Жительница деревни Козики Раиса Кабурнеева во всем любит красоту и эстетику
Жыхарка вёскі Козікі, што ў Докшыцкім сельсавеце, Раіса Кабурнеева навакольныя лясы ведае як свае пяць пальцаў і ціхім паляваннем займаецца з вялікім задавальненнем. Заспелі жанчыну за давядзеннем да ладу адной з сёлетніх грыбных партый – маслякоў. Справа гэта няхуткая, бо, як вядома, з шапачак гэтых вельмі смачных і прыгожых у закрутках грыбоў абавязкова трэба зняць клейкую плёнку. Затое як хораша выглядаюць бялюткія марынаваныя маслякі ў пузатых слоічках з яркай накрыўкай ці перавязкай з тканіны, скажам, у чырвоную клетку ці з дробным кветкавым узорам! А ў Раісы Мікалаеўны так – яна эстэтка і любіць усё прыгожае, што пацвярджае колькасць кветак на панадворку. А яшчэ жанчына сябруе з цестам, не лянуецца выпякаць рознага роду смакату, частуе аднавяскоўцаў. Яе булачкі, сцвярджаюць козікаўцы, – гэта штосьці асаблівае: мяккія, як пух, водар – галава кругам ідзе, і з’есці іх можна, пакуль не апамятаешся, цэлы тазік.
Алена НЕСЦЯРОНАК

