Высокой награды удостоена медицинская сестра по физиотерапии санатория «Боровое» Татьяна Власова
Памятным нагрудным знакам “30 гадоў Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” узнагароджана медыцынская сястра па фізіятэрапіі санаторыя “Баравое” Таццяна Власава. Сёлета гэта абаяльная жанчына, безумоўны прафесіянал сваёй справы, адзначае Дзень медыцынскіх работнікаў у 37-ы раз, прычым 26 гадоў працуе непасрэдна ў здраўніцы.
Таццяна Віктараўна – дакшычанка, пасля заканчэння Полацкага медвучылішча папрасіла размеркавацца бліжэй да малой радзімы, каб можна было дапамагаць матулі. Маладому спецыялісту прапанавалі пачаць працоўны шлях у Лепельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, папярэдзіўшы, што работа там не з лёгкіх. Але выбару вакансій бліжэй да дома не было, і ўчарашняя студэнтка рашылася. Якімі былі гэтыя 11 гадоў яе працоўнай біяграфіі? Таццяна Віктараўна адзначае, што жыццё даўно сцерла ўспаміны пра першыя цяжкасці, аднак за той час яна добра ўсвядоміла, што ў медыцыне заўсёды трэба быць гатовым да няштатных сітуацый, прадбачыць на перспектыву і рэагаваць імгненна. Яна ўвогуле з тых людзей, якія цяжкасці ўспрымаюць не як перашкоду, а як прыступку для прафесійнага росту. Але глыбока ў душы жанчыны заўсёды цеплілася мара перабрацца ў свой раён. У 2000 годзе яна ўладкоўваецца ў Бягомль у прыёмны пакой, а потым пераходзіць на пастаяннае месца ў санаторый “Баравое”.
– Усё жыццё захапляе праца фельчараў на “хуткай”, рэанімацыйных і аперацыйных медсясцёр. Мне здаецца, што цяжэйшых участкаў у сярэдняга звяна медыцыны няма, – разважае Таццяна Віктараўна. – Люблю і паважаю медыцыну ўсёй душой. Увогуле ж мой галоўны настаўнік у прафесіі – гэта адзін з самых знакамітых дактароў санаторыя, які, на вялікі жаль, ужо пайшоў з жыцця, – Уладзімір Канстанцінавіч Марцінкевіч. Урач-хірург, палкоўнік, ён быў не проста дарадцам для кожнага, каму давялося працаваць побач, ён быў свяцілам ад медыцыны – чалавекам глыбокіх ведаў, бязмежнай любові да пацыентаў і проста прыкладам высачэннай чалавечай прыстойнасці.
Калі наша сённяшняя гераіня прагадвае пра гэтага цудоўнага доктара, вочы яе вільгатнеюць. А яна расказвае пра тыя шчаслівыя пяць гадоў, якія давялося быць яго памочніцай. Гэта быў той час, калі ў санаторыі толькі ўкараняліся эндаскапічныя даследаванні, і вопытны ўрач імкнуўся прывіць прагу да глыбокай дасведчанасці сваім памочніцам – медсёстрам, не шкадуючы ні часу, ні ведаў…
У размове з гераіняй артыкула ўвогуле падалося, што, каб не пэўныя жыццёвыя абставіны і каб больш асабістай рашучасці, яна б сама стала выдатным урачом. Але ж выдатная медсястра – гэта таксама знаходка.
Да таго ж Таццяна Віктараўна яшчэ і шматдзетная маці. Яна выхавала траіх сыноў, малодшы з каторых у вясновы прызыў накіраваўся служыць. У гэтым пытанні жанчына катэгарычная: калі дазваляе здароўе, гэты іспыт павінен прайсці кожны мужчына.
Вяртаючыся да прафесіі, медсястра зазначае, што работу сваю цэніць за рознабаковасць, пастаянныя зносіны з людзьмі, за магчымасць дапамагаць і прыносіць палёгку, а яшчэ за калектыў, у якім удала сумяшчаюцца вопыт старэйшага пакалення і навацыі, якія прыўносіць моладзь.
Наталля СТАШЭВІЧ.


