Беражыце месцы вечнага спакою

Нашы нябожчыкі ляжаць у зямлі і мы верым, што яны не памерлі, не сталі небыццём, а пайшлі ў жыццё вечнае. Яны ляжаць у зямлі, таму што ўзятае з зямлі (у час стварэння чалавека Богам), у зямлю ж і вяртаецца. Памятаючы пра гэта, веруючыя на працягу ўсёй гісторыі існавання хрысціянства свята і беражліва адносяцца да месцаў вечнага спакою сваіх продкаў. І мы не павінны быць выключэннем.

У пераважнай большасці кожны з нас прыбірае магілы, дзе пахаваныя блізкія людзі, садзіць ля іх кветкі. Але не ў кожнага нябожчыка ёсць такія родныя, не ўсе ведаюць, дзе яны – магілы нашых продкаў. Таму такой важнай з’яўляецца справа агульнага добраўпарадкавання могілак, калі пахаванні не дзеляцца на “нашы” і “чужыя”. Прыбіраючы магілку, дзе пахаваны невядомы чалавек, мы тым самым выконваем вялікую хрысціянскую справу. У нейкай ступені, рыхтуем сабе месца вечнага спакою, бо ўсе нашы справы нам жа і будуць аддадзены. Нездарма многія святары ўзялі пад сваё кіраўніцтва добраўпарадкаванне могілак. Асаблівая актыўнасць назіраецца з боку каталіцкіх свяшчэннікаў. Мы ўжо пісалі пра святую справу, якую распачаў са сваімі вернікамі на мясцовых могілках ксёндз касцёла Святой Марыі ў  Параф’янаве Раман Мурзіч. Мінулай восенню закіпела работа на каталіцкіх могілках у Докшыцах.  Кіраўніцтва  ўзяў на сябе пробашч парафіі Святой Тройцы Марэк Пасют.

Першае, што пачалі рабіць добраахвотнікі з ліку прыхаджан за сабраныя на дабрачынных пачатках грошы, – гэта вызваляць тэрыторыю могілак ад старых, трухлявых дрэў. Вялікая справа знайшла працяг сёлета. Дзякуючы ёй, на могілках стала светла, нават утульна, калі так можна выказацца пра гэта месца. Вывазіць спілаваныя дрэвы вернікам дапамагалі рабочыя РУП ЖКГ. Некалькі дзён добраахвотнікі прыбіралі пахаванні польскіх салдат, якія загінулі ў наваколлі Докшыц у 1920 годзе. Вайна далёкая і для ўсіх беларусаў, незалежна ад веравызнання, непатрэбная. Бальшавікі бачылі Заходнюю Беларусь адзіным цэлым з Усходняй, а значыць, з Савецкай Расіяй. Палякі даўно прызвычаіліся да таго, што Усходнія Крэсы (так называлі яны тэрыторыю Беларусі) – гэта частка Польшчы «ад мора і да мора». Быццам ніколі і не было ў нас сваёй дзяржаўнасці і не існавала ВКЛ, якое пад прымусам, баючыся быць заваяваным магутнай суседняй Расіяй, добраахвотна аб’ядналася з Польшчай у Рэч Паспалітую. Але гэта палітыка, а мы ўсе – беларусы, рускія, палякі, – у першую чаргу, хрысціяне, якія маюць поўнае права ад сваіх братоў па веры на павагу і ласку.

Таму, шчыра кажучы, было прыемна глядзець, з якой любоўю прыбіралі мужчыны і жанчына розных узростаў воінскія пахаванні. Айцец Марэк паведаміў, што ён з Божай дапамогай плануе крыху пераробіць пахаванне, зрабіць агульны помнік з надпісам, бо якімі б моцнымі не былі каменныя крыжы, яны разбурацца з часам. Польскія воінскія пахаванні ёсць таксама на могілках у Валкалаце. Там заўсёды чысціня і парадак, дзякуючы вучням і настаўнікам Валкалацкай СШ, якія іх даглядаюць.

У планах айца Марэка зрабіць на могілках новую браму і пабудаваць невялікую каплічку для адпявання нябожчыкаў. Аб’ём работы вельмі вялікі, але з Божай дапамогай павінна ўсё атрымацца. Айцец Марэк у гэтым упэўнены, а яго моцная вера надае сілы ўсім, хто прымае ўдзел у святой справе па аднаўленні могілак.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: планы і задумы ў айца Марэка Пасюта вялікія.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *