Водители и слесари Докшицкого РГС каждый рабочий день загружают и разгружают десятки тяжелых газовых баллонов

У раёне аб'ём рэалізацыі звадкаванага газу за восем месяцаў бягучага года склаў 164 тоны. Докшыцкі РГЗ дастаўляе яго 5264 спажыўцам і некалькім арганізацыям.

Штораніцы – загрузка газавых балонаў у касеты аўтамабіля. Слесар Віталій Масіенка (злева) і вадзіцель Генадзь Гамановіч.

Сёння – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

Адзін з самых фізічна напружаных участкаў газавай службы – дастаўка насельніцтву звадкаванага блакітнага паліва. Вадзіцелі і слесары кожны рабочы дзень загружаюць і разгружаюць дзясяткі цяжкіх газавых балонаў, вага аднаго з якіх складае больш за 40 кілаграмаў. У Докшыцкім РГЗ на іх развозцы заняты дзве машыны.

Напярэдадні прафесійнага свята газавікоў пагутарылі з вадзіцелем Генадзем Гамановічам і слесарам па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстальнага абсталявання Віталіем Масіенкам, якія працуюць на дадзеным участку.

Генадзь Паўлавіч – механік па адукацыі, але ўсё сваё прафесійнае жыццё, а гэта больш за трыццаць гадоў, рупіцца выключна ў РГЗ і менавіта на дастаўцы балонаў. За гэты час ён перасеў ужо на трэці новы аўтамабіль – цяперашні ГАЗон Next калясіць па населеных пунктах раёна пяты год.

– За гады работы вывучыў усе пад’езды і выезды, ведаю ўсіх спажыўцоў у твар і памятаю, куды заносіць балон, – усміхаецца ён. – Асабліва нас чакаюць у маланаселеных аддаленых вёсках – жыхарам ахвота распытаць пра навіны, пагаварыць з прыезджымі людзьмі. Дзякуюць за паслугу, жадаюць удалага дня, і ад гэтай шчырасці становіцца цёпла на душы. Выразна адчуваеш значнасць сваёй службы.

У раёне аб’ём рэалізацыі звадкаванага газу за восем месяцаў бягучага года склаў 164 тоны. Докшыцкі РГЗ дастаўляе яго 5264 спажыўцам і некалькім арганізацыям.

Пра ветлівасць і добразычлівасць мясцовага насельніцтва кажа і Віталій Леанідавіч. У Докшыцкі раён ён пераехаў у 2014 годзе з Данеччыны, дзе працаваў механізатарам і вадзіцелем. На беларускай зямлі таксама пачаў з трактарыста – у ААТ “Таргуны”, а пазней, гады чатыры таму, уладкаваўся ў раён газазабеспячэння. Задаволены калектывам і вытворчай базай:

– Паглядзіце, як прыгожа і чыста на тэрыторыі, якое сучаснае абсталяванне і тэхніка, дык ці можа быць тут неналежным чынам наладжаны рабочы працэс? – гаворыць ён. – Работнікі адказныя і руплівыя, у выпадку чаго заўжды прыйдуць на дапамогу.

Генадзь Гамановіч у сваю чаргу заўважае, што і думкі ніколі не было змяніць сферу дзейнасці. Па-першае, прывык. А па-другое, задавальняе заработная плата, сацыяльны пакет і парадак у справах філіяла – напрыклад, не трэба шукаць ці чакаць запчастак, бо яны заўсёды ёсць ці пры неабходнасці будуць у самы бліжэйшы тэрмін. Нядаўна пабудавана мыйка, у наяўнасці магутны пыласос, таму машыну за лічаныя хвіліны можна прывесці ў ідэальны стан.

Генадзь і Віталій на пастаяннай аснове працуюць у розных экіпажах, але іх работа грунтуецца абсалютна на аднолькавых прынцыпах, характэрных для газавай службы ў цэлым: прафесіяналізме, аператыўнасці, павазе да спажыўцоў. Між тым у час наведвання домаўладанняў ажыццяўляецца відэазапіс зносін з заказчыкамі і непасрэдная работа слесара, што дазваляе пазбегнуць магчымых непаразуменняў. Праўда, відэаздымка адбываецца толькі з дазволу гаспадароў.

Бягуць дарогі. Блакітнае паліва едзе да кожнага заяўніка. Экіпаж не толькі надзейна забяспечвае яго дастаўку, але і прафесійную ўстаноўку балона. Адладжаная сістэма гарантуе якасць абслугоўвання жыхароў раёна.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *