Докшицкие подростки приняли участие во Всемирных Днях Молодёжи в Польше

польша2

У Бяла-Падляску нашы хлопцы і дзяўчаты
паказалі, як можна славіць Бога і песняй, і танцам.

Сусветныя Дні Моладзі – гэта міжнародныя сустрэчы маладых людзей з усяго свету, якія разам са сваімі катэхетамі, святарамі, біскупамі і Папам Рымскім збіраюцца ў адным месцы, каб вызнаваць веру ў Езуса Хрыста. Сёлета такім месцам стаў польскі горад Кракаў. 

Паклаў пачатак правядзенню СДМ св. Ян Павел II. Упершыню такія сустрэчы адбыліся ў Рыме ў 1985 годзе. З таго часу праз кожныя 2-3 гады маладыя вернікі ўсяго свету збіраюцца ў розных гарадах на розных кантынентах. Сёлета гэта маштабнае мерапрыемства праходзіла з 20 па 31 ліпеня. А ў Кракаве сабралася каля 2 млн. чалавек са 187 краін. Моладзь Докшыцкай парафіі таксама не прамінула магчымасці далучыцца да такіх важных і значных рэлігійных падзей. Група з 45 чалавек, у склад якой увайшлі хлопцы і дзяўчаты ад 14 гадоў, шчыра рыхтавалася да СДМ на працягу года. Для кожнага ўдзельніка гэта падзея стала хвалюючай і выпрабавальнай. Сімвалічна, што менавіта ў Год Божай Міласэрнасці спатканне моладзі адбылося пад дэвізам “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць”. Менавіта гэтыя словы пакладзены ў аснову гімна СДМ, які, дарэчы, быў перакладзены на беларускую мову і годна гучаў з вуснаў нашай моладзі.

Традыцыйна такія моладзевыя сустрэчы праходзяць у два этапы. Першую іх частку – “Дні ў Дыяцэзіях” – праводзяць на тэрыторыі ўсёй краіны, а наступныя дні – “Галоўныя Падзеі” – адбываюцца непасрэдна ў галоўным горадзе сустрэч. Таму напачатку докшыцкую моладзь прымалі ў Бяла-Падляску. Хлопцаў і дзяўчат шчыра прывіталі ў польскіх сем’ях, дзе з імі гасцінна падзяліліся сваімі клопатам і любоўю. Дні былі вельмі насычанымі на шматлікія мерапрыемствы як рэлігійнай тэматыкі, так і культурна-забаўляльнай. Практычна на беразе Буга ладзілася вялікая колькасць праграм, падчас якіх адбылося знаёмства з моладдзю Польшчы, Расіі, Украіны, Італіі, Францыі, Чэхіі, Славеніі, Карэі, Нігерыі і іншых краін, іх культурай. Дакшычане таксама прадэманстравалі свае разнастайныя здольнасці.

Галоўная мэта такіх дзён – верай і міласэрнасцю зблізіць прадстаўнікоў усяго свету праз пасрэдніцтва Папы Рымскага. Таму асноўныя падзеі, што прайшлі ў Кракаве на Блоні (Кракаўскія лугі) і на Кампусе Міласэрнасці, былі звязаны з сустрэчай са Святым Айцом Францішкам, асоба якога ўразіла нашу моладзь сваёй адкрытасцю, даверам і прагаю да паўсюднай міласэрнасці.

Для докшыцкай моладзі гэта велічнае свята веры паказала, што любіць Бога можна не толькі малітваю, але і праз пазнанне іншых людзей, якіх Усявышні збліжае пасрэдніцтвам музыкі і песняў, танцаў і спорту, нават звычайных сяброўскіх абдымкаў, што засталіся як добры ўспамін пра Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаве.

Ірына Несцяронак.

Заступнікі Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве – двое кракаўскіх святых, апосталы Божай Міласэрнасці: св. Фаўстына і св. Ян Павел II. Яны ніколі ў сваім жыцці не сустракаліся, але Божы провід звязаў іх лёсы ў святасці і Міласэрнасці. Іх жыццё цалкам адпавядае выразу “Езус, давяраю табе”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *