Докшицкие медики подвели итоги года

У панядзелак з удзелам старшыні райвыканкама А. Л. Пінчука ў цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў медсавет па выніках работы за 2011 год. На пасяджэнні прысутнічалі намеснік начальніка ўпраўлення  аховы здароўя аблвыканкама С.У. Громава, спецыялісты міжраённых цэнтраў: галоўны ўрач Полацкай ЦГБ А.В. Гудкоў і намеснік галоўнага ўрача Наваполацкай ЦГБ І.А. Мужычэнка. 

Быў заслуханы справаздачны даклад галоўнага ўрача раёна С.Ф. Кубара аб выніках работы медустаноў раёна за мінулы год і задачах на бягучы. Нягледзячы на складанае эканамічна-фінансавае становішча, і  сёлета  працягнуцца работы па рэканструкцыі, рамонце і пераабсталяванні матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў. Будуць выдзелены грашовыя асігнаванні  на рамонт акушэрска-гінекалагічнага корпуса ЦРБ, капітальны рамонт Крулеўшчынскай і Бярэзінскай участковых бальніц, харчблока Бягомльскай ЦРБ, а таксама для набыцця аўтатранспарту.  Пра эпідэміялагічнае становішча ў раёне гаварыў галоўны санурач раёна А.М. Прыгажонак. Вынікі работы тэрапеўтычнай службы давяла да ведама райтэрапеўт З.П. Аксновіч, педыятрычнай – райпедыятр З.І. Салаўёва. Аб рабоце па выяўленні анкалагічных захворванняў і іх лячэнні справаздачу трымала ўрач-анколаг Г.А. Аўласевіч. Сваімі  напрацоўкамі ў рабоце на ўчастку падзялілася загадчыца Сітцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі В.С. Войніч. І дакладчыкі, і выступаючыя ў спрэчках па дакладзе гаварылі пра выкананне дэмаграфічнай праграмы.

Адзначалася, што напрыканцы 2011 года назіралася стойкая тэндэнцыя да змяншэння тэмпу росту смяротнасці насельніцтва раёна, хоць увогуле колькасць яе павялічылася да ўзроўню папярэдняга года. Не дапушчана смяротнасці сярод дзяцей і маці, зменшылася колькасць пярвічнага выхаду на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту.  Тым не менш, у галіне аховы здароўя раёна яшчэ ёсць недапрацоўкі. У сваім выступленні Алег Леанідавіч Пінчук сканцэнтраваў увагу на недапрацоўках медработнікаў у прафілактыцы захворванняў і лячэнні. Ён запатрабаваў пастаянна і падрабязна аналізаваць праводзімую работу, выяўляць прычыны і іх ліквідаваць.

Упраўленнем аховы здароўя аблвыканкама са станоўчага боку была адзначана работа Докшыцкай ЦРБ  і, тым не менш, дадзены  пэўныя рэкамендацыі для яе паляпшэння.

Прыемнай часткай медсавета стала ўзнагароджанне. Ганаровымі граматамі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама была адзначана работа ўрача-рэнтгенолага А.І. Клімава і медыцынскай сястры Крулеўшчынскай участковай бальніцы А.П. Крупскай. Па выніках работы за мінулы год граматамі ўстановы “Цэнтральная раённая бальніца” былі адзначаны ў намінацыях: лепшая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі – Параф’янаўская,  лепшы фельчарска-акушэрскі пункт – Глінскі, лепшае структурнае падраздзяленне – тэрапеўтычнае аддзяленне ЦРБ, лепшы ўрач  – фтызіятр В.У. Шэвель, лепшая медыцынская сястра – А.М. Анісовіч, лепшы малодшы медыцынскі работнік – М.Г. Тарноўская.

Людміла Захарэвіч,

намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *