В Докшицах прошёл праздник православной книги

Дзень праваслаўнай кнігі, які святкуецца 14 сакавіка, у раёне быў адзначаны цудоўным мерапрыемствам “Духоўныя кнігі – кнігі аб галоўным”. Яго падрыхтавалі работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы разам з яе дырэктарам Ірынай Карапанавай. На ім прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Аксана Гапанёнак, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах айцец Георгій Мялешка, настаяцель храма Георгія Перамоганосца ў Тумілавічах айцец Пётр Іоська, настаяцель храма Пятра і Паўла ў Гняздзілаве Алексій Кушнярэвіч,  настаяцель храма Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне Віктар Гмір.     

– Дзень праваслаўнай кнігі быў зацверджаны Свяшчэнным сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2009 годзе, – сказаў у прывітальным слове благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка. – Гэта дата выбрана невыпадкова, бо менавіта ў гэты дзень у 1564 годзе ў Маскве Іван Фёдараў выдаў першую друкаваную кнігу “Апостал”. З таго часу кніга зведала вялікія змяненні па сваім знешнім афармленні, але па-ранейшаму засталася крыніцай мудрасці і правільнага разумення жыцця. У ёй мы знаходзім усё, што неабходна ведаць пра Бога, Святых, гісторыю жыцця роду чалавечага. Яна вучыць быць культурным, адукаваным, веруючым, добрым.

У сваім выступленні наш зямляк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Фёдар Палачанін трапна назваў праваслаўе святлом сярод ночы. У ім Фёдар Антонавіч расказаў пра тое, якім святлом асабіста для яго стала праваслаўная кніга. Гэта яна засцерагла яго ад жыццёвых памылак, дала адказы на многія пытанні. Сёння пісьменнік сваімі творамі стараецца адкрыць святло праваслаўя падрастаючаму пакаленню. Да таго, што выдадзена, у хуткім часе далучыцца другое выданне кнігі “Школьнікам аб праваслаўнай веры”. У рукапісе ёсць яшчэ адна кніга “Шлях да Бога”, у якой уздымаюцца праблемы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання школьнікаў.

Пра тое, што дзецям блізка і зразумела Вера, яе хрысціянскія каштоўнасці,  сведчыў і такі факт. З вялікім захапленнем у поўнай цішы яны глядзелі на сцэну, калі там чыталі духоўныя вершы, спявалі песні. Іх аднагодкі з Сітцаўскай СШ паказалі цудоўную тэатралізаваную пастаноўку па п’есах протаіерэя Канстанціна Астроўскага, якую паставіла настаўніца Наталля Каляга.

Закончылася свята праглядам кінастужкі “Чым людзі жывы”, у якой з дапамогай мастацтва кіно гаварылася пра сэнс жыцця і смерць, віну і пакаянні, дабрыню і Бога.  Няма сумнення, што ўсё ўбачанае і пачутае на мерапрыемстве стала для прысутных тым сродкам, які лечыць душу, вучыць разуменню божых асноў стварэння свету. Занатавана ўся гэта інфармацыя ў праваслаўнай кнізе, выстава якой чакала сваіх чытачоў тут жа ў фае кінаканцэртнай залы. Побач сабрала прыхільнікаў выстава вышываных ікон, на якой былі прадстаўлены работы Алены Сарокінай і Аксаны Бабака.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: дырэктар ЦБС І.В. Карапанава і госці свята; выступае драмгурток Сітцаўскай СШ.

Фота аўтара.

Один комментарий для “В Докшицах прошёл праздник православной книги

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *