В Докшицком Доме ремёсел открылась отчётная выставка

Докшыцкі раён мае багатую культурна-гістарычную спадчыну і цікавую гісторыю, якая можа быць ушанавана і папулярызавана ў творах народных майстроў. Сам народны майстар, альбо носьбіт народнай культуры, таксама з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а вырабы яго могуць быць эксклюзіўнымі сувенірамамі.

Дзейнасць раённага Дома рамёстваў, які працуе з 1993 года, накіравана на аднаўленне традыцыйных рамёстваў, зберажэнне і развіццё народнай культуры. Тут працуюць майстры па пяці напрамках: мастацкая разьба па дрэве, саломапляценне, лазапляценне, ганчарства і кераміка, вышыўка і ткацтва. Сярод аналагічных калектываў Дамоў рамёстваў вобласці наш мае шмат асаблівасцей.

На базе ГЦК існуе клуб народных майстроў “Докша”, якім кіруе ў апошні час Раіса Шыталь. У яго склад уваходзіць 21 чалавек, сярод якіх метадысты-майстры Дома рамёстваў. Наталля Пятровіч і Таццяна Марціновіч з’яўляюцца членамі Саюза майстроў народнай творчасці і пэўны час былі яго стыпендыятамі. Мастак і ганчар Аляксандр Вішнеўскі аднавіў прыёмы ручной лепкі керамічнага посуду, старажытныя тэхналогіі абваранай і чорназадымленай керамікі. Традыцыі народнай скульптуры і драўлянай рухомай цацкі аднаўляў разьбар па дрэве Іван Плыгаўка. Творча працуе ў кірунку саломапляцення дырэктар Дома рамёстваў Іна Карпека. У кнізе “Народныя сувеніры Віцебшчыны”, якая выйшла ў свет у мінулым годзе, вялікая ўвага ўдзелена вырабам майстроў Докшыччыны. На ілюстраваных старонках выдання чорназадымленыя і глянцавыя збаны і глякі, роспісы па палатне і такарнай аснове, тканыя ручнікі, аплікацыя саломкай, сурвэтка, пашытая з ласкутоў, саламяныя лялькі, рухомая цацка і шматлікае іншае.

Праца народных майстроў з Докшыц неаднаразова адзначалася на розных  конкурсах і выставах. Напрыклад, на “Славянскім базары ў Віцебску-2011” майстар па лазапляценні Таццяна Гаварцова прыняла ўдзел у конкурсе “Лазовы прут” у намінацыі “Спалучэнне лазы з іншымі прыроднымі матэрыяламі” і заняла першае месца. Там жа дэбютавала яе вучаніца  Святлана Каросцік і таксама заняла першае месца ў конкурсе. У той жа час у пленэры “ІЗА-ТЭРА-2011” удзельнічаў майстар Аляксандр Вішнеўскі, які быў адзначаны падзякай журы.

На справаздачнай выставе, якая праходзіць у Доме рамёстваў штогод у студзені, ёсць магчымасць убачыць і пазнаёміцца з рознымі напрамкамі рамяства, у якіх укладзены цяпло рук і душы майстроў. Сёлета на выставе “Калядныя ўзоры” прадстаўлена каля сотні вырабаў. Дарэчы,  работы як ужо прызнаных майстроў Дома рамёстваў і клуба “Докша” Тамары Лазар, Валянціны Дваяжонавай, Ядвігі Маліноўскай, Людмілы Юковіч, Уладзіміра Шуткіна, Наталлі Канцавой, так і пачынаючых – Аксаны Гільніч, Марыі Качатковай, Марыны Таляронак, Наталлі Яцкоўскай.

Выстава будзе доўжыцца да канца лютага. Заходзьце. Паглядзіце. Купіце. Работы майстроў Дома рамёстваў можна набыць за пэўную суму на працягу года. Мабыць,  яшчэ лепш навучыцца зрабіць гэта сваімі рукамі. Метадысты ўстановы праводзяць майстар-класы.

НА ЗДЫМКАХ: майстры Дома рамёстваў (злева направа): Раіса Шыталь, Наталля Пятровіч, Аляксандр Вішнеўскі, Іна Карпека, Таццяна Гаварцова і Таццяна Марціновіч; экспанаты выставы.

Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *