Бацькоўская хата — вялікая каштоўнасць. У Гарадзішчы прайшло свята вёскі “Ручнік як лёс”
Родная хата — найлепшая хата. Чырвонай ніткай гэта выснова праходзіла праз усю праграму брэндавага свята вёскі Гарадзішча “Ручнік як лёс”, якое прайшло ў нядзелю традыцыйна на пляцоўцы каля мясцовай сельскай бібліятэкі-клуба.
Да гасцінных гарадзішчанцаў гэтым разам завіталі начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко, дэпутат па Валкалацкай выбарчай акрузе Андрэй Шнітко, ксёндз-пробашч Валкалацкай парафіі Алег Півавар – іх і ўсіх гасцей свята яго арганізатары сустрэлі хлебам-соллю і вершам “На ручніках я бачу васількі” ў выкананні Людмілы Янкавіч.
І загуло-завіравала мерапрыемства, што ўжо шмат гадоў збірае разам вяскоўцаў-месцічаў, ураджэнцаў Гарадзішча і ўсіх, каму свята запала ў душу, хто неабыякавы да духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, пакінутай нам продкамі. Культработнікі Раіса Вярцінская і Таццяна Іваноўская вельмі пастараліся ў гэтым плане, пра што сведчылі яркія выставы “У маёй бабулі рукі залатыя” і “З крыніц спрадвечных”. Раённы Дом рамёстваў рэалізуе праект “Жывая спадчына”. На свяце майстры прапаноўвалі намаляваць яго сімвал – ручнік. Упершыню працавала выстава-продаж “Душы маёй асалода”, дзе можна было набыць вырабы з ратангу Таццяны Чыкун, кошыкі Юзэфы Матошка, венікі Міхаіла Іваноўскага і Іосіфа Януковіча. Кіраўнік ААТ “РыбТэх”, якое зарыбіла возера каля суседняй вёскі Ракітаўшчына, частаваў усіх вэнджанай прадукцыяй і запрашаў на рыбалку.
Урачыстыя моманты свята – яго візітная картка песня “Ручнікі” кампазітара Мар’яна Зелянкевіча ў выкананні Раісы Вярцінскай і ўшанаванне мясцовай захавальніцы традыцый Юзэфы Матошка ў межах праекта “Жаночы код Докшыччыны”. Юзэфа Іосіфаўна была адзначана менавіта ў намінацыі “За адраджэнне і захаванне мясцовых традыцый” – узнагароду жанчыне ўручыў старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Кацейка, падарунак ад сельгаспрадпрыемства – намеснік дырэктара КУСГП “АграСітцы” Надзея Голікава. А народны ансамбль народнай песні “Прызбачка”, што падрыхтаваў да свята сяброў-суседзяў цэлую канцэртную праграму, выканаў для Юзэфы Іосіфаўны яе любімую песню “Колькі ў небе зор”. Кветкамі, апладысментамі, музычным падарункам былі прывітаны таксама жанчыны, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілейныя даты.
Ну а далей размова пайшла пра вялікую каштоўнасць, якую ўсе мы да скону носім у сваіх сэрцах, – бацькоўскую хату. Настроіцца на лірычны лад прысутным дапамаглі Марыя Парневіч – пранікнёным чытаннем верша на гэту тэму, а таксама ансамбль “Прызбачка” – песняй “Родная хата”. Экскурс у хату часоў нашых бабуль і дзядуляў аказаўся захапляльным: тут і Юзэфа Матошка пастаралася, і ўдзельнікі фальклорнага гурта “Спадчына” Ванда Янкавіч, Валянціна Літвін, Тэрэза Кімстач і іншыя, і айцец Алег Півавар, які распавёў пра святое месца ў сялянскай хаце – покут з абразамі. Цэлае тэатралізавана-музычнае пазнавальнае прадстаўленне атрымалася, ды яшчэ з актыўным удзелам гледачоў. А якімі смачнымі стравамі частавалі прысутных гаспадары! Гэта і клінковы дамашні сыр, і масла, збітае ў маслабойцы, і пышныя аладкі, і сухаркі з печы, і старадаўнія напой з аржаной мукі путра… Удзельнікі гурта “Спадчына” ліха станцавалі адметны побытавы танец “Базар”.
Пяты раз на свяце ў Гарадзішчы праводзіўся раённы конкурс “Смаката ад патэльні, чыгунка”. Сёлета яго пераможцамі сталі: у намінацыі “Лепшая страва з патэльні” – жыхарка Гарадзішча, пенсіянерка Рамуальда Літвін, у намінацыі “Лепшая страва з чыгунка “ – бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Докшыцкай цэнтральнай бібліятэкі Алена Бабровіч, у намінацыі” Арыгінальная падача стравы” – выхавальнік Параф’янаўскага дзіцячага сада Валянціна Янковіч.
Завяршылася мерапрыемства выступленнем салістаў народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Надзеі Чучман, Анастасіі Чурко і Канстанціна Насенніка і ўсеагульным натхнёным выкананнем песні “Не прадаецца хата бацькоў”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

















