В Докшицком Доме ремёсел делают игрушки своими руками (+фото)

img_5166Докшыцкі Дом рамёстваў запрашае аматараў мастацтва на новую выставу, галоўнымі экспанатамі якой сталі лялькі. Тэкстыльныя і саламяныя, гліняныя і драўляныя – яны, як быццам, вяртаюць нас у час, калі людзі іх самі майстравалі з падручных матэрыялаў. Самай распаўсюджанай на той час была лялька “Стрыгушка”, якая выраблялася з травы: калі жанчына ішла працаваць у поле, яна брала з сабой дзіця, і каб яно не капрызіла, рабіла цацку з расліннасці.

Майстры Дома рамёстваў, вырабы якіх прадстаўлены на выставе, не выкарыстоўвалі ў рабоце траву, а вось салому – у асноўным. Прыгажунь з “беларускага золата” ў нацыянальных строях спляла майстар па саломапляценні Таццяна Марціновіч. Побач – вырабы яе вучня Руслана Мельніка. Цікавыя саламяныя кампазіцыі прадаставілі Алена Таляронак, Іна Карпека і Таццяна Гаварцова. Акрамя гэтага, Таццяна Пятроўна выканала цудоўныя работы з лазы, сярод якіх прыцягвае ўвагу конік. Любоў да гэтай грацыёзнай жывёлы ў ляльках са скуры перадала Саламея Кунцэвіч.

З ільняных нітак спляла цацкі Наталля Пятровіч. У скарбонцы майстрыхі таксама шматлікія тэкстыльныя вырабы – зайчаняты, пеўнікі, і сімпатычная лісічка для лялечнага тэатра.

Яркім акцэнтам выставы, безумоўна, з’яўляюцца шматлікія гліняныя фігуркі людзей, жывёл, птушак, а таксама свістулькі і калядныя маскі майстра-кераміста Аляксандра Вішнеўскага. Найбольшай папулярнасцю сярод юных наведвальнікаў выставы карыстаюцца рухомыя цацкі з дрэва Івана Плыгаўкі і Віктара Гарбачова.

Выстава “Лялечны вернісаж” чакае наведвальнікаў да 15 снежня. Зацікаўленыя могуць не толькі пазнаёміцца з вырабамі майстроў Дома рамёстваў, але і наведаць майстар-класы, на якіх паспрабуюць ра­біць цацкі сваімі рукамі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *