жалезным характарам. Ды гэта далёка не так. Пагутарыўшы з калегамі Паўла Іосіфавіча, высветлілі, што яны характарызуюць яго як прынцыповага і вельмі чалавечнага кіраўніка. Так, патрабавальны, але дужа хварэе за свой калектыў, можа адстаяць кожнага чалавека. Напрыклад, вельмі спачувае неверагодна складанай працы вальшчыкаў, якіх у Вітуніцкім лясніцтве сямёра. Так, сучасныя харвестары закрываюць вялізныя аб’ёмы нарыхтоўкі, аднак і без гэтых жылістых трывалых мужыкоў з пілой на плячы парадку ў лесе таксама не будзе. Гаворачы сельскагаспадарчай мовай, усе лясныя “няўдобіцы” ім на водкуп. З разуменнем ставіцца да жыццёвых перыпетый калег, заўсёды прыйдзе на дапамогу без лішніх пытанняў. Лепшай характарыстыкі і не падбярэш!

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *