Подведены итоги работы сельхозпредприятий Докшицкого района за 10 месяцев
На чарговай калегіі, якая прайшла пад старшынствам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Сяргея Абіралы, былі падведзены вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў за 10 месяцаў бягучага года. Жывёлаводы МТФ “Бабічы” КУП “Докшыцкі” падзяліліся вопытам прафілактыкі клінічнага і субклінічнага мастытаў у кароў.
Паводле статыстычных дадзеных, колькасць БРЖ у раёне складае 29628 галоў, або 99,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Найлепш справы па ўзнаўленні статку абстаяць у ААТ “Барсучанка” (107,5 працэнта) і КУП “Докшыцкі” (106,9). Перасягнулі стопрацэнтны паказчык таксама ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ДП “АграСітцы”, ААТ “Бягомльскае”, ААТ “Замастачанскае”. Сярэднераённы паказчык знізіўся ў асноўным за кошт ДП “АграБераснёўка” (68,2 працэнта). Колькасць жа дойнага статку засталася практычна на мінулагоднім узроўні, і тут, безумоўна, ёсць над чым працаваць.
Па вытворчасці малака на мінулагодніх пазіцыях утрымліваюцца КУП “Докшыцкі”, ААТ “Замастачанскае” і ДП “АграСітцы”, рост назіраецца ў ААТ “Барсучанка” і ААТ “Бягомльскае”. Астатнія гаспадаркі, у тым ліку “гіганты” ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, мінусуюць. Па надоях і рэалізацыі малака на карову ўжо даволі працяглы час лідарам з’яўляецца ААТ “Бягомльскае” – адзіная гаспадарка, якая павысіла гэтыя паказчыкі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, на другім месцы – ААТ “Замастачанскае”, замыкае тройку КУП “Докшыцкі”. Таварнасць малака самая высокая зноў-такі ў ААТ “Бягомльскае” (91,4 працэнта), нядрэнны гэты паказчык і ў КУП “Докшыцкі” (89,5 працэнта). Самая нізкая таварнасць – у ДП “АграСітцы” (82 працэнты), падцягнуцца варта ДП “Гняздзілава-Агра” (84,0) і КУСГП імя Чэрныша (84,9).
Намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Марыя Сухарэвіч станоўча адзначыла работу трох гаспадарак: ААТ “Бягомльскае”, дзе выдатна выконваюцца тэхналогіі, нарыхтаваны якасныя кармы і граматна арганізавана работа ветэрынарнай службы, ААТ “Барсучанка”, кіраўніцтву якога рэкамендавана звярнуць увагу на сартаванне на малочнатаварным комплексе “Варганы”, і КУП “Докшыцкі”, дзе засталося вырашыць праблемы з арганізацыяй кармлення і якасцю кармоў. Выклікаюць непакой у намесніка тэмпы ідэнтыфікацыі жывёлы ў ДП “АграСітцы”, ААТ “Замастачанскае” і асабліва ў ААТ “Таргуны”, дзе колькасць пагалоўя самая вялікая сярод гаспадарак. Шмат недапрацовак выяўлена на МТК “Альхоўка” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Ёсць заўвагі па ўтрыманні цялят на ферме “Вітунічы” ДП “Гняздзілава-Агра”. На гэта ж трэба звярнуць увагу жывёлаводам ААТ “Замастачанскае”. Не арганізавана поўнасцю трохразовае даенне высокапрадукцыйных і навацельных кароў у ААТ “Таргуны”, шмат заўваг па санітарным стане малочнатаварных комплексаў, выгульванні жывёлы. Арганізаваць прагулкі неабходна і на МТФ “Кромавічы” КУСГП імя Чэрныша. Найбольш крытычных заўваг было выказана ў адрас ДП “АграСітцы”.
Аналізуючы тэмпы ачысткі насення, начальнік аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Людміла Бальчэўская станоўча адзначыла ААТ “Таргуны” і ДП “Гняздзілава-Агра”, дзе работа завершана, і ДП “АграСітцы”, у якім яна заканчваецца. Разам з тым у КУСГП імя Чэрныша да гэтай справы яшчэ не прыступілі. Людміла Аляксандраўна асабліва засяродзіла ўвагу на тым, што ўсім гаспадаркам неабходна актывізаваць звоз саломы з палёў.
Актуальным з’яўляецца і пытанне пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне і навядзенне парадку на мехдварах, пра што вёў гаворку намеснік начальніка аддзела вытворчасці сельгаспрадукцыі Андрэй Маскалёнак. Станоўчы прыклад астатнім гаспадаркам падаюць ААТ “Таргуны”, ДП “АграСітцы” і ААТ “Барсучанка”. А вось ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ДП “Гняздзілава-Агра”, ААТ “Замастачанскае” і КУП “Докшыцкі” неабходна паскоранымі тэмпамі, як кажуць, закасаўшы рукавы тэрмінова правесці ўсе работы.
Выязная частка калегіі праходзіла ў КУП “Докшыцкі”. Удзельнікі наведалі малочнатаварную ферму “Бабічы”, на якой утрымліваецца 110 дойных кароў, 70 злучных цялушак і зусім нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю новы арачнік для цялят. Асноўнай жа мэтай наведвання фермы было перайманне інавацыйнага вопыту прафілактыкі мастытаў. Аб гэтым гаварылі Марыя Сухарэвіч, ветурач Мікалай Міхалевіч, галоўны ветурач Аляксандр Каляга і загадчыца фермы Вольга Купрыенка (на здымку злева направа). Усё геніяльнае, як даўно ўжо і не намі заўважана, проста. Каб дасягнуць эфектыўнасці ў барацьбе з узнікненнем мастытаў, трэба штодзённа захоўваць тэхналогію даення. На МТФ “Бабічы” закупілі шматразовыя сурвэткі для апрацоўкі вымя перад даеннем па колькасці кароў. Пасля кожнага даення сурвэткі мыюць у пральнай машыне на рэжыме “Бавоўна”. Такім чынам хвароба не перадаецца ад адной каровы да другой. Набыты і чашы з чорным дном для здойвання першых струменяў – для вызначэння клінічнага мастыту. Яшчэ адзін важны момант. Пасля даення сфінктары саскоў у кароў пэўны час, прыкладна паўгадзіны, адкрытыя. Жывёліна за гэты час можа легчы і занесці праз вымя інфекцыю. Каб гэтага не адбывалася, пасля даення саскі абавязкова апрацоўваюць пламбіратарам для закупорвання. Дыягностыка ж на субклінічны (скрыты) мастыт праводзіцца раз у месяц – шляхам здойвання малака на спецыяльную лапатку з чатырма аддзеламі для кожнага саска асобна. “Выканаць усё гэта рэальна, а станоўчы вынік не прымусіць сябе чакаць”, – запэўніў і галоўны заатэхнік гаспадаркі Дзмітрый Панцялей.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.