Докшицкий район присоединился к масштабному Республиканскому фестивалю «Дополнительное образование детей и молодежи будущего»
З 5 верасня ў краіне праходзіць маштабны Рэспубліканскі фестываль “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі будучыні”. Да ініцыятывы далучыўся і Докшыцкі цэнтр дзяцей і моладзі.
У праграме раённай установы інтэрактыўныя творчыя майстар-класы, прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах, выставы праектаў і дасягненняў выхаванцаў, забаўляльныя і гульнявыя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў.
Адметным стаў танцавальны батл “Свет пакаленняў” на вулічнай пляцоўцы, дзе спаборнічалі дзеці (пакаленне “NEXT”) і дарослыя (пакаленне “PRO”).
Педагогі правялі сустрэчу з бацькамі, падчас якой абмеркавалі тэму “Як зрабіць дадатковую адукацыю зручнай, карыснай і жаданай для нашых дзяцей?”, а таксама правялі кансультацыі.
Наперадзе паказальныя выступленні аб’яднанняў па інтарэсах “Авіямадэляванне”, “Картынг”, “Ракетамадэляванне”, знаёмства з дзейнасцю аб’яднання па інтарэсах “Мульттэрапія”, дзе падлеткі паспрабуюць сябе ў ролі рэжысёраў, аніматараў і сцэнарыстаў.
А завершыцца фестываль у суботу, 12 верасня, фэстам “Докшыцы.BY: Фестываль талентаў”, дзе сваё майстэрства прадэманструюць навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах усіх профіляў.
– Гэта свята – магчымасць праявіць свае здольнасці, знайсці сяброў і зазірнуць у цікавы свет прафесій, – зазначыла дырэктар цэнтра Святлана Януковіч. – Педагогі чакаюць дзяцей раёна не толькі на фестываль, але і на заняткі ў новым навучальным годзе. Паверце, тут кожны можа знайсці сабе справу па душы.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.










