Николай Яцкевич из деревни Клепицы принимал участие в прорыве блокады под Ушачами
У юбілейны год Вялікай Перамогі, напярэдадні святочнай даты, рэдакцыя “РВ” сумесна з райкамам ГА “БРСМ” запусцілі анлайн-праект “Подвиг деда для Победы”. Неабходна было даслаць у чат-бот “Родных вытокаў” невялікую сямейную гісторыю пра блізкага чалавека, якому давялося зведаць ваеннае ліхалецце, і два здымкі: знятага ў той час родзіча і сваё сённяшняе. Пры дапамозе спецпраграмы людзі на фота “ажывалі”, і ўдзячны нашчадак абдымаў свайго продка.
У адным з такіх паведамленняў знаходзіліся здымак сяржанта Мікалая Яцкевіча і яго праўнука, а таксама інфармацыя пра ветэрана. Адчувалася, што яе збіралі скрупулёзна, і не адзін дзень.
Конкурс
Сапраўды, сямейныя фотаздымкі і ўзнагароды Мікалая Яцкевіча, што беражліва захоўваюцца яго дачкой Алай Камінскай, сталі прадметам вучнёўскага даследавання. Навучэнка Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Вікторыя Каланіцкая разам з настаўніцай Наталляй Рандарэвіч падрыхтавалі работу на конкурс “Гартаючы старонкі сямейнага альбома”. Яе асноўную частку складае аповед пра жыццёвы шлях Мікалая Яцкевіча, занатаваныя ўспаміны, фотаздымкі розных гадоў.
Жыццё і ўспаміны
Мікалай Яцкевіч нарадзіўся 27 жніўня 1924 года ў сялянскай сям’і Міхаіла Іванавіча і Васілісы Пятроўны ў вёсцы Кляпіцы. Скончыў чатыры класы беларускай школы.
З 1941 года знаходзіўся ў школе ФЗН (фабрычна-заводскае навучанне). Раніцай 25 чэрвеня наляцела нямецкая авіяцыя і пачала бамбіць аэрадром у вёсцы Малажане. Кіраўніцтва школы распусціла навучэнцаў. Мікалай накіраваўся дадому ў Кляпіцы. Як і многім падлеткам, юнаку даводзілся часта хавацца, каб не павезлі ў Германію.
Праз два гады, у верасні 1943 года, немцы спалілі вёску. Мікалай узяў дзве прыхаваныя рускія вінтоўкі, якія знайшоў раней, калі нашы адступалі, і пайшоў у партызаны. Трапіў у брыгаду А.Д. Мядзведзева (пазней ёй будзе прысвоена імя ЦК КП(б)Б. – Рэд.).
“Нас навучылі карыстацца толам, каб мы маглі ўзрываць чыгунку. Дадуць 10 шашак падматаць да стыку рэек ад станцый Валодзькі, Круляўшчызна і да Падсвілля”.
Аднойчы група з васьмі чалавек, у якой Мікалай быў кулямётчыкам, атрымала заданне знішчыць мост ва ўрочышчы Вінцэнтова, недалёка ад Янушэва. Для гэтага партызаны выкарыстоўвалі нямецкія бомбы, што не ўзарваліся пры падзенні. Калі ж вораг выявіў групу, моста ўжо не было, а разам з ім і 11 патрульных фрыцаў.
У адным з баёў Мікалай атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся ў брыгаду імя У.І. Леніна. У красавіку 1944 года, на Вялікдзень, пачалася блакада (нямецкая карная аперацыя “Вясновае свята”, якая была накіравана супраць партызан і мірнага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Толькі ноччу з 4 на 5 мая вогненнае кальцо блакады было разарвана, партызанскія фарміраванні нанеслі моцны ўдар праціўніку і выйшлі з акружэння.– Рэд.) “Брыгад было многа. Мы былі акружаны, даводзілася выходзіць з блакады, хто як мог, ва ўсе бакі. Прабіраліся паміж Падсвіллем і Зябкамі. Начальнік штаба брыгады Сяргей Сафонаў узяў мяне ад’ютантам, даў каня. На ім я перапраўляўся праз раку за вёскай Зябкі. Плаваць не ўмеў, трымаўся за грыву.
Далей рушылі праз зараснікі і трапілі на засаду: нямецкі бункер з кулямётам. Аднак назад дарогі ўжо няма. Было нас 9 чалавек. Вырашылі стаяць да апошняга патрона, толькі не здавацца.”
Лёс зміласцівіўся. Партызаны пашкадавалі нямецкага салдата, які выйшаў з бункера па патрэбе, і ў знак падзякі той не пачаў страляць.
Затым група накіравалася ў Астравецкі раён, дзе адбіла ў немцаў станцыю Гудагай, перарэзала ім шляхі да адступлення. А праз некалькі дзён далучыліся да войскаў Чырвонай арміі.
Потым Мікалай Яцкевіч трапіў у горад Багародск Горкаўскай вобласці, дзе вучыўся на шафёра і танкіста. Тры месяцы – і на фронт. У складзе 620-й асобнай аўтатранспартнай роты падвозіў боепрыпасы да перадавой. Давялося нават кіраваць амерыканскімі студэбекерамі. Так юнак і дайшоў да Берліна.
Пасля заканчэння вайны Мікалай Яцкевіч атрымаў званне сяржанта, служыў загадчыкам склада, на перавалачнай базе ў Варшаве, Шчэціне. У чэрвені 1947 года дэмабілізаваны.
Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, мноствам юбілейных медалёў.
Мірнае неба
Вярнуўшыся, Мікалай Яцкевіч ажаніўся з Антанінай, дзяўчынай з роднай вёскі. Уладкаваўся шафёрам у палітаддзел Крулеўшчынскай МТС, потым адпрацаваў 10 гадоў у саўгасе “Докшыцкі”. У 1968 г. прызначаны загадчыкам саўгаснай нафтабазы. На заслужаны адпачынак Мікалай Міхайлавіч пайшоў у 1987 годзе.
За добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі Мікалай Яцкевіч узнагароджаны медалём ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і ЦК прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспадаркі, медалём “Ветэран працы”, шматлікімі граматамі. Часта атрымліваў грашовыя прэміі.
Разам з жонкай яны пражылі амаль 60 гадоў.
Механічны гадзіннік з боем Мікалай Яцкевіч прывёз у падарунак каханай Антаніне з вызваленага ад фашыстаў Берліна. Вялікі драўляны корпус давялося пакінуць, бо займаў многа месца. А дома Мікалай – майстар на ўсе рукі – зрабіў новы. Верай і праўдаў служыў трафейны гадзіннік сваім гаспадарам. А зараз беражліва захоўваецца нашчадкамі як памяць, як сведка гісторыі роду.
Падрыхтавала Наталля ВАСЬКО.