В Докшицах определился лучший каменщик


Упершыню ў нашым раёне прайшоў конкурс “Лепшы па прафесіі” сярод маладых муляраў.

Ініцыяваў яго правядзенне аддзел па справах моладзі Докшыцкага райвыканкама. Практычна ўсю арганізацыйную работу добраахвотна ўсклала на сябе інжынер па тэхніцы бяспекі ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52” Алена Галоўчыц. Яна ж і была галоўным сакратаром конкурсу.

Усяго ў спаборніцтве прымалі ўдзел чатыры маладыя прафесійныя муляры з двух будаўнічых прадпрыемстваў раёна: Аляксандр Ігошын, браты Сяргей і Віталь Лобачы з ПМК-52 і Леанід Пятровіч з КРБДУП “Докшыцкі рамонтнік”. Узброіўшыся ўзроўнямерамі і кельнямі, ва ўніформе яны прыйшлі ў мінулую пятніцу на будаўнічую пляцоўку, дзе ўзводзіцца водна-аздараўленчы комплекс. Менавіта там праходзіў конкурс.

Спачатку ўдзельнікі выконвалі тэарэтычнае заданне: галоўны суддзя конкурсу Віктар Махонь, выконваючы абавязкі галоўнага інжынера ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52”, падрыхтаваў для іх экзаменацыйныя білеты з 20-ю пытаннямі па асноўных спецыяльных прафесійных прадметах. Потым была галоўная – практычная – частка. На працягу адной гадзіны муляры рабілі кладку цаглянай сцяны.
Лепшы па прафесіі вызначаўся па большай суме балаў за ўсе заданні. Ім аказаўся Аляксандр Ігошын. Другое месца заняў Сяргей Лобач, а трэцяе – Леанід Пятровіч. Усе яны атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.

– На мой погляд, конкурс прайшоў удала, цікава і прадуктыўна, – сказаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Сяргей Шчалкуноў. – Думаю, што ў яго ёсць усе шанцы на традыцыйнасць. Наступны раз пастараемся прыцягнуць больш удзельнікаў, удасканаліць умовы. Калі канкурсантаў будзе больш, то можна будзе хадайнічаць перад кіраўнікамі прадпрыемстваў аб прысваенні пераможцам вышэйшай прафесійнай кваліфікацыі. Такія конкурсы – выдатная магчымасць для таго, каб выявіць творчую моладзь, даць ёй магчымасць праявіцца, павысіць свой прафесійны ўзровень. Будзем старацца, па меры магчымасці, праводзіць іх не толькі сярод маладых людзей, якія маюць будаўнічыя спецыяльнасці, але і сярод спецыялістаў іншых вытворчых сфер дзейнасці.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: кладку выконвае Аляксандр Ігошын – лепшы малады муляр у раёне.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *