90-летний юбилей празднует Бегомльский лесхоз

IMG_2695

Сёлета ў Бягомльскага лясгаса значная падзея – калектыў у амаль чатыры сотні чалавек адзначае 90-гадовы юбілей арганізацыі. Наш лясгас не першы год у флагманскай пяцёрцы вобласці па паказчыках гаспадарчай дзейнасці, шмат разоў прызнаваўся лепшым сярод арганізацый лясной гаспадаркі паўночнага рэгіёна.

Але гэты артыкул не пра лічбы. З нагоды такой прыгожай даты пагартаем слаўныя гістарычныя старонкі станаўлення арганізацыі і акцэнтуем увагу на людзях, якія будавалі падмурак дабрабыту Бягомльскага лясгаса і ўмацоўваюць яго сёння.

У свой час арганізацыю ўзначальвалі: Ермакоў (з 1936 па 1939 год; ініцыялы не ўстаноўлены, былы ляснічы Мсціжскага лясніцтва); К.Д Патапенка (1939– 1942 гг.), У.М. Скірдзінскі (1944–1946 гг., ляснічы Жамойскага лясніцтва); Шалапуха (1946–1947 гг.); М.Л. Дзербан (1947–1950 гг., былы камандзір партызанскай брыгады); Д.Я. Акаловіч (1950–1958 гг.); Р.І. Здораўцаў (1958–1961 гг.); В.І. Казіцкі (1961–1966 гг.); М.Я. Зайцаў (1966–1980 гг.); Г.М. Артамонаў (1980–1989); У.А. Яцкевіч (1989–1997 гг.); В.М. Казлоўскі (1997–2002 гг.); І.С. Матэцкі (2002–2006 гг.); А.І. Пракопаў (2006–2017 гг.).

З 2018 года ля штурвала магутнага карабля пад назвай “Бягомльскі лясгас” Аляксандр Іванавіч Давідовіч, стаж работы якога ў родным лясгасе большы за 35 гадоў.

Гістарычны экскурс

У пачатку ліпеня 1936 года Пастановай СНК БССР на базе Бягомльскага леспрамгаса быў арганізаваны Бягомльскі лясгас. Ён складаўся з чатырох лясніцтваў – Бягомльскага, Бярэзінскага, Жамойскага і Мсціжскага – і ўваходзіў у Мінскае тэрытарыяльнае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў.

Значнае змяненне мяжы лясгаса адбывалася ў другой палове мінулага стагоддзя.  У 1960 годзе было арганізавана Вітуніцкае лясніцтва, Жамойскае перайменавалі  ў  Замастоцкае, Мсціжскае перадалі Барысаўскаму лясгасу. У гэтым жа годзе ў склад лясгаса прынята Докшыцкае лясніцтва Глыбоцкага лясгаса. Менавіта яно адносіцца да ліку 25 лясніцтваў, якія былі створаны ў Беларусі яшчэ ў 1896 годзе. Лясніцтва размяшчаецца ў мястэчку Даўгінава Віцебскай губерні на плошчы 16,5 тысячы дзесяцін. У 1971 годзе на базе гэтага лясніцтва ўтварыліся два – Параф’янаўскае і Докшыцкае.

Падчас лесаўладкавання 1975 года канчаткова склалася тэрыторыя, якая праіснавала без пэўных змен да лесаўладкавання 1996 года. У 2000 годзе ў склад лясгаса прынялі больш за 16 тысяч гектараў зямель ад сельгаспрадпрыемстваў. Гэта стала падставай для стварэння Валкалацкага лясніцтва, Бярэзінскае ж было перададзена ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.

У пачатку дзвюхтысячных на базе Докшыцкага, Бягомльскага і Вітуніцкага арганізавалася Прудніцкае лясніцтва. Першапачаткова для канторы арандаваўся прыватны дом, а ў 2005 годзе быў пабудаваны новы адміністрацыйны будынак у Прудніках. У красавіку 2010 года ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі работнікі лясгаса заклалі на тэрыторыі Прудніцкага лясніцтва Алею памяці з 19 клёнаў у гонар ветэранаў і вязняў Вялікай Айчаннай вайны, якія ў свой час працавалі ў лясгасе. Сімвалічна, што ў закладцы алеі прыняў удзел ветэран вайны Георгій Бусло, які больш за 23 гады адпрацаваў у лясгасе вадзіцелем. Увогуле, у арганізацыі клапатліва сабралі цікавы матэрыял пра сваіх работнікаў – ветэранаў вайны – з фотаздымкамі і біяграфічнымі даведкамі.

Ветэраны працы

Адразу адзначым, што пералічыць усіх ветэранаў працы лясгаса, чый стаж работы пераваліў за трыццаць гадоў, немагчыма. Як-ніяк, адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна. Ды і спецыфіка яго такая, што выключная большасць тых, хто аднойчы звязаў лёс з лесам, рэдка адмаўляецца ад намечанага шляху. А шлях гэты няпросты: у любую пару года і любое надвор’е лесу патрэбен гаспадар. Сцёртыя ў кроў ногі, рой аваднёў над галавой, “скручаныя” спіны – паспрабуйце з дня ў дзень выходзіць на абход ці пацягаць пілу. Часу на дэпрэсіўныя думкі дакладна не будзе.

Вяртаючыся да ветэранаў. Ёсць у кожнай арганізацыі людзі, якіх памятаюць дзякуючы не трыццаці з гакам дзясяткам гадоў стажу, а іх стараннасці, адданасці аднойчы выбранаму шляху, прафесійнай і чалавечай мудрасці. Напрыклад ветэраны-ляснічыя Анатолій Навічонак і Анатолій Плуч шмат гадоў узначальвалі Бярэзінскае і Бярозкаўскае лясніцтвы, якія неаднаразова былі пераможцамі вытворчых спаборніцтваў не тое што ўнутры арганізацыі, але і ў вобласці (!). Ударнік камуністычнай працы трактарыст-машыніст С.А. Мікульскі і брыгадзір брыгады па вытворчасці хваёвай мукі В.В. Шаркевіч шмат разоў былі адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі за працу.

Больш за тры дзесяцігоддзі жыцця прысвяцілі прымнажэнню ляснога багацця П.Е. Каляга, Б.П. Закалінскі, В.П. Згібнеў, А.М. Стралец, В.Р. Каляга, Д.Д. Махонь, І.В. Іваноў, Т.С. Сушкевіч, А.Р. Баранаў, М.П. Руткоўскі, А.А. Бобрык, Н.І. Серабранская, У.І. Адамовіч, С.М. Здораўцава, В.Я. Каляга, Г.В. Аліева, І.Г. Альхімёнак, Г.М. Яцкевіч і многія іншыя нашы землякі.

Дарэчы, што тычыцца Ніны Ільінічны Серабранскай, то яна мае цудоўны паэтычны талент і стала сааўтарам гімна лесаводаў Бягомльскага лясгаса, прысвяціўшы калегам такія цудоўныя радкі:

 

Лес достоин

Лес достоин того, чтоб о нем говорить

Высочайшей строкою поэта.

Наше дело – лесное богатство хранить,

И почетна профессия эта.

Тихий шелест берез, свежий запах сосны –

Это все нам до боли знакомо.

И суровый мороз, и дыханье весны –

Не в гостях мы у леса, а дома.

Вот на вырубке кто-то несмелой рукой

Первый в жизни росточек сажает,

Ну а кто-то секреты работы лесной

Молодым изучать помогает.

Технологии новые к людям спешат,

Рядом с птицами дроны кружатся.

А природа по-прежнему радует взгляд,

В изумруды спешит наряжаться.

Не изменится этот закон вековой,

И, куда б ни шагнула наука,

Посади свое дерево ранней весной,

Пусть растет достоянием внуков.

Лес достоин того, чтоб о нем говорить

Высочайшей строкою поэта.

Наше дело – лесное богатство хранить,

И почетна профессия эта.

Дзень сённяшні

Уявіць сапраўдны маштаб Бягомльскага лясгаса нашмат паўней магчыма, напэўна, толькі тады, калі пабываеш на яго лесааднаўленчых і вытворчых аб’ектах. Напрыклад, усе восем лясніцтваў, вобразна кажучы, лясгас у мініяцюры: адрамантаваны ці пабудаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, тэрыторыі ў кветках, вакол альтанкі, лавачкі, драўляныя скульптуры, у многіх разбіты дэндрасады. На ўласным гадавальніку, які лясгас увёў адным з першых у вобласці, круглы год кіпіць работа. Цэхі дрэваапрацоўкі аснашчаны самым сучасным абсталяваннем і загружаны работай у дзве змены. На вытворчай тэрыторыі лясгаса прыемны пах гатовай прадукцыі: раўнюткія дошкі розных якасцей і памераў чакаюць свайго пакупніка. Участак загрузкі вагонаў таксама мадэрнізаваны, завод па вытворчасці паліўных гранул працуе на агульны вынік.

– Плошча лясгаса складае больш за 76,4 тысячы гектараў. Мы мяжуем з Бярэзінскім запаведнікам, Тумілавіцкім лясніцтвам, якое адносіцца да Глыбоцкага лясгаса, Пастаўскім, Лагойскім, Барысаўскім лясгасамі і Мядзельскім нацыянальным паркам, – адзначае дырэктар Бягомльскага лясгаса Аляксандр Давідовіч. – Па-сутнасці, займаемся лесаўзнаўленнем і лесаразвядзеннем, за якія адказвае галоўны ляснічы Сяргей Класоўскі, з другога боку – лесанарыхтоўкай і дрэваапрацоўкай, а гэта вотчына галоўнага інжынера Руслана Зінкевіча. У дадатак юбілейны год прынёс нам выпрабаванне на трываласць – небывалы ветравал, падобнага да якога не памятаюць нават старажылы. Пашкоджана больш за 1560 гектараў лесу. Але ў сённяшніх рэаліях адна дзейнасць без другой немагчымая. Прадпрыемства працуе стабільна, заробленае людзі атрымліваюць у тэрмін, для моладзі прадугледжваем службовае жыллё. Лічу, што ў нас моцны і дзейсны калектыўна дагавор, пастаянна мадэрнізуем тэхналагічны працэс. Наша прадукцыя даўно сертыфіцыравана па міжнародных стандартах, пастаянна карыстаецца попытам. Працэс нарыхтоўкі драўніны імкнёмся максімальна механізаваць. Зразумела, што поўнасцю зрабіць гэта немагчыма. З павелічэннем плошчаў разліковых лесасек закуплялі і працягваем набываць новую тэхніку. Паралельна вырошчваем насенны матэрыял дрэў, нарыхтоўваем насенне. Ёсць і шэраг дадатковых паслуг: экасцежка, паляўнічы турызм. Так і размяркоўваем сілы і сродкі – у балансе гэтых бясконцых працэсаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць калектыву за працу, а ветэранам – за адданасць нашай справе лесаводаў. Жадаю ўсім самага галоўнага: здароўя, крыху ўдачы, дабрабыту ў сем’ях і мірнага неба.

12-09-2025 Фото Алисы Другаковой. Бегомльский район. Работники Бегомольского лесхоза. Елена Синявская, мастер леса Дмитрий Глазко, лесничий Лесное хозяйство

12-09-2025 Фото Алисы Другаковой. Бегомльский район. Работники Бегомольского лесхоза. Елена Синявская, мастер леса Дмитрий Глазко, лесничий Лесное хозяйство

IMG_6310 IMG_6314 IMG_6315 IMG_6331 IMG_6334 IMG_6345 IMG_6360 IMG_6375

Спецпраект падрыхтавала Наталля СТАШЭВІЧ. Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА і з архіва Бягомльскага лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *