За более чем 50 лет своей деятельности Докшицкая ДЮСШ выпустила множество перспективных атлетов

У першым радзе (злева направа) Арцём Кучыц, Алена Таляронак, Марына Ярмаковіч, Алена Касцюк.
Другі рад — Дар’я Гмырак і Алена Аліноўская.
СЁННЯ — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ І СПОРТУ
За больш чым 50 гадоў сваёй дзейнасці Докшыцкая ДЮСШ выпусціла мноства перспектыных атлетаў, якія дасягнулі поспеху на розных узроўнях спаборніцтваў, уключаючы нацыянальныя і міжнародныя турніры.
Першым кіраўніком Докшыцкай ДЮСШ стаў Рыгор Зямчонак, які, дарэчы, і сёння працягвае рыхтаваць юных лёгкаатлетаў на базе Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча. На той час асноўнымі відамі спорту, якія развівала ДЮСШ, былі футбол, лёгкая атлетыка і лыжны спорт. Разам з Рыгорам Давыдавічам першымі трэнерамі працавалі Аляксандр Каляга, Уладзімір Каляга, Уладзімір Азарэвіч і Іван Рацькавіч. Сваім выхаванцам яны дапамагалі асвойваць тэхнічныя навыкі і фарміравалі ў іх камандны дух, дысцыпліну і мэтанакіраванасць. А яшчэ змаглі стаць для некаторых дзяцей прыкладам у выбары далейшай прафесіі.
Больш за трыццаць гадоў стаж цяперашняга дырэктара ДЮСШ Марыны Ярмаковіч. Яшчэ са школы яна была актыўнай прыхільніцай здаровага ладу жыцця. У спартыўнай школе займалася ў секцыі па дзюдо. У плеядзе выхаванцаў Марыны Мікалаеўны нямала годных спартсменаў, якія працягнулі заняткі барацьбой у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Адна з іх – Алена Касцюк, якая вярнулася ў родную ДЮСШ і вось ужо пяты год трэніруе юных дзюдаістаў не толькі ў Докшыцах, а яшчэ і ў Крулеўшчыне.
Падобны тандэм настаўніка і вучня выйшаў і ў Алены Таляронак з Крысцінай Чарнабрысавай. Алена Анатольеўна больш за тры дзесяцігоддзі дапамагае авалодаць прыёмамі дзюдо докшыцкім хлопчыкам і дзяўчынкам. Некалі да яе з жаданнем стаць спартсменкай прыйшла і Крысціна, якая цяпер сама з’яўляецца трэнерам.
Таксама сярод адданых гэтай прафесіі Алена Аліноўская. За сваю любоў да спорту, а менавіта да лёгкай атлетыкі, Алена Іванаўна ўдзячная Але Русалоўскай і Віктару Бульбенку. Любімым відам спорту было кіданне мяча, лепшы вынік у якім юная спартсменка паказала яшчэ сямікласніцай.
Арцём Кучыц – пераемнік Іосіфа Чэрняніна, які, дарэчы, выхаваў не адзін дзясятак сваіх паслядоўнікаў. Іосіф Гераімавіч таксама працягвае трэнерскую дзейнасць, застаючыся арыенцірам для вучняў.
У ліку чэмпіёнаў Докшыцкай ДЮСШ ёсць таксама вучні трэнера па лёгкай атлетыцы Дар’і Гмырак.
“Трэнер – гэта пад’ёмны кран, вучань – аб’ект, які будуецца. Нават калі апошні стане вышэйшым за кран, ён усё роўна будзе мець патрэбу ў гэтай тэхніцы, калі жадае стаць хмарачосам,” – так ахарактарызаваў дзейнасць тых, хто рыхтуе спартсменаў, армянскі шахматыст Ашот Наданян. І з ім цяжка не пагадзіцца.
Па выніках мінулага года на рахунку юных спартсменаў 110 медалёў. З іх на абласных спаборніцтвах і турнірах заваявана 29 залатых, 21 – сярэбраны і 39 бронзавых. На рэспубліканскіх – 9 залатых, 6 сярэбраных і столькі ж бронзавых.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.




