Докшичанка Полина Полторан стала участницей республиканского музыкального фестиваля «Наши голоса»
У Мінску адбыўся рэспубліканскі музычны фестываль “Нашы галасы” для людзей з інваліднасцю па зроку. У конкурснай праграме ў пяці намінацыях сваю творчасць прадставілі каля ста ўдзельнікаў. Сярод іх была і дакшычанка Паліна Палтаран.
– Нягледзячы на тое, што мерапрыемства праводзілася ў дваццаты раз, канкурсанты з нашага раёна былі на ім упершыню, – гаворыць прадстаўнік ГА“БелТІЗ” па Докшыцкім раёне Святлана Сяцко. – Звычайна мы, а калі дакладна, то музыкант-віртуоз Яўген Ганчароў, удзельнічалі ў іншым конкурсе – інструментальным. У гэтым годзе да нашай суполкі “БелТІЗ” далучылася таленавітая Паліна. Яна з дзяцінства захапляецца музыкай. Актыўная ўдзельніца раённага фестывалю “Сонечны круг”.
Дзяўчына – малады спецыяліст Докшыцкай ЦРБ, у якой працуе тэхнікам-масажыстам. Да рэспубліканскага конкурсу Паліну рыхтавала маці Валянціна. Яны разам выбіралі песню, прыдумвалі вобраз і відэасуправаджэнне. На мой погляд, нумар атрымаўся вельмі кранальны. Песню “Блакадны вальс” немагчыма слухаць без слёз. Паліна вельмі хвалявалася, але змагла інтанацыяй голасу перадаць характар кампазіцыі. Увогуле, фестываль стаў не проста конкурсам, а асаблівым этапам рэабілітацыі праз мастацтва.
– Для мяне гэта была магчымасць прадставіць сваё захапленне спевамі і шанс падзяліцца эмоцыямі з іншымі, – расказвае Паліна Палтаран. – Музыка заўсёды была часткай майго жыцця, і я спадзяюся, што маё выступленне змагло дасягнуць сэрцаў слухачоў. Вялікі дзякуй Святлане Васільеўне, якая запрасіла на гэты конкурс. Дарэчы, рэспубліканскі вопыт быў упершыню. А яшчэ я ўдзячная кіраўніцтву ЦРБ, якое таксама не засталося абыякавым. Канечне ж, не магу не сказаць цёплыя словы матулі за падтрымку і дапамогу ў падрыхтоўцы: без яе не змагла б справіцца з хваляваннем. Гэты фестываль паказаў, што людзі з інваліднасцю могуць быць актыўнымі ўдзельнікамі культурнага жыцця краіны.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота з асабістага архіва.

