Имя рабочего РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Андрея Казаченка занесено на Доску почета предприятия
Андрэй Казачонак працуе рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” больш за 15 гадоў. Сёлета напярэдадні свайго прафесійнага свята ён быў узнагароджаны Падзякай старшыні раённага Савета дэпутатаў. Узнагарода аказалася нечаканай і разам з тым вельмі важкай.
– Вельмі хваляваўся, калі трэба было падымацца на сцэну, – гаворыць Андрэй Станіслававіч. – Перавёў дыханне толькі тады, калі спусціўся ў залу і прысеў на месца. Канешне, прыемна, што маю працу, на першы погляд такую незаўважную, высока ацанілі.
Пасля школы Андрэй вучыўся на зваршчыка ў Вілейскім тэхнікуме, але працаваць па спецыяльнасці давялося толькі год. Душа так і не лягла да гэтай справы. Тады Тамара Уладзіміраўна Цынковіч, былы начальнік участка па эксплуатацыі жыллёвага фонду, прапанавала маладому хлопцу пайсці рабочым.
– Адразу згадзіўся і ніколі не пашкадаваў, – сцвярджае Андрэй. – Работа заўсёды розная. Гэта рамонт дахаў і пад’ездаў, зімой – уборка снегу каля шматкватэрных дамоў, летам – абкошванне дваровых тэрыторый. Дарэчы, летась мне выдзелілі новенькі трымер. Інструмент надзейны, не падводзіць.
Нядаўна наша брыгада ездзіла ў Таргуны. Там на вуліцы Маладзёжнай на двухпавярховым доме рамантавалі дах, які пашкодзіў моцны вецер. Праз колькі дзён залівалі ганак на вуліцы Палявой, 36 у райцэнтры. Зрабілі касметычны рамонт у інтэрнатах, якія знаходзяцца на абслугоўванні камунгаса. Напрыклад, на вуліцы Школьнай на агульнай кухні атынкавалі столь і сцены, пафарбавалі іх. Устанавілі дзве новыя электрычныя пліты. Усё для таго, каб людзі адчувалі камфорт.
Дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі ў дварах шматкватэрных дамоў – у тым ліку справа рук рабочага.
– Андрэй зарэкамендаваў сябе працалюбівым работнікам, – адзначае начальнік участка па эксплуатацыі жыллёвага фонду РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дар’я Лісіца. – Добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, падтрымлівае сяброўскую атмасферу ў калектыве. У гэтым годзе яго імя занесена на Дошку гонару нашага прадпрыемства.
Па сваёй натуры Андрэй Казачонак вельмі сціплы. Гаварыць пра сябе многа не любіць. Аднак усё ж падзяліўся, што захапляецца многім, асабліва электронікай. Вось і нядаўна даў другое жыццё старому бабулінаму радыёпрыёмніку. Вядома, што не абышлося тут без навыкаў зваршчыка.
– Жывём з мамай удваіх, – гаворыць Андрэй. – Яна ў свой час працавала касірам на аўтастанцыі, а зараз знаходзіцца на пенсіі. Часта наведваемся ў вёску Порпліскі Двор. Там даглядаем бабулю, падтрымліваем парадак у хаце і каля яе. Амаль увесь свой працоўны водпуск стараюся праводзіць менавіта ў гэтых мясцінах, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе душа саграваецца і адпачывае.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

