Улица Центральная в агрогородке Волколаты собрала жителей на свой праздник

photo_2026-06-21_с

Ёсць вуліцы цэнтральныя… Радкі з папулярнай песні ў выкананні Юрыя Антонава ведаюць, бадай, усе. Далей гаворыцца, што цэнтральныя вуліцы высокія і важныя, з люстранымі вітрынамі і гірляндамі агнёў. Гэта ў гарадах, а вясковыя цэнтральныя  вуліцы зусім іншыя, куды больш сціплыя і простыя, але ад гэтага не менш прывабныя і дарагія сэрцам тых, хто на іх жыве, хто з іх стартаваў у вялікі свет. У мінулую нядзелю якраз такая вуліца сабрала на свята сваіх жыхароў у аграгарадку Валкалаты.

Гэта даўжэзная вуліца, якую многія валкалатцы памятаюць яшчэ брукаванай і ахутанай аркамі пераплеценых у вышыні крон векавых дрэў, несумненна мае гісторыю ў паўтысячы гадоў, бо само мястэчка Валкалаты ўпамінаецца ўпершыню ў дакументах, датаваных 1522 годам. Вуліца Цэнтральная, зараз пазбаўленая ўжо высозных зялёных шатаў, заасфальтаваная, з тратуарамі, шырокая, вясной буйна квітнеючая на ўсім сваім працягу бэзам і язмінам, адным сваім кірункам вядзе да вёскі Віржы, а за ёй – да мяжы з Мінскай вобласцю, з Мядзельшчынай. Тут заўсёдны актыўны аўтамабільны рух, улетку асаблівы, бо да звыклага патоку далучаюцца яшчэ і шматлікія адпачывальнікі з суседняй Расіі, што едуць праз Валкалаты ў нарачанскія санаторыі. Другі “хвост” вуліцы праз мост над рэчкай Габкай-Патачанкай выводзіць на дарогу, што ідзе ўжо на Пастаўшчыну. На вуліцы суседнічаюць сучасныя дамы і адметныя прадстаўнікі часоў мінулых, узведзеныя яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя.

ЕН 1852

Зараз на Цэнтральнай, яшчэ чвэрць стагоддзя таму цалкам заселенай, ёсць нямала пустуючых дамоў, а жыхароў зарэгістравана 67 – розных узростаў і прафесій. Усе яны жывуць у згодзе і стараюцца не толькі на сваіх сядзібах, але і на вуліцы падтрымліваць парадак, з радасцю і прыязнасцю прынялі ў свой кагал новых вяскоўцаў, што набылі дамы для летнікаў. На свята, што прайшло ў скверы каля будынка сельвыканкама, сабраліся дружна, гасцей з іншых вуліц паклікалі. Многія гаспадыні смакаты рознай нагатавалі, каб усіх пачаставаць.

Святкавалі па добрай даўняй традыцыі. Вядучыя – культработнікі Марыя Кімстач, якая напісала пранікнёны сцэнарый, і Таццяна Ляпкова – выказалі шмат цёплых слоў у адрас кожнага жыхара вуліцы, адзначылі ўсё тое, чым яны слаўныя і адметныя. Самыя шчырыя віншаванні са святам прагучалі з вуснаў старшыні Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пятра Кацейкі і пробашча касцёла св. Яна Хрысціцеля ксяндза Алега Півавара, таксама да нядаўняга часу жыхара Цэнтральнай. Былі ўшанаваны шматдзетная сям’я Андрэя і Вольгі Януковічаў, старэйшыя жыхаркі Ядзвіга Януковіч, Валянціна Штура і Марыя Багаткевіч. Падарунак атрымаў і самы малодшы – Жэнька Аксенце, якому яшчэ толькі паўгода. Сардэчна віталі на свяце жанчын, што сёлета адзначаюць юбілейныя даты ў сваім жыцці, – Юзэфу Наумец, Людмілу Чумак, Марыну Мацюшонак, Ірыну Сварцэвіч.

photo_2026-06-21_16-38-18 photo_2026-06-21_15-55-23

Асобныя віншаванні гучалі ў адрас медыцынскіх работнікаў, чыё прафесійнае свята прыпала менавіта на гэты дзень. Гэта Марына Мацюшонак, Наталля Каляга, Жанна Вальтэр, што працуюць зараз у мясцовай бальніцы сястрынскага догляду, Юзэфа Штура, што знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а таксама Ларыса Януковіч, светлая памяць пра якую як пра медыка з вялікай літары жыве ў сэрцах аднавяскоўцаў. Музычных прысвячэнняў-падарункаў было не злічыць: для настаўнікаў і сацработнікаў, калгаснікаў і бухгалтараў, тэхработнікаў і прадаўцоў, для ўсіх, хто сумленна працаваў і працягвае працаваць, – вельмі стараліся падарыць прысутным радасць народны ансамбль народнай песні “Прызбачка”, дзіцячы вакальны гурт, салісты Маша Наумец і Мікіта Глушкевіч, чытальніца Надзея Шылько, Уладзімір Чыкун – цудоўнай ігрой на акардэоне. Многімі гранямі сваёй таленавітай натуры бліснула Лілія Літвін, якая прачытала аўтарскі верш, праспявала аўтарскую песню і прынесла на выставу сваё рукадзелле і карціны.

Як жыхарка гэтай самай вуліцы Цэнтральнай, напрыканцы хачу агучыць агульнае меркаванне: свята атрымалася!

photo_2026-06-21_15-55-20

photo_2026-06-21_15-55-22

photo_2026-06-21_15-55-24 photo_2026-06-21_15-55-25 photo_2026-06-21_15-55-29

ЕН 1871 1

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *