Праздник криницы прошел в д. Буй Докшицкого района
У вёсцы Буй Крыпульскага сельсавета напярэдадні Дня памяці хрысціянскіх мучанікаў апосталаў Пятра і Паўла адбылося свята крыніцы, у межах якога ладзіліся традыцыйныя раённыя конкурсы “Хлеб, квас і добры настрой” і “Звініць каса – жыве вёска”. Сёлета ганаровым госцем мерапрыемства стала намеснік старшыні райвыканкама дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Клімовіч.
Як заўсёды, мерапрыемства пачалося хрэсным ходам ад царквы апосталаў Пятра і Паўла ў в. Гняздзілава. Крынічку ў в. Буй асвяціў настаяцель храма протаіерэй Віктар Гмір. Пасля малебна ўсе абавязкова ўмываюцца крынічнай вадой. Народнае павер’е сцвярджае, што калі напіцца святой вады і акунуцца ў купель, то можна пазбавіцца ад нядобрага ды здароўя прыдбаць.
Свята працягнулася прадстаўленнем смачнага конкурсу “Хлеб, квас і добры настрой”. Работнікі ўстаноў культуры раёна пастараліся на славу: здзівілі не толькі разнастайнасцю выпечкі і напояў, бо кожная гаспадыня мае свае сакрэты прыгатавання хлеба ды квасу, а і ўпрыгожваннем тэматычных пляцовак.
Ахвотныя набывалі сувеніры на памяць ад майстроў раённага Дома рамёстваў, а таксама ўдзельнічалі ў флэшмобе па роспісе маляванкі. Работніцы розных прафесій былі прадстаўлены на фотавыставе, падрыхтаванай да “Года беларускай жанчыны”.
Яркі момант свята – конкурс касцоў. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі сем пар, сярод якіх і мінулагодні пераможца – вадзіцель рэдакцыі газеты “Родныя вытокі” Вячаслаў Чарвінскі. На гэты раз ён быў у пары з Вольгай Яроменка, якая прадстаўляла аддзел культуры райвыканкама.
У конкурсе ўлічваліся не толькі хуткасць і якасць касьбы і зграбання травы ў валкі. Удзельнікі ўпрыгожвалі косы і граблі, а яшчэ ладзілі “Абед на сенакосе”. А пераможцамі сталі старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Хілько і загадчыца этнаграфічнай сядзібы “Вецяра” Вольга Квачонак. У пары “Родных вытокаў” і аддзела культуры – другое месца. Трэцімі сталі Касьян Травіцкі і Габрыэла Загрыбко – такія псеўданімы сабе прыдумалі старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч і бібліятэкар Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі імя П. Панчанкі Алена Чучман.
Падзякі за ўдзел атрымалі старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч і загадчыца Крыпульскага сельскага клуба-бібліятэкі Ірына Штоль, а таксама сем’і Мікалая і Вольгі Асаёнкаў, якія прадстаўлялі каманду ТЦСАН, Аляксандра і Яны Чарняўскіх (РАНС) і Валерыя і Тамары Новікаў (ветэранская арганізацыя).
Узнагароды касцам уручыла Марына Клімовіч. Акрамя таго, Марына Эдуардаўна ўзнагародзіла Лілію Лініч, якая ў межах раённага праекта “Жаночы код Докшыччыны” адзначана ў намінацыі “Жанчына – захавальніца традыцый”.
Святочны настрой падтрымлівалі народны вакальны ансамбль народнай песні “Прызбачка” Валкалацкага СДК, вакальны гурт Гняздзілаўскага СДК і кіраўнік Бярозаўскага клуба-бібліятэкі Міхаіл Ігнацкі.
Гасцей частавалі юшкай і пятроўскай кашай, а таксама караваем, які штогод спецыяльна да фэсту разам са сваімі роднымі рыхтуе Іван Лакуцэвіч.
У конкурсе “Хлеб, квас і добры настрой” першае месца ва ўстаноў культуры Крыпульскага сельсавета (Гняздзілаўскі СДК, Гняздзілаўская сельская бібліятэка, Бярозаўскі сельскі клуб-бібліятэка, Крыпульскі сельскі клуб-бібліятэка). Другое месца – сумесная пляцоўка Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі імя П. Панчанкі і Прудніцкага СДК. Трэцяе – Сітцаўскі СДК.








































