Об исторических событиях воссоединения Докшицкого района рассказали в Бегомльском музее народной славы

DSCN7503 - копія

Савецка-польская мяжа ў 1921 годзе падзяліла напалову не толькі Беларусь, але і Докшыччыну. Заходняя частка нашага раёна апынулася ў Дзісенскім павеце Віленскага ваяводства Польшчы, а Докшыцы сталі цэнтрам гміны. Бягомль і прылеглыя да яго вёскі засталіся на савецкім баку і пазней увайшлі ў Бягомльскі раён Барысаўскай акругі.

Дзень народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня, з’яўляецца напамінам пра вялікую гістарычную падзею – уз’яднанне ў 1939 годзе Заходняй і Усходняй Беларусі.

Войскі Польшчы ўварваліся на беларускую зямлю ў канцы лютага 1919 года і да сярэдзіны сакавіка захапілі значныя тэрыторыі на захадзе. Рухаючыся на ўсход, акупіравалі Лагойск, Плешчаніцы, Бягомль, а 20 жніўня ўвайшлі ў Докшыцы. На працягу верасня – кастрычніка 1919 года акупанты занялі заходнюю частку Беларусі.

Так у выніку савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў Беларусь была падзелена надвае. За тэрыторыяй Віленскага, Навагрудскага, Палескага і большай часткі Беластоцкага ваяводстваў замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь.

На захопленых землях нашага раёна размяшчаліся Докшыцкая, Валкалацкая, Параф’янаўская, Парплішчанская і Тумілавіцкая гміны.

Калі ў Савецкай Беларусі ў гэты час ішла калектывізацыя і барацьба з непісьменнасцю, то Заходняя Беларусь была адсталай і выкарыстоўвалася Польшчай толькі як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы, у адносінах да насельніцтва праводзілася паланізацыя і асіміляцыя. 65 % зямель належала памешчыкам, іх сядзібы знаходзіліся ў Сітцах, Вянюціне і іншых вёсках. Сяляне мелі невялікія зямельныя ўчасткі. Беларускія школы зачыняліся, атрымаць медыцынскую дапамогу было амаль немагчыма.

Бяспраўе і прыгнёт паслужылі прычынамі для разгортвання нацыянальна-вызваленчага руху. На чале барацьбы доўгія гады стаяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Падпольную арганізацыю ў Докшыцах узначаліў Аляксандр Каляга, які да акупацыі быў сакратаром мясцовай гарадской арганізацыі партыі бальшавікоў. Партыйныя ячэйкі былі створаны і ў шэрагу іншых населеных пунктаў, у тым ліку на ст. Крулеўшчына. Адначасова з партыяй фарміраваўся і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Праяўлялі актыўнасць суполкі Беларускай сялянска-рабочай грамады. Барацьбіты адзначалі пралетарскія святы, распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, удзельнічалі ў кампаніях у абарону палітычных вязняў.

Польскія ўлады жорстка распраўляліся з актывістамі. У віленскай турме “Лукішкі” памёр ад катаванняў Іван Лукашэвіч з в. Падомхі. Шмат гадоў правёў у гэтай турме Міхаіл Квачонак з в. Лапуты, якога пасля вызвалення агенты паліцыі ўтапілі ў рацэ. Некалькі гадоў знаходзіўся ў зняволенні і памёр там Іван Таляронак з в. Малажане.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія войскі рухаліся шырокім фронтам, і да сярэдзіны верасня практычна ўся карэнная Польшча была захоплена. І толькі тады, калі акупанты ўшчыльную падышлі да Заходняй Беларусі, Чырвоная Армія перайшла мяжу і ўзяла пад абарону нашы спрадвечныя землі, адрэзаныя ў 1921 годзе згодна з Рыжскім мірным дагаворам.

Вызваленчы паход пачаўся якраз 17 верасня. У гэты ж дзень савецкія войскі занялі Докшыцы. Поўны кантроль над тэрыторыяй Заходняй Беларусі быў устаноўлены да 10 кастрычніка.

Асноўная частка насельніцтва сустракала савецкіх салдат кветкамі і хлебам-соллю.

На тэрыторыі вернутых у родную гавань зямель аднаўлялася вытворчасць, адбываўся падзел памешчыцкай і царкоўнай зямлі, адкрываліся беларускамоўныя школы. Беларусь стала адзінай.

Шахматы Андрэя Качана

Шахматы Андрэя Качана

 

Хто такі Андрэй Качан, аўтар хлебна-пясчаных шахмат і вязень віленскай турмы?

Музейны рукапісны дакумент расказвае, што Андрэй Васільевіч з’явіўся на свет у вёсцы Барсукі Глыбоцкага павета ў 1900 годзе. З 1925-га пачаў падпольную работу ў сваёй мясцовасці. Да прыкладу, дзесьці ў 1926 годзе ў Барсуках падпольшчыкі вывесілі ўшыркі праз вуліцу чырвонае палотнішча з заклікам: “Прэч, паны, з нашай Беларусі!”. У наступным годзе Андрэя арыштавалі. У турме правёў год з кайданкамі на руках. Дадому вярнуўся ў 1928-м і заставаўся пад наглядам паліцыі. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працаваў у калгасе, а ў час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі.

 

DSCN7503+

Мікалай Трахінін, дырэктар Бягомльскага музея народнай славы:

– У Бягомльскім музеі захоўваюцца каштоўныя экспанаты, якія расказваюць пра мужную барацьбу падпольшчыкаў за аб’яднанне Беларусі. Гэта архіўныя дакументы, фотаздымкі, уласныя рэчы. Сярод іх, напрыклад, шахматы, зробленыя з хлеба і пяску вязнем віленскай турмы “Лукішкі” Андрэем Качаном у 1928 годзе. Дошка і фігуры на ёй як сімвал нашай шматпакутнай Радзімы ды яе сыноў і дачок. Воляй лёсу яны былі падзелены на “чорных” і “белых”, стаўшы заложнікамі жорсткай палітычнай гульні.

Напярэдадні Дня народнага адзінства супрацоўнікі арганізавалі ў адной з залаў выставу “Сіла Беларусі – у адзінстве народа”. На ёй прадстаўлены звесткі пра жыццё землякоў, якія змагаліся за аб’яднанне на тэрыторыі раёна і не толькі. На экскурсіях расказваем пра такіх вядомых дзеячаў падполля ў Заходняй Беларусі, як Вера Харужая, Максім Танк, Станіслаў Ваўпшасаў. Апошні, дарэчы, кіраваў падполлем на Докшыччыне ў 1920–1927 гады.

 

DSCN7535

Алена Ганус, малодшы навуковы супрацоўнік Бягомльскага музея:

– Асаблівую ўвагу наведвальнікаў музея прыцягвае карціна мастака Уладзіміра Мінейкі “Подзвіг 13”, якая адлюстроўвае гераічны бой атрада 43-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі супраць белапалякаў. Ён адбыўся ў 1920 годзе ў вёсцы Асавы на Бягомльшчыне, дзе перад 13 чырвонаармейцамі стаяла задача затрымаць ворага. Задачу салдаты выканалі, аднак усе загінулі. Пасля вызвалення вёскі герояў пахавалі ў Брацкай магіле. Мясцовыя жыхары ўзвялі на месцы пахавання помнік.

 

У экспазіцыі Бягомльскага музея фотаздымкі ўраджэнца Докшыц, удзельніка падполля Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1930-х  гадах Лукі Кустоўскага – да і пасля Лукішскай турмы ў Вільні

У экспазіцыі Бягомльскага музея фотаздымкі ўраджэнца Докшыц, удзельніка падполля Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах Лукі Кустоўскага – да і пасля Лукішскай турмы ў Вільні

 

Карціна “Подзвіг 13”

Карціна “Подзвіг 13”

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Бягомльскага музея народнай славы.

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла супрацоўнікам Бягомльскага музея народнай славы, а таксама настаўніцам Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча Але Сушко і Тамары Міхайлоўскай.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *