«Цифры — это мое», — говорит инженер с высшим экономическим образованием ПУ «Витебскторф» Дмитрий Цынкович

Інжынер Дзмітрый Цынковіч на сваім рабочым месцы ў цэху кіпоўкі.

Інжынер Дзмітрый Цынковіч на сваім рабочым месцы ў цэху кіпоўкі.

“Лічбы – гэта маё, – кажа інжынер з вышэйшай эканамічнай адукацыяй ВУ “Віцебскторф” Дзмітрый Цынковіч. – Люблю пралічваць кожную сітуацыю, грунтоўна планаваць як на рабоце, так і ў паўсядзённым жыцці. Матэматыка дазваляе думаць і фарміруе структуру мыслення”.

Дзмітрый Сяргеевіч мясцовы, адзіны сын у бацькоў і працягвае дынастыю тарфянікаў. Яго мама Сафія Віктараўна працавала ў філіяле поварам, а тата Сяргей Веньямінавіч і зараз рупіцца слесарам-рамонтнікам. Будучы школьнікам, Дзмітрый з цікавасцю назіраў за работамі на прадпрыемстве і марыў апынуцца тут у дарослым жыцці. Ніколі і не раздумваў наконт таго, каб падацца ў вялікі горад ці на іншае месца працы. Прызнаецца, што моцна прывязаны як да малой радзімы, так і да роднага прадпрыемства і нават са здзіўленнем глядзіць на якіясьці перспектывы змяніць уклад жыцця.

Што цудоўна, наш герой ніколі не стамляўся вучыцца. З гонарам заўважае, што яго дзядуля ў школе быў выдатнікам і абажаў матэматыку. “Пэўна, ад яго і перадалася мне любоў да гэтага прадмета”, – разважае мужчына.

Дзмітрый атрымаў прафесію камерцыйнага агента ў Пастаўскім ліцэі, затым – тэхніка-эканаміста ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы, а пасля эканамічную спецыяльнасць у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

На працу ў “Віцебскторф” прыйшоў у 2006 годзе і сёлета адзначыў 20-гадовы юбілей прафесійнага шляху. Займаў пасады таваразнаўца, эканаміста і вядучага эканаміста, начальніка збыту і іншыя. На цяперашні пост назначаны летась, а ў дадзены момант сумяшчае яшчэ і пасаду майстра цэха кіпоўкі верхавога торфу і вытворчасці пажыўных грунтоў, дзе мы і засталі яго ў дзень нашага прыезду.

– Мая задача – забяспечыць бесперабойную, бяспечную, эфектыўную работу абсталявання і выпуск прадукцыі згодна з інструкцыямі, – расказаў Дзмітрый Сяргеевіч. – У асартыменце больш за 60 відаў пажыўных грунтоў, таксама арганізоўваецца вытворчасць па заяўленай рэцэптуры ад заказчыкаў. У маіх абавязках вядзенне ўліковай і іншай дакументацыі, кантроль і арганізацыя вытворчага працэсу. Як інжынер вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу цесна працую з лабараторыяй і ўдзельнічаю ў правядзенні аналізаў прадукцыі.

Дзмітрый Сяргеевіч з задавальненнем расказвае пра поспехі калектыву, падкрэслівае, што яго калегі адданыя сэрцам і душой філіялу, таму і вынікі дзейнасці высокія.

ВУ “Віцебскторф» з’яўляецца лідарам па вытворчасці і продажах тарфяных пажыўных грунтоў у Беларусі. Іх рэалізацыя за 2021–2025 гг. вырасла амаль удвая: з 11,2 тыс. т да 20,3 тыс. т. Завод – неаднаразовы лаўрэат конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь».

А ў самога Дзмітрыя Цынковіча не толькі галава залатая, але і рукі. Каля ўласнага дома пабудаваў альтанку, гараж, пасадзіў сад і апрацоўвае 30 сотак зямлі. Жонка Ірына працуе на чыгунцы, разам выхоўваюць траіх дзяцей. Валерыя ў гэтым годзе паступіла ў Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж, Раман вучыцца ў трэцім класе, пяцігадовая Паліна ходзіць у дзіцячы сад.

У “залічбаваным” быцці Дзмітрыя ўсё на сваім месцы, усё па палічках, але галоўнае, што ён з асалодай і веданнем справы кіруе матрыцай асабістага лёсу.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *