Неслучайные люди работают на станции Крулевщизна, которой исполняется 120 лет

Білетны касір Наталля Бадзеева, дзяжурны па станцыі Віктар Крупскі, начальнік станцыі Таццяна Кавалёнак, спецыяліст па рабоце з кліентамі Сяргей Сіндрэвіч, аператар Наталля Бульбенка (злева направа): “Шчаслівага шляху!”

Білетны касір Наталля Бадзеева, дзяжурны па станцыі Віктар Крупскі, начальнік станцыі Таццяна Кавалёнак, спецыяліст па рабоце з кліентамі Сяргей Сіндрэвіч, аператар Наталля Бульбенка (злева направа): “Шчаслівага шляху!”

Сёння – Дзень чыгуначніка

 Сёлета ўчастковая станцыя Круляўшчызна ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі” адзначае 120-годдзе з дня ўтварэння. Адсюль адпраўляюцца пасажырскія, прыгарадныя і грузавыя цягнікі ў трох кірунках: Полацк, Маладзечна і Варапаева. 

Шлях праз гады

Летазлічэнне Беларускай чыгункі вядзецца ад 29 (16) лістапада 1871 года, калі ўступіла ў строй лінія Смаленск – Мінск – Брэст. Каб стварыць дадатковы кірунак паміж Пецярбургам і Польшчай, у 1902 годзе пачалося будаўніцтва Балагое-Сядлецкай чыгункі, якая праходзіла праз Невель – Полацк – Крулеўшчыну – Маладзечна – Ліду – Ваўкавыск. Так была пабудавана станцыя Круляўшчызна, першае ўпамінанне пра якую адносіцца да 1906 года.

У 1914 годзе яе перайменавалі ў Сяславіна (у гонар рускага генерала вайны 1812 года Аляксандра Сяславіна). У 1915 годзе была пракладзена вузкакалейная чыгунка на Глыбокае, якую пазней перарабілі ў шырокакалейную. Прыкладна ў той жа час з суседняй станцыі Параф’янаў было перанесена паравознае дэпо, пабудаваны два “вугольнікі” для разварочвання паравозаў.

У 1919 годзе станцыю занялі белапалякі і вярнулі ёй першапачатковую назву, але ў польскай інтэрпрэтацыі: Krolewszczyzna.

Падчас Другой сусветнай вайны ў Крулеўшчыне размяшчаўся буйны нямецкі гарнізон, які ахоўваў чыгуначны вузел і забяспечваў перавозку ваенных грузаў і войскаў. Станцыя была акружана сістэмай абарончых збудаванняў – дзотаў, акопаў і інш. 16 – 17 жніўня 1943 года партызаны 1-й Антыфашысцкай брыгады ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай “Жалязняк” штурмам авалодалі станцыяй, разграмілі гарнізон, знішчылі чыгуначнае абсталяванне. Зараз пра гэта нагадвае ўстаноўленая таблічка каля цэнтральнага ўваходу ў будынак станцыі.

IMG_8554 IMG_8591

Працягваюць традыцыі

На тэрыторыі станцыі Круляўшчызна ідэальны парадак. Высаджаны кветкі і кусты, у тым ліку алея руж. На падаконніках галоўнага будынка буяюць петуніі і лабелія. Да паслуг пасажыраў у зале чакання ўстаноўлены білетны тэрмінал і кава-машына.

Некалькі гадоў таму ў станцыйных памяшканнях праведзены дыхтоўны рамонт – тут светла і ўтульна. Для работнікаў абуладкаваны сучасны пакой для прыёму ежы.

Усяго на станцыі працуе 30 чалавек на чале з Таццянай Кавалёнак. А гэта дзяжурныя па станцыі, аператары, прыёмаздатчыкі, саставіцелі цягнікоў і іх памочнікі, білетныя касіры, рабочыя і ўборшчык памяшканняў.

– Побач са мной невыпадковыя людзі, – расказвае пра калектыў Таццяна Уладзіміраўна. – Многія з іх – прадаўжальнікі дынастый і ганарацца сваёй прафесіяй, бо ролю чыгуначнага транспарту ў жыцці грамадства цяжка пераацаніць. Наогул, работа на кожным з участкаў патрабуе дынамічнасці і вялікай адказнасці, і я, безумоўна, рада, што мае калегі адпавядаюць гэтым крытэрыям – ёсць з кім параіцца і даверыць любую справу.

З удзячнасцю і павагай начальнік называе прозвішчы дынастый крулеўшчынскіх чыгуначнікаў, сярод якіх Батуры, Скробуты, Ліпінгі, Багданавы, Бардзянковы, Сіўцэвічы, Халаевы, Грыцкевічы, Асоны, Курсевічы, Крупскія, Лаўрыновічы, Бараны. А агульны стаж работы пяці пакаленняў сям’і Ждановічаў склаў 470 гадоў!

Начальнік станцыі Таццяна Кавалёнак таксама з дынастыі чыгуначнікаў. Мясцовая, і ў розныя часы ў гэтай галіне рупіліся яе бацькі і бабуля. Муж Сяргей зараз саставіцель цягнікоў, тут жа працуе яго дзядзька, таму тэма работы плаўна перацякае ў паўсядзённае жыццё.

Пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума Таццяна працавала на станцыі Фарынава, пазней на ўчастку Полацк – Паставы, а затым дзесяць гадоў на станцыі Параф’янаў. У Крулеўшчыну перайшла ў 2021 годзе, тады ж была назначана начальнікам станцыі. Вопыт працы на розных пасадах дапамагае ёй граматна і аператыўна вырашаць рабочыя пытанні.

Многія цяперашнія работнікі маюць багаты стаж. Напрыклад, 37 гадоў прафесійнага жыцця аддала чыгунцы дзяжурны па станцыі Святлана Сусалка, якая пачынала гэты доўгі шлях на пасадзе стрэлачніка. Старшы аператар Людміла Касарэўская магла б другі год быць на заслужаным адпачынку, але любімая работа не адпускае. Дзяжурны па станцыі Віктар Крупскі прыйшоў сюды 35 гадоў назад пасля службы ў чыгуначных войсках і так і застаўся з адзіным запісам у працоўнай кніжцы.

А вось саставіцель цягнікоў Аляксандр Царыкаў уладкаваўся на станцыю толькі летась, але работа так захапіла, што хлопец загарэўся жаданнем набыць чыгуначную адукацыю.

– Перад нашым дружным калектывам стаіць важная задача: гарантаваць бяспечны і бесперабойны прыём, адпраўленне і пропуск цягнікоў, забяспечыць абслугоўванне пасажыраў і апрацоўку грузаў, – зазначае начальнік станцыі. – Калі гаварыць мовай лічбаў, то толькі за першае паўгоддзе 2026-га на станцыі пагружана 32 814 тон прадукцыі – у асноўным гэта будаўнічы пясок і тарфяны грунт. Плённа супрацоўнічаем з ВУ “Віцебскторф”, БП “Віцебскі ДБК”, складам захоўвання нафтапрадуктаў РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” і іншымі партнёрамі. За гэты ж перыяд прададзена 9 тысяч білетаў і перавезена 11 тысяч пасажыраў.

З нагоды прафесійнага свята пажадаю калегам і пасажырам міру, дабрабыту і шчасця.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *