Еще четыре сельхозорганизации в Докшицком районе приступили к севу

Хоць на ўзлесках яшчэ ляжыць снег,   механізатар Андрэй Ганус упэўнены:  час сеяць надышоў.

Хоць на ўзлесках яшчэ ляжыць снег, механізатар Андрэй Ганус упэўнены: час сеяць надышоў.

Пасяўная кампанія ў раёне паступова набірае абароты. Да сітцаўскіх аграрыяў, якія прыступілі да сяўбы на мінулым тыдні, на гэтым далучыліся яшчэ чатыры гаспадаркі. Сярод іх – ААТ “Бягомльскае”.

Тэхніка ў сельгаспрадпрыемстве да веснавых палявых работ падрыхтавана належным чынам. Непасрэдна на сяўбе зараз заняты вопытны механізатар Андрэй Ганус, рыхтуецца да выезду ў поле яшчэ адзін пасяўны агрэгат. Пры спрыяльных умовах надвор’я і разумнай арганізацыі працы, у якой сумнявацца не прыходзіцца, пасяўную кампанію ў “Бягомльскім” спадзяюцца правесці своечасова – за дзень Андрэй Уладзіміравіч на сваім новенькім, яшчэ няма і года, магутным МТЗ-3522 засявае элітным насеннем піваварнага ячменю, у залежнасці ад даўжыні прагону поля, прыкладна 35-40 гектараў.

Механізатара заспелі на палетках каля вёскі Скураты. Сёлетняя пасяўная кампанія для яго менавіта ў гэтай гаспадарцы чацвёртая, а агульны хлебаробскі стаж перавышае ўжо два дзесяцігоддзі. З якім настроем прыступілі да працы? – з такім пытаннем звярнуліся да Андрэя Уладзіміравіча.

– Як і кожную вясну, сэрца ахоплівае пачуццё прыемнай узрушанасці: у чарговы раз асэнсоўваеш сваю патрэбнасць, адказнасць за давераны табе этап, калі так можна сказаць, стварэння хлеба. У сённяшніх рэаліях адказнасць гэта яшчэ больш павысілася: у свеце неспакойна, што, канешне ж, адбіваецца на дастатковай наяўнасці як хлеба, так і іншых харчовых прадуктаў на сусветным рынку. Справядліва гаворыць наш Прэзідэнт пра тое, што не варта спадзявацца на імпартныя тавары: што вырасцім на сваёй зямлі, тое і будзем спажываць. Асабіста для мяне засеяныя нівы – гэта сімвал надзейнасці, спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Ну і гонар за нашу агульную справу, зробленую як след.

У гэтым сейбіта падтрымлівае і яго калега Аляксандр Асіповіч, які падвозіць і загружае збожжа ў пасяўны агрэгат.

У “Бягомльскім”, а таксама ў “Барсучанцы” і “АграСітцах” вядуцца адначасова работы па падсеве шматгадовых траў на пашы. Лідарства тут трымаюць сітцаўчане, дзе травы падсеяны ўжо больш чым на 72 гектарах. Адначасова актыўна праводзіцца падкормка азімых збожжавых. Найбольшы аб’ём работ трэба правесці аграрыям ААТ “Таргуны”, дзе азімы збожжавы клін складае амаль чатыры тысячы гектараў – траціну ад агульнай плошчы па раёне. Амаль палова гэтых работ па стане на 26 сакавіка ў гаспадарцы выканана. Добрымі тэмпамі рухаюцца бегамльчане – 54 працэнты, ДП “АграСітцы” – 31,5 працэнта, ААТ “Барсучанка” – 27 працэнтаў. Ідзе таксама падкормка азімага рапсу, уносяцца калійныя ўгнаенні пад сяўбу. Застаецца толькі спадзявацца на міласць “нябеснай канцылярыі” ў плане спрыяльнага надвор’я.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *