Трудолюбие, неравнодушие, доброжелательность, коммуникабельность – всем этим наделен сполна Игорь Батура, механизатор ОАО “Бегомльское”

Механізатар МТК “Бягомль” Ігар Батура.

Механізатар МТК “Бягомль” Ігар Батура.

Стаж работы  механізатара ААТ “Бягомльскае” Ігара Батуры – 45 гадоў, і гэта не канчатковая лічба.  Ігар Васільевіч, хоць і выйшаў на пенсію яшчэ ў 2021-м, як сам кажа, руль трактара не змог кінуць. Чацвёрты год рупіцца на МТЗ-82 з кормараздатчыкам на малочнатаварным комплексе “Бягомль”, і водгукі аб яго рабоце толькі станоўчыя.

Як сумленнага, надзейнага і вельмі адказнага работніка характарызуе героя артыкула дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Навіцкі.

– Больш за тое: ён безадмоўны! – зазначае кіраўнік аддзялення МТК “Бягомль” Ірына Васілевіч. – Наш Васільевіч – залаты чалавек. Ёсць неабходнасць – прыйдзе на дапамогу ў любы час сутак, і ніколі ад яго не пачуеш: гэта ў мае абавязкі не ўваходзіць. Трэба ваду падвезці – падвязе, жывёлу “перадыслацыраваць” – без праблем, парадак на тэрыторыі наводзім – прымае самы актыўны ўдзел… Стараннасць, неабыякавасць, працавітасць, добразычлівасць, камунікабельнасць – усім гэтым Ігар Батура надзелены спаўна і з’яўляецца прыкладам для маладых работнікаў комплексу.

Ігар Васільевіч нарадзіўся і вырас у вёсцы Ваўча, пасля стаў жыхаром Бягомля. За амаль паўвека працоўнай дзейнасці ад сваёй гаспадаркі адрываўся на дзесяць гадоў, ды і то часткова: з восені да вясны працаваў у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, а з надыходам гарачай пары ў сельскай гаспадарцы вяртаўся на родныя палеткі. Даводзілася і сеяць, і на корманарыхтоўцы шчыраваць, і з прэс-падборшчыкам выязджаць на нівы, і хімпраполкай пасеваў займацца, прынамсі, як любому трактарысту-ўніверсалу, што і жнец, і шавец, і на дудзе ігрэц. Стараннасць і прафесіяналізм механізатара не заставаліся незаўважанымі, адзначаліся граматамі і падзякамі на раённым і абласным узроўнях.

Чатыры памяшканні комплексу, дзе размяшчаецца ўсё пагалоўе, Ігар Батура абслугоўвае ў
адзіночку, без выхадных і святочных дзён. Не скардзіцца на загружанасць, наадварот, зазначае, што вельмі любіць сваю работу і дома нізавошта не змог бы ўсядзець. На кормараздатчыку ўстаноўлены бартавы камп’ютар, які звязаны з планшэтам у кабіне, таму механізатар дакладна ведае, якія ў кожным хляве і кожнай секцыі нормы расходу кармоў, і строга іх прытрымліваецца пры раздачы. Працуе штодзень з шасці гадзін раніцы і прыкладна да дзесяці, а затым з шаснаццаці да дзевятнаццаці гадзін вечара. Кажа, графікам такім задаволены, бо і ўвечары не надта позна прыязджае дадому, і днём ёсць дастаткова часу на хатнія справы і вырашэнне якіхсьці пытанняў, скажам, у Докшыцах. Зазначае, што на працягу сваёй дзейнасці ў жывёлагадоўчай галіне ніводнага разу не быў на бальнічным.

– Папрацую яшчэ, канечне, бо на пенсію я выйшаў ільготную, шэсцьдзясят тры мне яшчэ толькі споўніцца, і здароўе пакуль дазваляе, – дзеліцца напрыканцы размовы гэты сапраўды вельмі энергічны, па-маладому вёрткі, абаяльны і прыязны чалавек. – Работа падабаецца, кіраўніцтва гаспадаркі цэніць, а гэта, вядома, і радуе, і стымулюе. У сваю чаргу вельмі паважаю дырэктара Аляксандра Веньямінавіча Навіцкага, усіх спецыялістаў нашай гаспадаркі. Акрамя таго, у калектыве мне не проста камфортна – здорава, таму і справа спорыцца, і настрой адпаведны. Тыл у асобе любімай жонкі, якая ўжо таксама на пенсіі, надзейны. Зарплата дастойная. А яшчэ ж і бонусы ўсякія: напрыклад, днямі цудоўныя харчовыя падарункі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі атрымалі. Ды і, сказаць па праўдзе, не ўмею жыць не працуючы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *