Весна не время сидеть без дела, считает Зинаида Спиридович, старейшина деревни Залядье Бегомльского сельсовета

Юлія Даўгапалец, Зінаіда Спірыдовіч і Любоў Румак (злева направа): будучы ўраджай закладзены!

Юлія Даўгапалец, Зінаіда Спірыдовіч і Любоў Румак (злева направа): будучы ўраджай закладзены!

Вясна не час сядзець без справы. Так лічыць старэйшына вёскі Заляддзе, што ў Бягомльскім сельсавеце, Зінаіда Спірыдовіч. На дзявятым дзясятку свайго жыцця гэта жанчына, якая мае больш чым саракагадовы працоўны стаж, застаецца актыўнай і дзейнай, бачыць ва ўсім пазітыў і цягнецца да людзей.

Зінаіда Ільінічна, ураджэнка вёскі Ліпск, пра якую нядаўна пісалася ў нашай газеце ў праекце “Вёсачка мая”, у поўнай меры валодае тымі рысамі, якія вызначаюць тутэйшых жыхароў, – адкрытасцю, добразычлівасцю і сяброўскасцю. Па ўсім бачна, нешматлікія жыхары Заляддзя такія ж дружныя. Так, падчас нашага прыезду адна з сябровак гаспадыні ўжо была ў яе ў гасцях, а другая прыйшла ў хуткім часе.

– Гэта ж у мяне, гляньце, колькі расады падрастае, на цэлую плантацыю, – паказвае Зінаіда Ільінічна на застаўленыя зялёнымі гадаванцамі падаконнікі, сталы і шафкі. – Мне самой столькі не трэба, хаця па-ранейшаму на зіму шмат нарыхтовак раблю, бо і агарод немалы, і цяпліцы. З радасцю дзялюся расадай з іншымі: штосьці так аддаю, нейкімі сартамі мяняемся. Мае дарагія Люба і Юля, з якімі я, як кажуць, у радасці і горы ўжо доўгія гады, дапамогуць зараз у карпатлівай рабоце па пікіраванні і падкормцы сеянцаў. Многае робім разам: і хутчэй, і весялей.

Старэйшына гэтай кампактнай і вельмі ўтульнай вёсачкі, у якой зімой свецяцца вокны ў сямі хатах, з вялікай цеплынёй пра яе распавядае.

– Прыязджайце да нас летам, – кажа, – тут усе двары патанаюць у кветках і кіпіць жыццё. І вёска наша прыгожая, і людзі дастойныя, – дадае з гонарам.

Сапраўды, вяртаючыся ў рэдакцыю, мы налічылі ў Заляддзі 22 хаты, з якіх з прыкметамі запусцення была толькі адна. Не прадаецца хата бацькоў – гэта якраз пра выхадцаў з вёскі, якія, хоць і жывуць пастаянна ў іншых месцах, а ад родных хат не адарваліся. Парадаваліся ад душы.

Зінаіда Спірыдовіч у Заляддзі ўжо 65 гадоў – з тае пары, як выйшла замуж. Старэйшынай з’яўляецца таксама даўно, ужо і не можа прыпомніць, колькі часу. Адзначае, што на такой пасадзе маглі б быць усе яе аднавяскоўцы, бо, калі трэба вырашыць якое пытанне бытавога ці грамадскага характару, ніхто не застаецца ўбаку. “Цяпер у нас на павестцы дня грэйдзіраванне дарогі да могілак, – паведамляюць жанчыны. – Думаем, што калі звернемся па дапамогу, нам не адмовяць”.

Зінаіда Ільінічна ўсё жыццё адпрацавала ў сельскай гаспадарцы, дакладней, у жывёлагадоўлі. І аператарам машыннага даення была, і тэхнікам-асемянатарам, і брыгадзірам на ферме. Да ўсяго яна нарадзіла і вырасціла пяцярых дзяцей, за што адзначана “Медалём мацярынства”. Яе мацярынскае шчасце азмрочана смерцю сына і старэйшай дачкі, якую пахавала, ужо будучы ўдавой, зусім нядаўна. На пытанне, дзе бярэ сілы пераадольваць гора, адказвае проста: “Не закрываюся ад людзей. Дзелішся з імі радасцю – яна расце і большае, а бяда лягчэй пераносіцца”.

У свае восемдзесят два наша гераіня шмат працуе. Кажа, не можа дачакацца вясны, каб паскорыць запаволены тэмп жыцця. А яшчэ яна ездзіць на веласіпедзе па справах, а таксама ў лес, багаты на грыбы і ягады. Цікавімся, ці не страшнавата, бо, пэўна ж, мядзведзі дзесь паблізу ёсць.

– Ёсць! – у адзін голас выгукваюць жанчыны і ахвотна дзеляцца гісторыямі сустрэч з касалапымі. Зінаіда Ільінічна са смехам распавядае, як убачыла – зрок жа ўжо не той – у сваім агародзе вялікага калматага сабаку, які штосьці шукаў у градах. Падышла бліжэй і стала пакрыкваць, спрабуючы выгнаць нежаданага госця. І тады толькі ўбачыла, што не сабака гэта, а медзведзяня. Не надта зважаючы на яе пакрыкванні, жывёліна паволі пасунулася праз луг да бліжэйшага лесу. “Атрымаў недзе на арэхі ад маці за сваё бадзянне”, – гаворыць пра гэты эпізод як пра штосьці зусім звыклае і па-мацярынску цёпла.

Тым не менш у лес жанчыны не перасталі наведвацца. Калі гуртам, жартуюць, дык і мядзведзя можна напужаць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *