Какая сейчас стоимость чеков «Жильё»? Об этом узнали от специалиста Докшицкого райисполкома
Чэкі “Жыллё” з’явіліся ў 1992 годзе, у той час іх атрымалі два мільёны беларусаў. Па афіцыйнай інфармацыі, да пачатку дзвюхтысячных, калі іх выдача завяршылася, на руках у грамадзян было да пяці мільёнаў чэкаў.
Большасць з іх была скарыстана на паляпшэнне жыллёвых умоў, у прыватнасці, многія ўклалі іх у прыватызацыю жылля, аднак пэўны працэнт дзяржаўных імянных каштоўных папер па-ранейшаму застаецца, што называецца, “на руках”. На жаль, для тых, хто не паспеў у 2007 годзе заскочыць у апошні вагон і перарэгістраваць чэкі “Жыллё”, яны сталі проста паперкамі, якія страцілі законную моц, усе астатнія грамадзяне – шчаслівыя ўладальнікі каштоўнага капіталу, які пакрысе індэксуецца.
Мы пагутарылі з галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірынай Савінавай пра тое, як скарыстацца чэкамі “Жыллё.
– Які зараз кошт чэка “Жыллё”?
– Першапачаткова ўладальнікі маглі разлічваць на суму, якая адпавядала наміналу. Зразумела, што за дзесяцігоддзі кошт чэкаў “Жыллё” змяніўся з-за інфляцыі. Індэкс рэгулярна пераглядаецца і залежыць ад канкрэтнага рэгіёна. Напрыклад, у Віцебскай вобласці чэкі былі праіндэксаваны ў сакавіку. Устаноўлены індэкс росту іх кошту ў памеры 46,2 рубля. Выплаты залежаць ад індэкса, які дзейнічаў на дату падачы заявы, афармлення дагавора ці ўводу жылля ў эксплуатацыю. Індэксацыя таксама распаўсюджваецца на чэкі, якія атрыманы па спадчыне, праз суд або ў дар.
– Ці можна купіць чэкі “Жыллё”?
– Не. Купіць, як і атрымаць новыя чэкі, немагчыма. Іх успадкоўваюць ці прымаюць па дагаворы дарэння. Немагчыма таксама аднавіць страчаныя чэкі.
– Ірына Уладзіміраўна, дзе іх можна прымяніць?
– Давайце пачнём з таго, хто можа прымяніць чэкі “Жыллё”. Гэта грамадзяне і члены іх сем’яў, калі яны стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Выкарыстаць чэкі “Жыллё” можна для выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве, фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва. У гэты пералік таксама ўключаны рэканструкцыя аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і долевы ўдзел у жыллёвым будаўніцтве. Чэкі можна прымяніць для пакупкі жылля або пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў (уключаючы выплату працэнтаў за карыстанне імі) і пазыках юрыдычных асоб, якія ўзяты і выкарыстаны на гэтыя мэты.
У працяг тэмы
Як паведамілі ў службе “адно акно” райвыканкама, для здзяйснення працэдуры індэксацыі грамадзяне і паўналетнія члены іх сем’яў, якія сумесна ажыццяўляюць будаўніцтва або куплю жылых памяшканняў, падаюць адпаведную заяву ў мясцовы выканкам, дзе яны стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (або знаходзіліся на момант прадастаўлення крэдытаў). У выпадку нашага раёна – гэта служба “адно акно” райвыканкама.
Пералік дакументаў і звестак, якія прыкладаюцца да заявы, у кожным канкрэтным выпадку індывідуальны і ўказаны ў пункце 1.1.10 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г.
№ 200 “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян”. Тэрмін разгляду адміністрацыйнай працэдуры – адзін месяц.

