Ко Дню строителя: интервью с руководителем докшицкой строительной организации ООО «Регул-Инвест» Вадимом Кучко
Вядома, што поспех любой справы залежыць ад лідара, які здольны згуртаваць вакол сябе прафесіяналаў, і прыклад дырэктара ТАА “Рэгул-Інвест” Вадзіма Кучко гэта цалкам пацвярджае. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з Вадзімам Уладзіміравічам, каб пагутарыць пра тое, з чаго пачыналася развіццё прадпрыемства і якія пазіцыі ў будаўнічай сферы яно трымае сёння.
Пачыналі з цеплатрасы
– Вадзім Уладзіміравіч, якім быў Ваш шлях у бізнес? Ці складана было рашыцца на адкрыццё ўласнай справы?
– Ніколі не думаў, што буду займацца прыватным бізнесам. Галоўнай мэтай і жаданнем было стаць эфектыўным кіраўніком на дзяржаўнай службе і арганізоўваць працэсы. У свой час працаваў галоўным інжынерам філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, затым старшым прарабам у ПМК-52, дырэктарам былога докшыцкага “Рамонтніка”. У 2012 годзе, прыкладна тады, калі адзначаецца Дзень будаўніка, якраз і з’явілася прадпрыемства “Рэгул-Інвест”. Стартавалі сціпла – у камандзе было ўсяго тры чалавекі: мой малодшы брат, жонка і я. Затым набралі людзей і атрымалі свой першы заказ ад Аляксандра Уладзіслававіча Хілько, які на той час узначальваў камунгас. Аб’ект знаходзіўся ў Бягомлі: там пракладвалі цеплатрасу.
У 2013 годзе на прадпрыемстве ўжо сфарміраваліся тры самастойныя брыгады: дзве складаліся з сантэхнікаў і адна – з электрыкаў. Брыгады закрывалі ўвесь спектр санітарна-тэхнічных работ. Гэта ацяпленне, водаправод, каналізацыя. З часам зразумелі, што гатовы да большага, і пачалі актыўна зай-
мацца будаўнічымі і аддзелачнымі работамі. Сёння “Рэгул-Інвест” – гэта 68 прафесіяналаў.
Геаграфія аб’ектаў
– Прадпрыемства даўно выйшла за межы аднаго рэгіёна. Дзе сёння можна ўбачыць вынікі работы будаўнікоў?
– Геаграфія пастаянна пашыраецца. Мы працавалі на аб’ектах у Глыбокім, Паставах, Міёрах, Шаркаўшчыне. Зараз завяршаем рамонт у тэрапеўтычным аддзяленні Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Адначасова нашы спецыялісты задзейнічаны на адным з важных сацыяльных аб’ектаў раёна – гэта Крулеўшчынская сярэдняя школа. Днямі там ідзе мантаж вентыляцыйнай сістэмы ў спартыўнай і актавай залах, сталовай і кухні. Да 20 жніўня аб’ект будзе здадзены.
У наступным годзе Докшыцы плануюць прыняць абласныя “Дажынкі”. Спадзяёмся на тое, што свята адкрые перад нашым прадпрыемствам шырокія гарызонты для работы. Разлічваем атрымаць значную колькасць аб’ектаў. Для гэтага ёсць усё: вопыт, кваліфікаваныя спецыялісты і тэхніка.

На чарговым аб’екце працуюць брыгадзір брыгады сантэхнікаў Уладзімір Загорскі і слесар-сантэхнік Руслан Волкаў.
Адна каманда
– Кадры вырашаюць усё. Ці ўпэўнены ў сваіх спецыялістах?
– Безумоўна. Наш гонар – гэта людзі, якія застаюцца адданымі сваёй справе шмат гадоў. Напрыклад, Аляксандр Сакалоў, Сяргей Маслакоў і Раман Чантарыцкі працуюць па 14 гадоў. Яны прыйшлі яшчэ на самым старце. Прыемна бачыць, як расце прафесіяналізм іншых работнікаў. Некаторыя з іх нават паспелі атрымаць вышэйшую профільную адукацыю. Мы заўсёды падтрымліваем імкненне развівацца.
Стаўка на якасць
– Будаўнічыя тэхналогіі не стаяць на месцы. Як “Рэгул-Інвест” спраўляецца з сучаснымі выклікамі і патрабаваннямі рынку?
– Галоўны арыенцір – пераход да працэсаў, якія паскараюць вытворчасць работ без страт якасці. Стараемся адыходзіць ад дзедаўскіх метадаў і ўкараняць навейшыя тэхналогіі. Напрыклад, што тычыцца аддзелкі: актыўна выкарыстоўваем механізмы, якія спрашчаюць ручную працу. Падчас шпаклёвачных работ абавязкова прымяняем так званыя “жырафы” – шліфавальныя машыны. Тое, што раней рабілі даўжэй і ўручную, цяпер дзякуючы механізацыі робім у некалькі разоў хутчэй.
– На рынку будаўніцтва зараз высокая канкурэнцыя. За кошт чаго ўдаецца трымаць высокую планку якасці?
– Адказ просты: калі не будзе якасці, мы не зможам канкурыраваць з іншымі прадпрыемствамі. Гэта закон выжывання ў бізнесе. Людзі разумеюць гэта і робяць абсалютна ўсё на належным высокім узроўні.
– Сёння паспяховае будаўніцтва немагчымае без сур’ёзнага тэхнічнага арсенала. Раскажыце пра матэрыяльна-тэхнічную базу.
– Тэхнічная незалежнасць – аснова хуткасці і якасці. У нашым распараджэнні магутныя экскаватары і высокапрадукцыйныя тэлескапічныя пагрузчыкі, якія выконваюць самыя складаныя задачы. Для дастаўкі матэрыялаў выкарыстоўваем надзейныя дваццацітонныя грузавікі. Акрамя гэтага, цалкам закрываем пытанне лагістыкі, бо ёсць аўтобусы для камфортнай перавозкі людзей на аб’екты. Літаральна за апошні год набылі тры новыя “Газелі”, што дазволіла значна павысіць мабільнасць нашых брыгад і паскорыць дастаўку дробных грузаў і інструментаў. Для пастаноўкі спецтэхнікі ў Падомхах арандуем зручную пляцоўку з гаражамі і складскімі памяшканнямі. Гэта дазваляе не толькі цэнтралізавана захоўваць матэрыялы і тэхніку, але і своечасова праводзіць тэхнічнае абслугоўванне.
– Вадзім Уладзіміравіч, адно з важных пытанняў для работніка – фінансавае. Ці задаволены людзі заробкам?
– Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве дастойная. Ці задаволены людзі? Гэта пытанне напрамую залежыць ад самога чалавека. Той, хто жадае працаваць, у нас годна зарабляе і на свой даход не скардзіцца.
– Вы часта паўтараеце выраз, што на прадпрыемстве людзі павінны менавіта “зарабіць грошы”, а не “атрымаць”. У чым розніца?
– Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Сказаць “атрымаць зарплату” – значыць наўпрост дачакацца дня ў календары за тое, што адбыў на аб’екце з васьмі да пяці. Аднак будаўнічы бізнес так не функцыянуе. Мы атрымліваем грошы за гатовы аб’ект, за якасць і захаванне тэрмінаў. Людзі павінны разумець, што дабрабыт прадпрыемства і іх асабісты даход складаюцца з добрасумленнай працы. Калі кожны будзе адносіцца да сваіх абавязкаў належным чынам, тады і якасць будзе на вышыні, і заробак дастойны.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.



