Историю своего рода и малой родины изучает Людмила Бальчевская из Докшиц
У той час як на Захадзе робяцца ўпартыя спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, беларусы моцна трымаюцца за памяць пра сваіх родных, якія перажылі пекла на зямлі, сталі ахвярамі зверстваў акупантаў і іх памагатых.
На гэты раз у рэдакцыю звярнулася дакшычанка Людміла Бальчэўская.
– Разам з сынам Аляксандрам складаем радавод і паглыбіліся ўжо да 1694 года, – расказала яна. – У пошуках натрапілі на інфармацыю з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь пра былую Полацкую вобласць, дзе згадваецца і мая родная вёска Варганы, і ўспаміны матулі ў якасці сведкі. Захапіліся вывучэннем зводных звестак, актаў, пратаколаў допытаў і заяў грамадзян аб злачынствах, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Докшыцкім раёне, і перажылі вялікае ўзрушэнне ад апісання падзей, якія тут адбываліся. Чытаць мастацкія кнігі пра вайну – гэта адно, а вось гартаць трагічныя старонкі роднай зямлі і ўсведамляць, як бязлітасна яна была паліта людскою крывёю, невыносна балюча…
Блізкая тэма
Маці Людмілы Бальчэўскай Ніна Узлоўская, жыхарка в. Яблонка, паведаміла на допыце ў следчага, што 18 ліпеня 1941 года праз іх вёску з Глыбокага ў Докшыцы ішлі пад нямецкім канвоем калоны савецкіх ваеннапалонных. Пяцярых з іх расстралялі, таму што яны, хворыя і змучаныя, ужо не трымаліся на нагах. Пра дадзены факт распавялі і іншыя сведкі.
Пазней Ніна Сцяпанаўна неаднойчы вярталася ў размове да гэтага страшнага выпадку, уздрыгвала ад нямецкай мовы ці брэху аўчарак, пачутых у кінафільме, і не стрымлівала слёз – настолькі выразнымі былі асацыяцыі з фашысцкай акупацыяй. Сама яна перажыла вайну дома, а вось двух яе стрыечных братоў – Станіслава Зінкевіча і Мікалая Анашкевіча – вывезлі ў рабства на Нямеччыну. Яшчэ адзін брат, Павел Талкач 1926 года нараджэння, змагаўся з нацыстамі, будучы ў радах Чырвонай Арміі, і загінуў пры вызваленні Усходняй Прусіі. Людміла Бальчэўская з сынам выявілі, што іх сваяк пахаваны ў Калінінградскай вобласці, і цяпер мараць у знак удзячнасці за мір пакласці на яго магілу кветкі.
Будучы муж Ніны Узлоўскай, Аляксандр Калбасіч з в. Прыпернае Глыбоцкага раёна, трапіў у лагер для ваеннапалонных у Прыбалтыцы і да канца жыцця з жахам успамінаў няволю: голад, холад і здзекі. Вязні елі жаб і траву. Нярэдка пад выглядам упакаваных прадуктаў ім кідалі камяні і цэглу…
Відавочна, што тэма асуджэння нацызму, захавання праўды пра вайну заўжды хвалявала сям’ю Калбасічаў.
Карані
Насамрэч нават страшна ўявіць, што адбывалася на нашай зямлі не так і даўно, па мерках гісторыі. Нацысты знішчалі ўсё на сваім шляху, і ў першую чаргу людзей.
А бацька Людмілы Аляксандраўны пацярпеў двойчы. Вызвалены з нямецкага лагера, Аляксандр Аляксандравіч як былы ваеннапалонны быў на дзевяць гадоў сасланы на Калыму. Вярнуўшыся нарэшце дадому, гэты мужны чалавек не здаўся перад цяжкасцямі, а з годнасцю працягваў свой жыццёвы шлях. Быў вядомым на ўсё наваколле майстрам па вырабах з каменю. Увагу прахожых прыцягвалі ўстаноўленыя ў яго двары высокія помнікі – як сімвал чалавечай няскоранасці.
“…Гады праходзяць, і ўжо амаль не засталося сваякоў, хто захаваў у памяці аповеды бацькоў, дзядуль і бабуль пра карані роду, – піша ў сваім спецыяльна заведзеным альбоме Людміла Бальчэўская. – Адыдзе ў нябыт і маё пакаленне, але застануцца дзеці і ўнукі, для якіх хочацца пакінуць Кнігу роду…”
Пры складанні радаводу Людміла Аляксандраўна з сынам выкарыстоўвалі рэвізскія казкі, метрычныя і спавядальныя ведамасці, інвентары маёнткаў, матэрыялы перапісу насельніцтва за 1921 год, спіскі выбаршчыкаў 1935 і 1938 гадоў. Звярталіся ў архівы Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы.
– Калі чалавек паважае свой род, значыць шануе і край, дзе нарадзіўся, – лічыць Людміла Бальчэўская. – Асабліва гэта важна зараз, у час глабальных геапалітычных канфліктаў. Бязмерна крыўдна, што ў некаторых краінах наўмысна абясцэньваюць Вялікую Перамогу, здабытую нашымі дзядамі і прадзедамі. Але ж мы ведаем яе цану і будзем свята захоўваць памяць пра герояў і ахвяр вайны! Любіць сваю сям’ю, сваіх блізкіх, Радзіму – прыярытэт сапраўднага Чалавека, асобы.
Галасамі сведак
Мы звярнуліся да зводу дакументаў, датаваных сакавіком 1945 года, што так уразілі Людмілу Аляксандраўну.
Дарэчы, Полацкая вобласць існавала з 20 верасня 1944 года па 26 красавіка 1954-га, пасля чаго была скасавана.
З паказанняў жыхара ст. Параф’янава Гендэля Левітана 1925 года нараджэння:
“30 мая 1942 года з Глыбокага прыехала нямецкая жандармерыя на станцыю і пачала зганяць яўрэяў у гета. Потым усіх перамясцілі ў будынак клуба, а адтуль выводзілі па пяць чалавек, кожнага распраналі дагала, пры гэтым збівалі старых, дзяцей і жанчын гумовымі палкамі і прыкладамі. Затым павялі расстрэльваць да выкапанай ямы. Жандармерыя адкрыла агонь з кулямётаў, і людзі пачалі разбягацца. Сагнаўшы народ назад, немцы выбралі некалькі старых, жанчын і дзяцей, збілі іх і ўкінулі ў яму. Я стаў уцякаць, а калі пачалі страляць, упаў і прыкінуўся забітым. Так праляжаў да ночы.
У чэрвені 1942 года нямецкія жандармы злавілі двух яўрэяў, збілі іх гумовымі палкамі, распранулі да ніжняй бялізны і павесілі на тэлеграфных слупах”.
Захарый Кучко, жыхар в. Восава 1881 года нараджэння:
“У студзені 1943 года нямецкія жандармы і салдаты прыехалі ў в. Восава, хадзілі і палілі хаты, арыштоўвалі грамадзян, пры гэтым спалілі жывымі сям’ю Ковеляў – усяго пяць чалавек. Пасля расстралялі з вінтовак і аўтаматаў яшчэ 12 вяскоўцаў. Адзін з мясцовых жыхароў бачыў, як была расстрэлена на вуліцы сям’я Занько. Адразу збівалі сына гаспадыні хаты, хацелі яго весці ў Докшыцы, а калі той адмовіўся, забілі. Да іх выйшла маці і сказала: “Забілі майго сына, забівайце і мяне”. Такім чынам знішчылі ўсю сям’ю Занько”.
Віктар Андрыеўскі, жыхар в. Масловічы 1894 года нараджэння,
Белля Вайцяховіч, жыхарка в. Целяшы:
“Мы асабіста бачылі, як у чэрвені 1941 года па дарозе Докшыцы – Глыбокае немцы гналі рускіх ваеннапалонных і кожнага знясіленага, што не мог ісці далей, немцы расстрэльвалі. Так за трое сутак забілі 11 чалавек”.
Васіль Анашкевіч, жыхар в. Варганы 1880 года нараджэння:
“У маі 1942 года ў нашу вёску прыехаў нямецкі атрад і сілай пагнаў на катаржныя работы ў Нямеччыну 12 грамадзян.
А перад гэтым адборны атрад СС акружыў вёску, усіх жыхароў сагналі на пляцоўку і там адабралі названых людзей”.
Палікарп Стадольнік, жыхар в. Макаравічы 1891 года нараджэння:
“15 лютага 1944 года ў вёску прыехаў атрад немцаў. Маю жонку Марыю расстралялі на вуліцы каля хлява, а хворага сына Баляслава, 1927 года нараджэння, застрэлілі ў ложку. Таксама на вачах усіх жыхароў расстралялі яшчэ чатырох чалавек. Немцы не дазвалялі пахаваць забітых, удалося гэта зрабіць толькі праз дзесяць дзён, калі карнікі выехалі”.
Іван Сіўко, в. Гняздзілава, 1898 года нараджэння:
“У кастрычніку 1943 года група немцаў прыкладна з 85 чалавек прыехала ў вёску і пачала паліць яе. Спалілі ва ўласным доме Васіля Калягу, а з другой хаты забілі Антона Калягу, калі той спрабаваў ўцячы ад пажару праз акно. Тады ж спалілі маленькую дзяўчынку Алену Ковель, 1943 года нараджэння.
Акрамя гэтага, у 1942 годзе на полі, дзесьці за адзін кіламетр ад Гняздзілава, немцы расстралялі трох байцоў Чырвонай Арміі. Пазней іх пахавалі на могілках у в. Паўднёвае Гняздзілава.
У тым жа годзе фашысты злавілі жыхара Гняздзілава Фёдара Кучко, 1921 года нараджэння, і расстралялі на могілках Паўднёвага Гняздзілава.
Міхаіл Падбярэзскін, жыхар в. Рачныя 1880 года нараджэння:
“У лютым 1943 года я бачыў, як забівалі жыхароў нашай вёскі. Усяго было знішчана 23 чалавекі, з іх дзесяць спалена: сям’я Казачонкаў з трыма малымі дзецьмі, Драздовіч з маці і шасцігадовым сынам і іншыя.
Рачныя былі цалкам спалены немцамі.
Ян Сасноўскі, пракурор раёна:
– Вярхоўны суд Беларусі ўжо вынес прыгаворы ў дачыненні да шасці карнікаў, якія дзейнічалі на нашай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ адна справа разглядаецца ў судзе. Усе абвінавачаныя адышлі з жыцця, таму прысуды вынесены без прызначэння пакарання.
Нагадаю, што крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва БССР узбуджана Генеральным пракурорам Беларусі ў красавіку 2021 года. Атрыманыя падчас расследавання даныя сведчаць, што ў ваенныя гады загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі. І лічбы пра колькасць забітых будуць толькі павялічвацца, таму што наперадзе яшчэ вялікі пласт архіўнай работы.
P.S. Матэрыялы з допытамі сведак стылістычна рэдагаваны без змены зместу.
*Радзіна – радня, сям’я (размоўнае, паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы).
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.



