С 6 утра начинается рабочий день уборщицы территории РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Ольги Новицкой
Жанчына можа ўсё: і свет зрабіць чысцей, і сабой яго ўпрыгожыць.
Мы праходзім міма іх кожны дзень, часам нават не заўважаючы. Але менавіта ад іх работы, якая спорыцца з самага ранку, і няважна – ідзе дождж альбо пячэ сонца, ствараецца першае ўражанне пра двор, вуліцу і горад у цэлым. Сёння гераіня нашай рубрыкі “Год беларускай жанчыны” – Вольга Навіцкая, прыбіральшчыца тэрыторыі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
Закончыўшы школу, Вольга пайшла вучыцца на кухара ў Полацкі палітэхнікум, бо яшчэ ў дзяцінстве любіла гатаваць і эксперыментаваць са стравамі. Трэба сказаць, усе яны атрымліваліся смачнымі. Прынамсі, такую ацэнку давала галоўны эксперт-дэгустатар мама Стэфаніда Міхайлаўна, якая ў свой час працавала ў рэстаране “Беразіна”.
Выпускніца тэхнікума рыхтавалася да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, але перашкодай сталі сямейныя абставіны: цяжка захварэла мама, а потым і ўвогуле злягла. Таму ўсе клопаты па доглядзе самага блізкага і любімага чалавека ляглі на плечы Вольгі, якая ў зусім юным узросце стала адзінай карміліцай у сям’і.
Перш чым звязаць прафесійную дзейнасць з камунальнай службай, Вольга адпрацавала кухарам у аб’ектах грамадскага харчавання, затым 11 гадоў загадчыкам склада на былым “Міран-парфуме”. Калі на прадпрыемстве пачаліся цяжкасці з выплатай зарплаты, звольнілася і ўладкавалася ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” кветкаводам.
– У парніках вырошчвала расаду для далейшай пасадкі яе на гарадскіх клумбах, – расказвае Вольга. – Гэта была мая асноўная работа. Неаднаразова з калегамі прымалі ўдзел у абласным конкурсе па стварэнні лепшага кветніка і займалі прызавыя месцы. Пазней абавязкі значна пашырыліся. Наш невялічкі калектыў, у якім, акрамя мяне, шчыруюць дзве Наташы – Васюковіч і Чэлала, наводзіць чысціню ў горадзе: мяце вуліцы, чысціць снег, прыбірае тэрыторыі каля кантэйнерных пляцовак, займаецца азеляненнем. Працоўны дзень пачынаецца з шасці гадзін, нават крыху раней – з таго моманту, калі, прыхапіўшы пакеты, па дарозе на работу збіраем смецце, вызваляем вулічныя сметніцы ад мяшкоў з бытавымі адходамі, якія звычайна, калі сцямнее, выкідваюць гараджане. Часцей за ўсё гэтым грашаць жыхары шматкватэрных дамоў, што на вуліцах Ленінскай, Школьнай і Кастрычніцкай. Сорамна за землякоў, бо, між іншым, прайсці да кантэйнернай пляцоўкі патрабуецца ўсяго некалькі метраў.
На пытанне, у якую пару года працаваць складаней, Вольга паціскае плячыма і адказвае, што ў кожнага сезона свае асаблівасці. Напрыклад, летам дадаткова прыходзіцца зграбаць і загружаць у кузаў трактара скошаную траву, восенню – апалае лісце. Вясна сустракае “падснежнікамі” ў выглядзе акуркаў і іншага выпадковага, як яго называюць, смецця.
– Зіма таксама бывае розная, – гаворыць Вольга. – Калі яна выдаецца з пастаяннымі перападамі тэмператур і снегападамі, трэба паднапружыцца. З самага ранку, калі многія яшчэ спяць, пацягаць вёдры з пясчана-салянай сумессю, пасыпаць пешаходныя зоны, саскрэбці наледзь, пачысціць снег. Калі ён вільготны і цяжкі, нагрузка на мышцы яшчэ тая!
Пра ўсе нюансы сваёй работы працаўніца расказвае з усмешкай і пастаянна жартуе:
– Ну што, стаміліся? Ручкі і спіны баляць? – пытаюся ў сваіх дзяўчат, а затым падбадзёрваю, – Нічога страшнага, пацярпіце, мне таксама. Пару хвілінак адпачнём і зноў наперад! Наш калектыў дружны, ніколі не канфліктуем паміж сабой, наадварот, стараемся адзін аднаго падтрымліваць. Такую ж падтрымку і клопат адчуваем і з боку начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні Аксаны Аляксандраўны Масальскай. Увогуле прафесія вельмі падабаецца, бо па сваёй натуры люблю парадак і стараюся ўсё рабіць якасна.
Уважлівасць нашай гераіні не абмяжоўваецца толькі чысцінёй тратуараў, паркаў і сквераў. Яна бачыць і адчувае тых, каму патрэбна дапамога. Так, мінулым летам, у спякотны дзень, на вуліцы раптоўна стала дрэнна чалавеку. Вольга першая гэта заўважыла. Не разгубілася, кінула мятлу і паспяшалася на дапамогу. Уладкаваўшы пажылую жанчыну на лаўцы, прапанавала ёй неабходныя лекі, якія на ўсялякі выпадак заўсёды носіць з сабой. Затым прынесла вады. І такіх прыкладаў, калі прыбіральшчыца гатова была працягнуць руку дапамогі, шмат. У гэтым уся яна: сціплая, з чулым сэрцам жанчына.
Спыталі Вольгу і пра асабістае.
– Я шчаслівая мама, – падзялілася яна. – Вельмі ганаруся сваёй дачушкай Валянцінай, якую выхоўвала і вучыла адна. Зараз яна жыве ў Віцебску і працуе старшым следчым ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. У сілу сваёй занятасці прыязджаць выпадае не так часта, але на сувязі з ёй кожны дзень.
Сёлета ў дзень свайго прафесійнага свята – Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі – за высокія поспехі ў працы Вольга Навіцкая атрымала Падзяку старшыні райвыканкама. Таксама па выніках работы за мінулы год яе імя занесена на Дошку гонару прадпрыемства.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.


